Бюджэт павінен быць вельмі прагматычным

- 11:23Інфармацыйная гадзіна

Закон аб бюджэце на 2016 год павінен быць вельмі прагматычным. Аб гэтым заявіў 2 кастрычніка старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка на адкрыцці чарговай сесіі парламента.

“Дэпутаты прадаўжаюць цесна працаваць з урадам над праектам рэспубліканскага бюджэту на наступны год. Захоўваючы яго сацыяльную накіраванасць, забяспечваючы падтрымку прадпрыемстваў, неабходна сканцэнтравацца на стратэгічных напрамках. Вынікам абмеркавання павінен стаць вельмі праграматычны фінансавы дакумент, заснаваны на рэалістычных ацэнках і прагнозах”, — сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Кожны ўкладзены ў эканоміку бюджэтны рубель павінен даваць аддачу. “Пры ўсёй важнасці валавых паказчыкаў у пытаннях планавання на першае месца трэба ставіць прыбытак і рэнтабельнасць”, — упэўнены Уладзімір Андрэйчанка. На яго думку, індыкатыўнае планаванне прызначана дапамагчы прадпрыемствам і рэгіёнам больш актыўна выкарыстоўваць свае канкурэнтныя перавагі, а таксама рэалізоўваць экспартны патэнцыял. Ад гэтага непасрэдна залежыць узровень даходаў насельніцтва і якасць сацыяльных паслуг.
Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што збалансаванае развіццё эканомікі — гэта ключавая задача. “Адаптацыя да няпростай знешняй абстаноўкі патрабуе новых кіраўніцкіх рашэнняў. Гэта тычыцца ў першую чаргу бюджэтнай і падатковай палітыкі, сістэмы планавання, развіцця дзелавой ініцыятывы, супрацоўніцтва дзяржавы і бізнесу”, — сказаў ён.
Выступаючы на адкрыцці чарговай сесіі парламента, Уладзімір Андрэйчанка таксама адзначыў, што беларускі бок адкрыты да стасункаў і разлічвае на аб’ектыўную ацэнку выбараў, якія маю ць адбыцца.
“Мы адкрыты да стасункаў і разлічваем на аб’ектыўную ацэнку выбараў, што ў перспектыве дасць магчымасць пашырыць спектр пытанняў, якія абмяркоўваюцца”, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.
“Нам удалося актывізаваць кантакты з прадстаўнікамі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, якія прымуць удзел у назіранні за ходам прэзідэнцкіх выбараў”, — адзначыў спікер. Старшыня Палаты прадстаўнікоў канстатаваў у сувязі з гэтым, што адбыліся прыкметныя зрухі ў наладжванні канструктыўнага дыялогу з еўрапейскімі партнёрамі.
“Наша запрашэнне прынялі і наглядальнікі ад парламенцкіх структур АБСЕ, СНД, Саюзнай дзяржавы”, — дадаў ён.
Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што гэтая сесія адкрываецца ў атмасферы павышанай палітычнай актыўнасці. Гэтая актыўнасць якраз звязана з выбарамі Прэзідэнта Беларусі.
“Цяпер вельмі важна захаваць адзінства народа і ўлады, гатоўнасць разам працаваць на агульную карысць. Толькі забяспечыўшы мір і стабільнасць, мы зможам зберагчы дасягнутае і стварыць умовы для ўпэўненага руху краіны па шляху прагрэсу”, — сказаў спікер.