Традыцыйна ў Гарадзечненскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе апошні дзень першай чвэрці праходзіць пад дэвізам “Бывай, восень”. Усе вучні з нецярпеннем чакаюць гэтае свята, бо ў яго праграме самыя смачныя і творчыя конкурсы.
Усё пачалося з лінейкі, якая ўрачыста прайшла ў фае ўстановы. Там жа размяшчалася выстава падзелак з гародніны. Далей адбылася гульня па станцыях “Восеньскі калейдаскоп”, якая ўключыла ў сябе шэсць станцый: “Смакоцце”, “Паэтычная”, “Фантастычная”, “Кірмаш ідэй”, “Восеньская мініяцюра, “Мазаіка восені”. У ёй прынялі ўдзел вучні 2- 10 класаў. А адзінаццацікласнікі былі задзейнічаны ў арганізацыі дзейнасці станцый. Для першакласнікаў гэтая падзея стала сапраўдным святам, бо яны выконвалі ролю галоўных суддзяў.
Далей адбыўся конкурс творчых ідэй “Лепшае пудзіла”. Гэта самы цікавы конкурс, у якім так і віравала крэатыўнасць нашых вучняў. Напрыклад, у вучняў 5 класа атрымалася сапраўднае пудзіла з чорнага адзення і гарбузом на галаве, якое атрымала тытул “Самае сапраўднае пудзіла”. А самым крэатыўным стала вынаходніцтва вучняў 8 класа. Абарона касцюма была самай запамінальнай у вучняў 4 класа.
Па выніках конкурсаў першае месца было прысуджана вучням 2 класа. Вучні рабілі не толькі рэкламу творчай ідэі, але і выступалі на імправізаванай сцэне.
Восеньскі стол аказаўся шчодрым на выдумку і склад прадуктаў. Тут было ўсё, што душы заўгодна.
Завяршэннем усяму гэтаму стала “Дрэва пажаданняў”. Кожны вучань меў магчымасць прычапіць лісток да дрэва з пажаданнямі добрых і вясёлых канікулаў сваім сябрам і аднакласнікам. Таксама дзеці падрыхтавалі малюнкі і вырабы, прысвечаныя восеньскай пары.
Алёна ГАЎРЫЛЬЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гарадзечненскага ВПК
дзіцячы сад – сярэдняя школа Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.