Быць фінансава дасведчаным, каб засцерагчы сябе

- 14:44Сацыяльны ракурс

Сёння вельмі важна быць фінансава дасведчаным і падкаваным у пытаннях эканомікі. А навучанне школьнікаў граматнаму распараджэнню ўласнымі грашовымі сродкамі з’яўляецца яшчэ адной важнай задачай, якая стаіць перад школьнай сістэмай адукацыі.

Планам сумесных дзеянняў органаў дзяржаўнага кіравання і ўдзельнікаў фінансавага рынку па павышэнні фінансавай дасведчанасці насельніцтва Беларусі на 2013—2018 гады прадугледжана навучанне школьнікаў фінансавай дасведчанасці. Што змянілася за чатыры гады ў гэтым кірунку? Якія метады з’яўляюцца найбольш дзейснымі ў працэсе навучання фінансавай дасведчанасці? Пра гэта нам расказала начальнік аддзела фінансавай дасведчанасці насельніцтва Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Юлія Вячаславаўна САКОВІЧ.

— Юлія Вячаславаўна, ці можам мы сёння гава­рыць пра недастатковы ўзровень фінансавай дасведчанасці насельніцтва? Што з’яўляецца пацвярджэннем гэтага фактару?

— Сацыялагічныя даследаванні па ацэнцы фінансавай дасведчанасці, якія праводзяцца па ініцыятыве Нацыянальнага банка, сведчаць аб пашырэнні сферы выкарыстання банкаўскіх і фінансавых паслуг насельніцтвам Беларусі. Напрыклад, інтэрнэт-банкінгам у цяперашні час карыстаецца больш за 37% беларусаў, якія маюць рахунак у банку, і гэта ў 3,5 разу больш, чым у 2012 годзе. Усё больш папулярным становіцца спажывецкае крэдытаванне. Такім чынам, узровень фінансавай дасведчанасці расце разам з развіццём банкаўскіх прадуктаў і тэхналогій, павышэннем іх даступнасці. З іншага боку, даныя сацыялагічных даследаванняў сведчаць, што навыкі граматнага кіравання асабістымі фінансамі ўсё яшчэ маюць патрэбу ў актыўнай папулярызацыі. У прыватнасці, большасць беларусаў па-ранейшаму не вядуць улік сваіх даходаў і расходаў і прытрымліваюцца стратэгіі “рэшткавага зберажэння” (адкладваюць тыя грашовыя сродкі, якія застаюцца пасля здзяйснення ўсіх неабходных расходаў на штодзённыя патрэбы), слаба інфармаваныя пра механізмы абароны сваіх правоў у фінансавай сферы. Тыповы карыстальнік фінансавых паслуг выкарыстоўвае толькі некалькі асноўных фінансавых паслуг — аплата камунальных плацяжоў, абмен валют, плацяжы праз адпаведныя тэрміналы. Аналізуючы тэлефонныя звароты ў Кантакт-цэнтр Нацыянальнага банка, можна сказаць, што прабелы ў фінансавых ведах ёсць. Напрыклад, многія не да канца разумеюць функцыі Крэдытнага рэгістра Нацыянальнага банка, думаюць, што менавіта Нацыянальны банк выступае ў ролі арбітра і прымае рашэнне, каму выдаць крэдыт, а каму ў ім адмовіць. Актуальнай застаецца наступная праблема: фізічныя асобы, якія ўзялі крэдыты, з-за сваёй недастатковай фінансавай дасведчанасці аказваюцца не ў стане пагашаць крэдыт. Падчас больш дэталёвага ўдакладнення абставін аказваецца, што людзі прымаюць рашэнне аб атрыманні крэдыту спантанна, інфармацыю пра крэдыт атрымліваюць толькі на месцы пакупкі тавару, не параўноўваючы пры гэтым умовы па крэдытах у розных фінансавых установах, не аналізуючы, якімі будуць наступствы прыняцця дадатковых даўгавых абавязкаў для сямейнага бюджэту. А ёсць і такія грамадзяне, якія лічаць, што незварот банкаўскага крэдыту не з’яўляецца чымсьці страшным. Некаторыя, падпісваючы дагавор паручыцельства, не аддаюць сабе справаздачы ў тым, што яны тым самым прымаюць на сябе фінансавыя абавязкі і будуць адказваць перад банкам сваімі грашовымі сродкамі або маёмасцю ў выпадку невыканання крэдытаатрымальнікам сваіх абавязкаў. Таму мы будзем працягваць планамерную працу ў гэтым напрамку. Прыярытэтнай для нас застаецца далейшая работа па фарміраванні сістэмы ведаў і навыкаў кіравання ўласнымі фінансамі, рацыянальных і адказных фінансавых паводзін. Асаблівая роля ўскладзена і на сістэму адукацыі — фінансавае навучанне неабходна пачынаць са школы. Менавіта па гэтай прычыне неабходна ствараць адпаведныя вучэбныя праграмы для школьнікаў, праводзіць розныя конкурсы, тэматычныя тыдні, акцыі па пытаннях, звязаных з фінансамі.

