Быць выхаваным і шчаслівым у сваёй дзяржаве

- 10:51Рэспубліканскі педагагічны савет

Актуальныя аспекты сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы ў сучасных умовах абмяркоўвалі на аднайменнай секцыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, упраўленняў і аддзелаў адукацыі, якія курыруюць выхаваўчую работу, дырэктары і педагогі устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, класныя кіраўнікі.

Больш за 100 чалавек разглядала шырокае кола пытанняў, якія тычацца ўдасканалення зместу і арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы ва ўстановах адукацыі, азнаёміліся з эфектыўным вопытам работы на прыкладзе асобных устаноў адукацыі. Як адзначыў начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Мацюшонак, напярэдадні навучальнага года ўстановам адукацыі, органам кіравання адукацыяй неабходна прааналізаваць вынікі выканання мерапрыемстваў Праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2016 — 2020 гады, вызначыць канкрэтныя кірункі і актуальныя аспекты выхаваўчай работы на новы навучальны год.

— Адным з прыярытэтных кірункаў з’яўляецца фарміраванне інфармацыйнай культуры ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Неабходна ўдасканальваць работу па зместавым напаўненні афіцыйных сайтаў устаноў адукацыі, больш дэталёва вывучаць інтарэсы і запыты навучэнцаў і бацькоў, вучыць дзяцей і падлеткаў бяспечным паводзінам у інтэрнэце, вучыцца супрацьстаяць негатыўным з’явам віртуальнага свету. Неабходна ўдасканальваць работу па фарміраванні здаровага ладу жыцця і бяспечных паводзін навучэнцаў, — паведаміў Аляксандр Мікалаевіч.

Актуальным застаецца правядзенне сістэмных, доўгатэрміновых грамадзянска-патрыятычных, гісторыка-краязнаўчых акцый з навучэнцамі, накіраваных на выхаванне патрыёта, грамадзяніна сваёй краіны. У 2018 годзе будзе адзначацца 100-годдзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У рамках юбілейнай даты рэкамендавана правядзенне дэкад, панарам ваенна-патрыятычнай работы. Трэба ўлічваць работу і па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў, фарміраванні норм паводзін, ветлівасці, тактычнасці, чалавечай годнасці, павагі да старэйшых. Гэтаму павінны садзейнічаць у тым ліку мерапрыемствы, прысвечаныя 500-годдзю пачатку выдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны. Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць правядзенню прафарыентацыйных мерапрыемстваў.

Багаты вопыт у гэтай справе назапашаны ў сярэдняй школе № 1 Жабінкі. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяны Віктараўны Казей, прафарыентацыйная работа — важная частка выхаваўчага працэсу, паколькі прафесійнае самавызначэнне — гэта не толькі выбар канкрэтнай прафесіі, але часта і выбар усяго жыцця. “Аналіз прафарыентацыйнай работы, якая склалася ў нашай школе, выявіў шэраг праблем: адсутнасць у навучэнцаў першапачатковага вопыту ў прафесійнай дзейнасці ў розных сферах сацыяльнай практыкі, недастатковая кампетэнтнасць педагагічных работнікаў у плане рэкамендацый вучням адносна выбару прафесіі. Нельга забываць і тое, што ў сучасных школьнікаў успрыманне рэальнасці ў многім фарміруецца пад уплывам інтэрнэту, тэлебачання, сацыяльнага акружэння, сям’і і іншых фактараў. Гэта далёка не поўны пералік знойдзеных педагогамі праблем, але дастатковы для таго, каб перагледзець падыход да арганізацыі прафарыентацыйнай работы”, — адзначыла Таццяна Віктараўна.

З улікам спецыфікі Жабінкаўскага раёна (ён з’яўляецца самым маленькім у Беларусі, у ім няма ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі) і ўзнікла ідэя правядзення прафесійных субот, распрацаваны модуль “Прафесійную будучыню ствараем сёння”. У рамках модуля 50% аб’яднанняў па інтарэсах рознай накіраванасці працуюць у суботу, наладжана цеснае супрацоўніцтва з установамі дадатковай адукацыі, культуры, спорту і турызму, падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве з Маларыцкім прафесійна-тэхнічным ліцэем сельскагаспадарчай вытворчасці. Плённая работа жабінкаўскіх педагогаў не застаецца незаўважанай. У мінулым навучальным годзе на базе школы быў праведзены абласны семінар-нарада “Узаемадзеянне ўстаноў агульнасярэдняй і прафесійнай адукацыі па ўдасканаленні арганізацыі шостага школьнага дня” і рэспубліканскі семінар-практыкум “Эфектыўныя падыходы ў арганізацыі прафесійных субот”.

