Бяспечнае асяроддзе

- 10:12Выхаванне, Выхаваўчая работа

Напярэдадні новага навучальнага года актуальным застаецца пытанне стварэння і захавання бяспечных умоў знаходжання дзяцей у школе. 

Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі “Правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў па гарантаванні бяспекі дзяцей у пачатку новага навучальнага года” нагадала намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена Галаўнёва. 

 Захаванне бяспечных умоў знаходжання дзяцей у школе — гэта настолькі ж важна, як і стварэнне спрыяльных умоў для адаптацыі дзіцяці, яго выхавання.

“Міністэрства адукацыі ва ўзаемадзеянні з іншымі органамі дзяржаўнага кіравання комплексна вырашае пытанні стварэння бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі, — патлумачыла Алена Галаўнёва. — Стварэнне бяспечнага асяроддзя — гэта не толькі тэхнічны складнік.  Я ўжо нагадала, што менавіта бацькам належыць ключавая роля ў фізічным, інтэлектуальным развіцці асобы дзіцяці, фарміраванні маральных якасцей і навучанні яго самазахавальным паводзінам. Напярэдадні новага навучальнага года бацькі не павінны забываць, выбі­раючы школьную форму і рукзак, пра важнасць флікераў і святлоадбівальных элементаў, — яны павінны абавязкова быць на вопратцы школьніка”. 

Каб не дапусціць траўміравання і гібелі навучэнцаў падчас адукацыйнага працэсу, у кожнай установе адукацыі распрацоўваюцца лакальныя нарматыўныя прававыя акты, у тым ліку інструкцыя аб прапускным рэжыме. Таксама для навучэнцаў дзейнічаюць правілы ўнутранага распарадку. А персанальная адказ­насць за стварэнне бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў у школе ўскладаецца на кіраўніка ўстановы  адукацыі. 

“Таксама прапісаны правілы бяспекі па кожным узроўні адукацыі, — прарацягнула размову кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Аляксеева. — Па ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі вызначаны правілы паводзін навучэнцаў у прадметных кабінетах, такіх як кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі, інфарматыкі, дапрызыўнай падрыхтоўкі, тэхнічнай і абслуговай працы. 

Ва ўстановах адукацыі праводзяцца комплексныя работы па рамонце канструкцый будынкаў і збудаванняў, правяраюцца электраўстаноўкі, сістэмы ацяплення, водазабеспячэння, вентыляцыі, тэхналагічнага абсталявання. Забяспечваецца свое­часовае атрыманне пашпартоў гатоўнасці ўстановамі адукацыі да пачатку навучальнага года і планамерна вядзецца павышэнне кваліфікацыі работнікаў па пытаннях бяспекі. У плане пажарнай бяспекі мадэрнізуюцца і ўводзяцца ў эксплуатацыю сістэмы аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і апавяшчэння аб пажары, ажыццяўляюцца рамонт і замена пажарных шафаў, закупка або перазарадка вогнетушыцеляў, супрацьпажарных палотнішчаў, сродкаў індывідуальнай абароны. Безумоўна, вядзецца перапрацоўка планаў эвакуацыі ўдзельнікаў адукацыйнага пра­цэсу, праводзяцца інструктажы аб мерах пажарнай бяспекі з работнікамі, а дзецям нагадваюць аб правілах бяспечных паводзін. 

Сумесна з Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыяй право­дзяцца заняткі з навучэнцамі па правілах дарожнага руху, а на інфармацыйных стэндах размя­шчаюцца схемы бяспечнага руху навучэнцаў да месцаў вучобы і пражывання. Аўтатранспарт устаноў адукацыі перад выхадам на лінію праходзіць перадрэйсавы тэхнічны агляд, а ва­дзіцелі праходзяць медыцынскае перадрэйсавае абследаванне і інструктаж аб бяспечнай перавозцы пасажыраў. Таксама арганізуецца навучанне работнікаў па правілах аховы працы, дарожнага руху, выкарыстання святлоадбівальных элементаў, пытаннях здаровага ладу жыцця і інш.  

Увогуле, работа па стварэнні бяспечных умоў функцыянавання ўстановы адукацыі знаходзіцца на пастаянным кантролі. Таму мы лічым, што гэта наша агульная задача — сумеснымі намаганнямі стварыць умовы бяспечнага знаходжання навучэнцаў у школе падчас адукацыйнага працэсу”.

Наталля САХНО.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.