— Закранаючы тэму крэдытаў, што рабіць, калі ў крэдытаатрымальніка з’яў­ляюцца цяжкасці з выплатай доўгу? Як знайсці ўзаемаразуменне з банкам? Якія дзеянні будуць правільнымі і як пазбегнуць судовых разбораў?

— Падчас падпісання крэдытнага дагавора чалавек бярэ на сябе абавязкі рэгулярна, у прызначаны тэрмін, выплачваць крэдытору пэўную суму грошай. І для таго, каб не сутыкнуцца са складанасцямі і праблемамі, звязанымі з выплатай крэдыту, важна з самага пачатку вельмі старанна ацаніць свае магчымасці, жыццёвыя абставіны, правільна кіраваць сваімі даходамі і расходамі, добра абдумаць рашэнне аб неабходнасці набыцця таго ці іншага тавару ў крэдыт. Аднак жыццё — рэч непрадказальная, і калі ўсё-такі жыццёвыя цяжкасці (хвароба, страта працы, рэзкае зніжэнне заработнай платы) вас напаткалі і больш няма магчымасці плаціць па крэдыце, то першае, што трэба зрабіць, — пісьмова паведаміць пра гэта ў банк, прыкласці да ліста дакументальнае пацвярджэнне складаных жыццёвых абставін (ксеракопію старонкі працоўнай кніжкі з запісам аб звальненні, даведку з біржы працы аб страце працы, даведку аб стане здароўя і г.д.). Такія дзеянні будуць расцэньвацца банкам як пацвярджэнне таго, што вы не з’яўляецеся злосным неплацельшчыкам ці машэннікам. Нельга хавацца, не браць трубку тэлефона і нічога не рабіць для вырашэння праблемы, таму што ад штрафаў гэта не ўратуе, яны бу­дуць нарастаць, павялічваючы суму доўгу, і па іх усё роўна прыйдзецца расплачвацца. Калі раней вы добрасумленна плацілі па крэдыце, а прычына пагаршэння фінансавага стану ўважлівая, то, хутчэй за ўсё, банк пойдзе вам насустрач і, магчыма, прапануе рэструктурызацыю крэдыту (адтэрміноўку выплаты асноўнага доўгу, павелічэнне тэрміну крэдыту) для зніжэння крэдытнай нагрузкі ў бягучы момант. Вядома ж, банкі самастойна прымаюць рашэнне, ісці на ўступкі ці не.

— Юлія Вячаславаўна, што з’яўляецца перашкодай у рабоце павышэння фінансавай дасведчанасці насельніцтва? Як грамадзяніну самастойна навучыцца неабходным ведам асабістага фінансавага планавання і кіравання персанальнымі фінансамі?

— Перш за ўсё хацелася б, каб грамадзяне самі ўсведамлялі важнасць атрымання фінансавых ведаў, больш старанна ўдаваліся ў падрабязнасці прапанаваных фінансавых паслуг. Часта фінансавыя рашэнні людзі прымаюць па парадзе знаёмых, не выкарыстоўваюць спецыяльную літаратуру, інтэрнэт-парталы, сайты фінансавых устаноў для атрымання дакладнай інфармацыі, што значна зніжае ўзровень іх дасведчанасці. Сёння ў інтэрнэце ёсць многа праграм для вядзення, уліку і планавання сямейнага (асабістага) бюджэту, якія з’яўляюцца добрымі памочнікамі для эфектыўнага кіравання асабістымі фінансамі.

— Кажуць, што грошы лю­бяць разумных людзей. Ці праўда, што ўзровень і якас ць жыцця фінансава адукаваных лю­дзей з’яўляюцца больш высокімі?

— Безумоўна, узровень і якас ць жыцця фінансава адукаваных людзей больш высокая. Для таго, каб наглядна ўявіць выгады і перавагі фінансава адукаванага чалавека, давайце паглядзім, якія характарыстыкі міжнародныя эксперты прыпісваюць фінансава адукаванаму чалавеку. Перш за ўсё, ён вядзе ўлік уласных даходаў і расходаў, беражэ свабодныя грашовыя сродкі, мае “падушку бяспекі” на выпадак непрадбачаных абставін, нясе рызыку пры інвеставанні сваіх зберажэнняў, адэкватна ацэньвае фінансавую інфармацыю, ведае свае правы як спажыўца фінансавых паслуг. Фінансава дасведчаныя людзі ўмеюць кіраваць грашыма, яны могуць мець большы даход, атрымліваючы больш высокія працэнты па зберажэннях і выплачваючы меншыя працэнты па крэдытах і пазыках, абараняць сябе ад фінансавых рызык (напрыклад, з дапамогай страхавання), выходзіць на пенсію з прымальным фінансавым забеспячэннем. Відавочна, усё гэта ўплывае на павышэнне ўзроўню іх жыцця. Быць фінансава дасведчаным выгадна!

