“Бурштынавая сава” прыляцела ў Мінск

- 11:38Адукацыйная прастора, Рознае

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 55 Мінска Вераніка Мікалаеўна Юхноўская заваявала гран-пры ІІ Міжнароднага фестывалю-семінара педагагічнага майстэрства “Бурштынавая сава”, які прайшоў нядаўна ў Калінінградзе, і стала ўладальніцай галоўных прызоў — бурштынавай савы і бурштынавай чарапахі. Дарэчы, бурштынавую чарапаху Вераніка Мікалаеўна атрымала за інтэрнэт-рэсурс — сайт свайго класа.

Паехаць на фестываль у Калінінград В.М.Юхноўскай прапанавала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Васільеўна Прохарава. “Я думала, што мы ед зем туды павучыцца, і з радасцю пагадзілася, але потым аказалася, што ў межах фестывалю будзе праходзіць конкурс педагагічнага майстэрства, а таму давялося і падрыхтавацца”, — адзначае настаўніца.
Фестываль “Бурштынавая сава” быў арганізаваны адміністрацыяй гарадской акругі “Горад Калінінград”, камітэтам па сацыяльнай палітыцы пры падтрымцы Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта эканомікі, статыстыкі і інфарматыкі. Мэта фестывалю — стварэнне міжнароднага асяроддзя для творчых зносін і павышэння кваліфікацыі педагогаў з розных краін.

Правядзенне фестывалю ўжо стала добрай традыцыяй, і яго межы з кожным годам пашыраюцца: калі ўдзельнікамі першага фестывалю былі прадстаўнікі краін — памежных партнёраў — Літвы і Польшчы, то сёлета ў ім прынялі ўдзел яшчэ і Арменія, Казахстан, Латвія, Беларусь, госці з Разані, Яраслаўля.
Акрамя В.М.Юхноўскай, у склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі дырэктар Мінскага філіяла МЭСІ Сяргей Мікалаевіч Мальчанка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 55 Мінска Вольга Васільеўна Прохарава.
“Любая галіна развіваецца дзякуючы новым ідэям, нефармальным падыходам, навуковым адкрыццям. Безумоўна, складана прыдумаць штосьці новае і цікавае. Павінна быць падрыхтавана дабрадзейная глеба, сфарміравана пляцоўка, на якой людзі змогуць сябе праявіць у дыскусіі, абмене інфармацыяй, прыдумаць тое, чаго не было раней. Для гэтага і ствараюцца такія фестывалі. Упэўнена, фестываль зробіць свой уклад у развіццё сістэмы адукацыі, удасканаленне педагагічнага майстэрства, умацаванне міжрэгіянальнага і міжнароднага супрацоўніцтва”, — адзначыла намеснік кіраўніка адміністрацыі Калінінграда, старшыня камітэта па сацыяльнай палітыцы Ганна Апалонава.
Фестываль праводзіўся ў два этапы. На першым адбыўся прагляд інтэрнэт-рэсурсаў канкурсантаў. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі 7 краін — 30 педагогаў. Высока ацэнены быў сайт класа, які прадставіла В.М.Юхноўская. Як заўважыла настаўніца, гэты сайт не рыхтаваўся спецыяльна да конкурсу, а запрацаваў з пачатку навучальнага года, калі ўзнікла неабходнасць інфармавання бацькоў першакласнікаў аб школьным жыцці іх дзяцей, патрэба ў хуткай зваротнай сувязі з імі. Сайт запаўняецца настаўніцай практычна кожны дзень. Асноўныя яго раздзелы — “Навіны”, “Памяткі”, “Урокі” (размяшчаюцца распрацоўкі ўрокаў, метадычныя матэрыялы), “Пасля ўрокаў” (адлюстроўваецца жыццё класа пасля заняткаў і г.д.). Да кожнага матэрыялу, запісу бацькі могуць пакінуць свой каментарый.

