Бязвізавае знаходжанне стала магчымым да 30 дзён

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

Тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян у Беларусі павялічаны да 30 сутак пры ўмове іх уезду ў краіну і выезду праз дзяржаўную граніцу ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Адпаведны ўказ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 ліпеня, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

У дакуменце актуалізаваны пералік дзяржаў, грамадзяне якіх маюць права скарыстацца рэжымам бязвізавага ўезду і выезду: з яго выключаны краіны, з якімі Беларусь заключыла двухбаковыя пагадненні аб узаемнай адмене віз.

Для бязвізавага ўезду ў Беларусь замежным грамадзянам неабходна мець пры сабе дзеючы пашпарт або дакумент, які яго замяняе, прызначаны для выезду за мяжу, грошы (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш як 2 базавым велічыням, альбо 50 базавым велічыням, калі знаходжанне складзе поўныя 30 дзён), дзеючы ў Беларусі медыцынскі страхавы поліс на суму не менш як 10 тысяч.

У адносінах да грамадзян Кітая такі парадак бязвізавага ўезду ў Беларусь будзе прымяняцца да 10 жніўня 2018 года — да ўступлення ў сілу двухбаковага пагаднення аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў.

Парадак бязвізавага перамяшчэння праз аэрапорт не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расіі, а таксама плануюць вылецець у расійскія аэрапорты, паколькі гэтыя рэйсы з’яўляюцца ўнутранымі і пагранічны кантроль на іх не ажыццяўляецца.

Бязвізавы рэжым таксама не распаўсюджваецца на замежных грамадзян, якія накіроўваюцца ў Беларусь для працаўладкавання, вядзення камерцыйнай дзейнасці і навучання, працягласць якога перасягае 30 сутак.

Тэрмін бязвізавага знаходжання вылічаецца ў цэлых каляндарных сутках. Першым суткам адпавядае дата прыбыцця, апошнім — дата выбыцця (незалежна ад часу прыбыцця або выбыцця). Пры гэтым тэрмін бязвізавага знаходжання не можа быць прадоўжаны звыш устаноўленых 30 сутак.

Прыняцце ўказа прызначана садзейнічаць далейшаму развіццю беларускай турыстычнай галіны, забяспечыць даступнасць санаторнага і медыцынскага турызму ў Беларусі, стаць адным з немалаважных фактараў садзейнічання развіццю эканомікі краіны, уключанасці Беларусі ў светагаспадарчыя сувязі, узмацніць яе пазіцыю як зручнай пляцоўкі для арганізацыі міжнародных форумаў, канферэнцый, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў.

Дакумент уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.