Бяжым разам

- 10:32Спартыўныя падзеі

951-ю гадавіну Мінск адзначыў у цудоўным спартыўным настроі. У суботу каля сталічнага Палаца спорту прайшло маштабнае фізкультурна-спартыўнае свята (асабліва відовішчнымі сталі спаборніцтвы па лыжаролерах і ролікавых каньках). А 9 верасня больш за 35 тысяч мінчан і гасцей сталіцы (жыхары 198 населеных пунктаў Беларусі і 53 краін свету) прынялі ўдзел у забегах Мінскага паўмарафону на дыстанцыях 21,097, 10,55 і 5,5 км. У выдатным настроі на старты выйшлі і прадстаўнікі сістэмы адукацыі: супрацоўнікі профільнага міністэрства, студэнты і выкладчыкі, настаўнікі і вучні.

У гэтыя выхадныя ўсе мы сталі адной вялікай спартыўнай сям’ёй.

Сцягі з эмблемамі Міністэрства адукацыі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, іншых устаноў вышэйшай адукацыі, асобных факультэтаў заўважна вылучаліся сярод вялікага шматузроставага і шматнацыянальнага мора гледачоў і ўдзельнікаў Мінскага паўмарафону.

Кожны трэці, а можа, нават кожны другі бягун (асабліва ў самым масавым забегу на дыстанцыі 5,5 км) быў прадстаўніком айчыннай сістэмы адукацыі. Вялікую колькасць заявак на ўдзел у паўмарафоне падаў БДПУ імя Максіма Танка. Будучыя педагогі выйшлі на старт пад дэвізамі “Праз спорт — да здароўя!”, “Да новых перамог разам!”, “Будучыя педагогі — за здаровы лад жыцця!”. Дарэчы, у 2015 і 2016 гадах БДПУ атрымліваў узнагароды ў намінацыі “Самы масавы забег”, а ў мінулым годзе стаў уладальнікам сертыфіката Міністэрства адукацыі за актыўны ўдзел у паўмарафоне.

“Больш за 1700 студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў універсітэта прыйшлі на паўмарафон, многія разам з сем’ямі. Тут рэктарат, дэканы, загадчыкі кафедр. Для нас гэта сапраўднае свята спорту і здароўя. Наш лозунг “БДПУ — адна вялікая дружная сям’я” мы рэалізоўваем і ў вучобе, і ў навуцы, і ў іншых справах, і, канечне, у спорце. Мы чацвёрты год удзельнічаем у паўмарафоне і заўсёды паказваем выдатныя вынікі. Сёння бяжым за чацвёртым медалём. Кожны год колькасць удзельнікаў Мінскага паўмарафону ад БДПУ павялічваецца. У першым паўмарафоне выступала 1000 чалавек, у другім — 1200, у мінулым годзе — 1500, у гэтым — больш за 1700”, — паведаміў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук.

Кожны Мінскі паўмарафон — гэта новыя рэкорды, прычым не толькі на бегавых дарожках, у якія на некалькі гадзін ператвараюцца сталічныя праспекты і вуліцы. У 2015 годзе, калі Мінскі паўмарафон праводзіўся ўпершыню, у ім прынялі ўдзел 16 тысяч бегуноў з 36 краін. На наступны год беларуская сталіца прымала амаль 20 тысяч спартсменаў-прафесіяналаў і аматараў з 42 краін. У мінулым годзе на старт выйшлі 30 тысяч удзельнікаў з 50 краін. Сёлета — 35 тысяч з 53 краін.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Лозунг спаборніцтваў “Бегчы, каб перамагаць” найбольш поўна рэалізаваў прадстаўнік Эфіопіі Абебе Негева Дэгефа, які стаў пераможцам на дыстанцыі 21,097 км з вынікам 1:02:37, на адну секунду апярэдзіўшы мінулагодняга пераможцу кенійца Хілары Кіптум Маё Кімаё. Сярод жанчын на гэтай дыстанцыі перамогу святкавала кенійская спартсменка Шэйла Яроціч з вынікам 1:12:02, што на 1 секунду лепш, чым у беларускі Святланы Кудзеліч. Затое ў забегах на дыстанцыях 10,55 і 5,5 км увесь п’едэстал быў заняты беларускімі спартсменамі.

Як напамін пра ўдзел у спаборніцтвах кожны з 35 тысяч бегуноў атрымаў памятны медаль. У наступным годзе на старты Мінскага паўмарафону, згодна з ужо добрай традыцыяй, павінна выйсці яшчэ большая колькасць удзельнікаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.