Сённяшняму дзелавому і прафесійнаму свету патрэбны мабільныя людзі, здольныя паспяхова і эфектыўна рэалізоўваць сябе ў зменлівых сацыяльна-эканамічных умовах. Менавіта такіх людзей фарміруе Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Як адзначыў дырэктар установы Сяргей Міхайлавіч Сачко, шматграннаму развіццю асобы, раскрыццю яе здольнасцей, ранняй прафарыентацыі садзейнічае дадатковая адукацыя. Як правіла, у дзяцей, якія прайшлі праз сістэму дадатковай адукацыі, больш магчымасцей зрабіць беспамылковы прафесійны выбар. Механізм рэалізацыі ранняй прафарыентацыі прадугледжвае цэлы комплекс мерапрыемстваў з навучэнцамі, бацькамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі, установамі прафесійнай адукацыі. У межах краіны цэнтрам рэалізоўваецца праграма ранняй прафарыентацыі, ствараюцца ўмовы для засваення навучэнцамі асноў прафесійных кампетэнцый у рамках руху JuniorSkills, які з’яўляецца часткай руху WorldSkills. Мэта JuniorSkills — стварэнне новых магчымасцей для прафарыентацыі, асваенне школьнікамі сучасных прафесійных кампетэнцый на аснове інструментаў руху WorldSkills.

Таццяна Міхайлаўна АКСАМІТ, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама: “Ад Рэспубліканскага педагагічнага савета мы з калегамі чакаем выпрацоўкі новых падыходаў да выхаваўчай работы ў сувязі з сучаснымі выклікамі і рэаліямі. Сёння перад намі стаяць сур’ёзныя задачы фарміравання годнага грамадзяніна нашага грамадства, які будзе шчаслівы менавіта ў нашай дзяржаве і знойдзе прымяненне сваім творчым і іншым здольнасцям. Гэтыя здольнасці мы павінны дапамагчы яму рэалізаваць і развіць”.

— Наперадзе вялікая работа па пераводзе дадатковай адукацыі тэхнічнага профілю на сучасныя рэйкі з улікам інавацыйнага развіцця краіны і разам з тым прафарыентацыйнай работы. Абапіраючыся на назапашаны вопыт і традыцыі, рэсурсны патэнцыял устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі тэхнічнага профілю, мы зможам вырашыць самыя складаныя і сур’ёзныя задачы, — адзначыў Сяргей Міхайлавіч.

Алена Уладзіміраўна Ануфровіч, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства: “Падчас савета для нас важна “зверыць гадзіннікі”, прааналізаваць развіццё сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, вызначыць прыярытэты, стратэгію, абмяняцца меркаваннямі, падвесці вынікі мінулага навучальнага года. Нам важна, каб уся педагагічная грамадскасць зразумела значнасць экалагічнай адукацыі, турызму, краязнаўства і ўсёй дадатковай адукацыі ў цэлым”.

Вялікая роля ў вырашэнні падобных задач у дачыненні да ўсёй сістэмы адукацыі належыць класнаму кіраўніку, педагогу ў цэлым. Па словах настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Рагачова Алесі Міхайлаўны Новікавай, у выхаваўчай сістэме сучаснай школы менавіта прафесійная кампетэнтнасць, каштоўнасныя арыентацыі, педагагічны аўтарытэт класнага кіраўніка з’яўляюцца асноўнымі элементамі. Сучасная сацыяльна-педагагічная сітуацыя прад’яўляе высокія патрабаванні да асобы класнага кіраўніка, які павінен убачыць у кожным дзіцяці асобу, разгледзець яго здольнасці і таленты, каб пражыць са сваімі вучнямі добрае, пазнавальнае і памятнае школьнае жыццё.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА.