Чаму дзеці вучылі Чабурашку, які прыехаў да іх у госці ў летні лагер

- 12:12Лето-2023, Образование

На 18 дзён Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Высокага, што на Камянеччыне, стаў для 50 выхаванцаў сапраўдным домам, у якім яны днявалі і начавалі з педагогамі, якія выконвалі ролі часовых мам і татаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”. 

Гэтым летам у цэнтры працаваў кругласутачны аздараўленчы лагер “Апельсін”. “Лета на асфальце — сумна!” — скажуць адны. “Лета на асфальце — клопатна!” — ска­жуць другія. А вось высокаўскія педагогі катэгарычна не пагодзяцца з гэтым, бо ўмеюць арганізаваць адпачынак не горшы, чым на прыродзе. Наведвальнікі летніка — яго шматгадовыя “жыхары” — пацвердзяць гэта. Зарабіць такую рэпутацыю ў дзяцей цяжка, але рэальна, калі падыхо­дзіць да справы творча і з душой.

— Летні адпачынак павінен быць актыўным, цікавым і пазнавальным, — лічыць дырэктар лагера Наталля Сафроненка, якая ні хвіліны не сядзіць на месцы.

Такі рытм работы педагогу даспадобы, бо адпавядае яе характару. Разам з выхаванцамі і калегамі яна робіць адкрыцці, адпраўляецца па прыгоды, з азартам працуе, сустракаецца з цікавымі людзьмі.

— Летнік — выдатнае месца не толькі для аздараўлення, развіцця мастацкай, тэхнічнай і сацыяльнай творчасці падлеткаў, рэалізацыі іх талентаў, але і для вывучэння гісторыі і культурнай спадчыны малой радзімы.

Менавіта гэтым абумоўлены выбар грамадзянска-патрыятычнага кірунку сёлетняй лагернай змены. Але гэта зусім не азначае, што пакінуты без увагі іншыя: фізкультурна-аздараўленчы, экалагічны, працоўны і мастацка-эстэтычны кірункі. Усе разам яны ўдала дапаўняюць адзін аднаго, — гаворыць Наталля Сафроненка.

Перад пачаткам змены педагогі правялі традыцыйнае анкетаванне сярод выхаванцаў, каб даведацца, што іх цікавіць і чым яны хацелі б займацца. З улікам гэтага і была пабудавана гульнявая праграма, якая ўключала шматлікія спартландыі, эстафеты, спаборніцтвы, конкурсы, экскурсіі на мясцовыя прадпрыемствы, пагранзаставу, чыгуначную станцыю, у храм, гарадскі парк і бальніцу, тэматычныя відэапрэзентацыі, хвілінкі здароўя, майстар-класы, калектыўныя творчыя справы, кіна- і відэапрагляды, віктарыны… Акрамя таго, ладзіліся сустрэчы з рамеснікамі, супрацоўнікамі розных службаў. Вельмі цікавым атрымаўся фотакасплэй на карціны беларускіх мастакоў.

Але галоўная фішка змены ў іншым. У госці да выхаванцаў прыехаў усім вядомы Чабурашка, якога вырашылі азнаёміць з гісторыяй, культурай і творчымі асобамі малой радзімы. А каб ён надоўга запомніў сваё гасцяванне ў Высокім, дзеці падарылі яму на развітанне традыцыйную беларускую вышыванку. Для гэтага ўсім давялося дружна папрацаваць: сабраць 16 кавалкаў, з якіх яна складалася.

— На працягу змены выхаванцы атрымлівалі за добрыя справы кветкі, якія затым мянялі на кусцікі, а іх — на маткі нітак. За тры маткі можна было набыць адзін кавалак вышыванкі. Дзеці стараліся як маглі. Спаборніцтва захапіла ўсіх! — расказвае Наталля Сафроненка.

Пераканацца ў тым, што “апельсінавы” адпачынак удаўся, можна на спецыяльнай расцяжцы, размешчанай на лесвічным пралёце цэнтра, якая ў малюнках расказвае пра незабыўныя ўражанні выхаванцаў ад лагерных мерапрыемстваў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА