Быць настаўнікам — значыць займацца любімай справай

- 10:53Людзі адукацыі

У настаўніцкую прафесію Васіля Мікалаевіча Каляду прывяла дзіцячая мара, сфарміраваная прыкладам школьных педагогаў. З вялікай павагай удзячны вучань згадвае першую настаўніцу Ганну Фёдараўну Шчурко з беларускамоўнага Сялецкага ясляў-сада — сярэдняй школы Бярозаўскага раёна, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Ніну Іванаўну Футаранскую і настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства Святлану Якімаўну Фамюк з сярэдняй школы № 3 Бярозы. Дзякуючы прафесіяналізму гэтых педагогаў, прызнаецца В.М.Каляда, любоў да роднай мовы і гісторыі ператварылася ў прафесійную неабходнасць.

— Цікавасць да настаўніцкай прафесіі і беларускай мовы ўзнікла яшчэ ў пачатковых класах, — гаворыць Васіль Мікалаевіч. — У старшых класах да ліку любімых прадметаў далучылася і гісторыя. Гэта прывяло на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, які дапамог атрымаць спецыяльнасць не толькі настаўніка беларускай мовы і літаратуры, але і гісторыі і грамадазнаўства, а з цягам часу і магістра філалагічных навук.

Пасля заканчэння ўніверсітэта малады педагог быў размеркаваны ў Клейнікаўскую сярэднюю школу Брэсцкага раёна, дзе працуе настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ўжо тры гады. Сёння В.М.Каляда з’яўляецца яшчэ і класным кіраўніком 10 класа.

— Кожны дзень, праведзены ў школе, пераконвае ў правільным прафесійным выбары, — адзначае Васіль Мікалаевіч. — Педагогіка — маё прызванне. Быць настаўнікам для мяне — значыць займацца любімай справай. Больш за ўсё падабаецца вучыць дзяцей чамусьці новаму і адначасова вучыцца самому, у тым ліку ў іх, каб ісці ў нагу з часам і быць цікавым сучасным школьнікам як чалавек і як настаўнік. Галоўнымі якасцямі добрага педагога лічу справядлівасць, спагадлівасць, шчырасць і пачуццё гумару.

— Васіль Мікалаевіч валодае глыбокімі і рознабаковымі ведамі па прадметах, якія выкладае, выдатна арыентуецца ў метадычнай і навукова-папулярнай літаратуры і, нягледзячы на невялікі педагагічны стаж, цалкам адпавядае настаўніку высокага прафесійнага ўзроўню, — расказвае дырэктар Клейнікаўскай сярэдняй школы Уладзімір Мікалаевіч Цярліцкі. — Вельмі радуе, што малады настаўнік ставіцца да працы з вялікім захапленнем, адчувае патрэбу ў педагагічнай дзейнасці, знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых педагагічных ідэй і вырашэнняў розных педагагічных задач. Сярод прафесійных інтарэсаў Васіля Мікалаевіча — традыцыйныя і інавацыйныя метады выкладання гісторыі, развіццё і ўдасканаленне камунікацыйных навыкаў у вучняў ІІ і ІІІ ступеней навучання на ўроках гісторыі і грамадазнаўства як сродку паспяховай сацыялізацыі асобы. Настаўнік працуе ў гэтым напрамку даволі паспяхова: уважліва вывучае традыцыйную методыку выкладання прадмета, знаёміцца з інавацыйнымі тэхналогіямі, ахвотна наведвае ўрокі калег, актыўна ўдзельнічае ў рабоце школьнага і раённага метадычных аб’яднанняў, праводзіць адкрытыя ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы.

— На этапе вывучэння новага матэрыялу выкарыстоўваю слоўныя метады, якія рэалізоўваюцца праз розныя прыёмы: аповед, гутарку і лекцыю з элементамі гутаркі, — гаворыць В.М.Каляда. — Значным у развіцці вобразных уяўленняў вучняў з’яўляецца выкарыстанне розных відаў нагляднасці. Так, пры тлумачэнні новага матэрыялу звяртаюся да ілюстрацый, рэпрадукцый карцін і насценных карт. На этапе вывучэння і замацавання новага матэрыялу даволі часта прымяняю практычныя метады, якія рэалізоўваю праз такія прыёмы, як работа з падручнікам, аналіз гістарычных дакументаў, тэрміналагічная размінка, самастойная работа вучняў па варыянтах, бліцапытанне, складанне гістарычных партрэтаў і інш. Для праверкі ўзроўню агульнавучэбных уменняў і навыкаў дзяцей арганізоўваю работу з картай, падручнікам і гістарычнымі крыніцамі. Пры тлумачэнні і вывучэнні новага матэрыялу выкарыстоўваю шмат схем на дошцы і ў друкаваным выглядзе. Вельмі часта на розных этапах урока прапаноўваю вучням групавую работу. Не абыходжу ўвагай тэсціраванне і кантрольна-вымяральныя матэрыялы, у тым ліку ўласныя.

З мэтай павышэння якасці адукацыі В.М.Каляда імкнецца выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці дыферэнцыраваны падыход у навучанні гісторыі і грамадазнаўству, а таксама разнастайвае выкладанне гісторыі новымі метадамі і прыёмамі, напрыклад, ролевымі гульнямі. Настаўнік уважліва адсочвае новыя метадычныя распрацоўкі, арыентаваныя на эфектыўнае вывучэнне гісторыі ў школе.

— Звяртаюся да розных форм і метадаў навучання з улікам узроставых і індывідуальных асаблівасцей дзяцей, — заўважае Васіль Мікалаевіч. — Дыферэнцырую аб’ём і складанасць заданняў, дапамагаю слабапаспяховым вучням, трымаю ў полі зроку дзяцей з розным узроўнем ведаў, уменняў і навыкаў, фармірую ў школьнікаў навыкі разумнай арганізацыі працы, самастойнай работы з рознымі крыніцамі ведаў і рацыянальнага размеркавання часу на занятках. Вялікую ўвагу ўдзяляю фарміраванню і развіццю цікавасці вучняў да гісторыі. Для гэтага прыводжу новую інфармацыю, параўноўваю паняцці, паказваю практычную значнасць прадмета, яго займальнасць, сувязь з іншымі дысцыплінамі, у тым ліку праз актыўнае выкарыстанне электронных сродкаў навучання.

В.М.Каляда займаецца пазакласнай работай, рыхтуе вучняў да прадметных алімпіяд, праводзіць факультатыўныя заняткі. Як класны кіраўнік вялікую ўвагу ўдзяляе ўзаемадзеянню з бацькамі дзяцей.

Выхаванцы педагога — актыўныя ўдзельнікі і прызёры раённых канферэнцый, творчых конкурсаў, краязнаўчых і прадметных алімпіяд, а таксама алімпіяд па прававых ведах. У рамках метадычнага тыдня В.М.Каляда дзяліўся з калегамі вопытам па выкарыстанні інавацыйных тэхналогій на ўроках гісторыі, правёў майстар-клас “Актыўныя метады і прыёмы ў кантэксце медыяадукацыі”.

— Гэта надзвычай дасведчаны, адказны, добрасумленны і выхаваны малады педагог, які карыстаецца заслужанай павагай у калег, вучняў і іх бацькоў. Спадзяюся, ён звяжа з настаўніцкай прафесіяй усё жыццё. Такой моладзі вельмі не хапае сучаснай школе, — падагульняе У.М.Цярліцкі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.