— У 2014 годзе быў створаны партал фінансавай дасведчанасці для павышэння ўзроўню эканамічных ведаў насельніцтва. Наколькі запатрабаваным з’яўляецца партал і чаму ён вучыць?

— Адзіны інтэрнэт-партал фінансавай дасведчанасці www. fingramota.by быў створаны ў 2014 годзе. Удзельнікамі праекта сталі члены Плана сумесных дзеянняў дзяржаўных органаў і ўдзельнікаў фінансавага рынку па павышэнні фінансавай дасведчанасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Менавіта з імі адбываецца пастаянны абмен інфармацыйнымі і метадычнымі матэрыяламі па фінансавай дасведчанасці для кантэнту інтэрнэт-партала. Інфармацыйныя і метадычныя матэрыялы, размешчаныя на партале, выкладзены ў простай лаканічнай форме, даступнай звычайнаму карыстальніку. На сайце можна знайсці розную інфармацыю ў сферы фінансавых паслуг, як, напрыклад, падабраць крэдыт, як палічыць працэнты па дэпазіце. На партале можна пачытаць пра гісторыю стварэння грошай, вывучыць віды страхавання і прыклады страхавых выплат, разгледзець аспекты падатковага заканадаўства і г.д. Акрамя гэтага, на інтэрнэт-партале размяшчаюцца кнігі, артыкулы і брашуры па фінансавай дасведчанасці і эфектыўным кіраванні асабістымі фінансамі, прадстаўлены вынікі сацыялагічных апытанняў і даследаванняў па ацэнцы ступені доступу да фінансаў у Беларусі, а таксама асвятляюцца навіны ў сферы фінансавай дасведчанасці.

— Як ацэньваецца ўзровень фінансавай дасведчанасці маладых людзей? Што ў нашай краіне робіцца для павышэння ўзроўню фінансавых і эканамічных ведаў дзяцей і падлеткаў?

— Фінансаваму навучанню дзяцей і моладзі, у тым ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і якія ўяўляюць сабой адну з найменш сацыяльна абароненых мэтавых груп, удзя­ляецца значная ўвага. У рамках супрацоўніцтва з Міжнароднай арганізацыяй фінансаў дзяцей і моладзі Нацыянальны банк ініцыіраваў правядзенне ў краіне Тыдня фінансавай дасведчанасці. Такое мерапрыемства ў нас арганізоўваецца адзін раз на год у сакавіку. Моладзь фінансавай дасведчанасці навучаецца дзякуючы правядзенню розных адукацыйных мерапрыемстваў у галіне фінансаў. У лістападзе мінулага года Нацыянальны банк быў удастоены спецыяльнай прэміі Міжнароднай арганізацыі фінансаў дзяцей і моладзі за арганізацыю і правядзенне гэтай ініцыятывы ў Рэспубліцы Беларусь. Сёння Нацыянальным банкам сумесна з Міністэрствам адукацыі вядзецца праца па ўкараненні фінансавай дасведчанасці ў агульнаадукацыйны вучэбны працэс. Міжнародны вопыт паказвае важнасць фінансавага навучання ў школьным узросце. Школьнікі, якія ў хуткім часе стануць актыўнымі карыстальнікамі фінансавых паслуг, маюць патрэбу ў атрыманні базавых ведаў у фінансавай сферы перад уступленнем у дарослае жыццё.

— На пачатку красавіка плацежная сістэма БелКарт, Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі прэзентавалі кнігу “Фінансавая азбука: Казка аб згубленай банкаўскай картцы і блізнятах Глебушку і Палінцы”. На каго разлічана гэтае выданне? Якая інфармацыя лягла ў яе аснову?

— Гэта новая маляўнічая кніга па фінансавай дасведчанасці прызначана для школьнікаў малодшых класаў. У ёй у займальнай форме расказваецца пра незвычайныя прыгоды блізнят — брата і сястры. Па сюжэце — гэта казачны дэтэктыў, у якім ёсць адмоўны герой, выкрадальнік банкаўскіх плацежных картак Дзяніс. А дзеці вядуць расследаванне пад кіраўніцтвам сваёй вельмі разумнай бабулі. Дапамагаюць ім у гэтай справе іх чатырохногія сябры — кот Аверс і сабака Рэверс. Кніга вучыць дзяцей правілам бяспечнага карыстання банкаўскімі плацежнымі карткамі і разглядае многія іншыя важныя фінансавыя паняцці на даступнай для дзяцей мове. Я лічу, што такая літаратура вельмі каштоўная, яна дае дзецям магчымасць ужо з маленькага ўзрос­ту разбірацца і разумець некаторыя рэчы дарослага жыцця і такім чынам падрыхтавацца да гэтага самага дарослага жыцця. Кніга была выдадзена плацежнай сістэмай БелКарт пры кансультатыўнай падтрымцы Нацыянальнага банка. Міністэрства адукацыі падтрымала гэты праект.

Гутарыла Наталля САХНО.