Па выніках першага этапу фестывалю было вызначана 8 фіналістаў, якія прадставілі свае педагагічныя эцюды на другім этапе (дарэчы, два з іх былі прадэманстраваны ў анлайн-рэжыме). У ролі школьнікаў выступалі настаўнікі пачатковых класаў і намеснікі дырэктараў. На працягу 30 хвілін у нетрадыцыйнай форме педагогам трэба было прадставіць сваю краіну, горад, школу, клас, сваю педагагічную дзейнасць.
У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі ад кожнай з краін — удзельніц фестывалю, адміністрацыі гарадской акругі “Горад Калінінград”, МЭСІ. Яны ацэньвалі педагагічную ідэю, ступень яе раскрыцця, наяўнасць інавацыйных вучэбна-метадычных матэрыялаў, культуру і арыгінальнасць, мэтазгоднасць і эфектыўнасць выкарыстання інструментаў інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій.
“Я была ўпэўнена ў патэнцыяле свайго настаўніка, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце В.В.Прохарава. — Вераніка Мікалаеўна па натуры барэц. І хаця яна вельмі хвалявалася, бо па жэрабю ёй давялося выступаць першай, аднак прадставіла сваю работу душэўна, ярка, пераканаўча і не пакінула шансаў сваім калегам. Праз усё выступленне В.М.Юхноўскай з прэзентацыяй і відэафільмам праходзіла думка — “любіць — значыць адчуваць”. Спадабалася прысутным і практычная частка вопыту. Шасці настаўнікам з залы настаўніца прапанавала праверыць, як яны навучыліся разумець дзяцей, бацькоў без слоў: ім прапаноўвалася ўтварыць пары, даваліся адны на дваіх папера і маркер і трэба было намаляваць дом, трымаючы маркер дваім адначасова і пры гэтым не размаўляючы”.
Выступленне В.М.Юхноўскай на тэму “Асаблівасці работы па адукацыйнай мадэлі “Крок за крокам” было высока ацэнена членамі журы і ўдзельнікамі фестывалю. Вераніка Мікалаеўна працуе ў школе 25 гадоў. Па перакананні настаўніцы, дзеці ў школе не толькі вучацца чытаць, пісаць, яны не рыхтуюцца да жыцця — яны ўжо жывуць, твораць, вынаходзяць, наладжваюць узаемаадносіны, плачуць і смяюцца… І так маленькімі крокамі рухаюцца да вялікага поспеху.

Настаўніцы і яе выхаванцам камфортна працаваць па тых напрамках, якія прапаноўвае адукацыйная мадэль “Крок за крокам”. Па-першае, кожны вучэбны дзень пачынаецца з ранішняй сустрэчы на дыванку, падчас якой дзеці дзеляцца навінамі, сваімі радасцямі і няўдачамі, дзе абмяркоўваецца, што адбываецца ў класе, вырашаюцца праблемы класа ў цэлым і кожнага дзіцяці паасобку. Па-другое, шмат увагі ўдзяляецца рабоце з бацькамі. Бацькі — паўнапраўныя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу: яны прысутнічаюць на ўроках, рыхтуюць і праводзяць пазакласныя мерапрыемствы і г.д. Немагчыма развіваць здольнасці дзяцей, не даючы ім магчымасці для раскрыцця. А таму ў класе арганізаваны цэнтры дзейнасці, у якіх дзеці працуюць не толькі на ўроках, але і на перапынках. Навучэнцы могуць выбраць, чым ім заняцца. Акрамя таго, адукацыйная мадэль дае магчымасць арганізоўваць праектную дзейнасць дзяцей. Як і ў пачатку кожнага праекта дзеці спачатку задаюць пытанні, што яны хочуць даведацца, а потым знаходзяць адказы на іх з дапамогай настаўніка, бацькоў і, безумоўна, самастойна. На кожным этапе настаўніца стварае сітуацыю поспеху. Гэта так важна, калі маленькія адкрыцці здзяйсняюць настаўнік і вучань!
“Паездка пакінула шмат незабыўных уражанняў, — гаворыць Вераніка Мікалаеўна. — Яна дала вельмі добры штуршок на будучыню. Мы пазнаёміліся з вопытам работы калег, набраліся пазітыву. Спачатку была арганізавана цудоўная культурная праграма: наведванне пасёлка Янтарны, дзе на камбінаце мы спрабавалі выкапаць бурштын, музея бурштыну, знаёмства з цэнтрам робататэхнікі, экскурсіі. У гэтай нязмушанай абстаноўцы мы пазнаёміліся з іншымі ўдзельнікамі фестывалю.
Што тычыцца непасрэдна семінара, то асабліва ўразіла методыка навучання замежнай мове бізнесмена з Лос-Анджэлеса Уладзіміра Салаўёва, які на сваіх занятках забараняе навучэнцам карыстацца ручкамі, алоўкамі, а навучанне пабудавана выключна на ўзаемадзеянні. Зацікавіў і своеасаблівы падыход да выдзялення грантаў мясцовым навучальным установам, калі распрацоўваецца некалькі дзясяткаў крытэрыяў і тая ўстанова, работа якой адпавядае ўсім гэтым крытэрыям, і атрымлівае грант на далейшае развіццё.

Перамога ў конкурсе стала нечаканай і вельмі прыемнай. Ужо ў перапынках паміж выступленнямі да мяне падыходзілі калегі і гаварылі, што сваім прадстаўленнем вопыту я задала вельмі высокую планку. Вынікам паездкі стала і міжнародная дамоўленасць аб супрацоўніцтве паміж сярэдняй школай № 55 Мінска і пачатковай школай — дзіцячым садам № 72 Калінінграда. І зараз бацькі маіх першакласнікаў падумваюць аб арганізацыі экскурсіі ў Калінінград”.

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.