Чароўны штуршок

- 12:05Адукацыйная прастора

Матывацыя — гэта тая чароўная сіла, якая падтрымлівае ў добрым стане нашы справы, нашы адносіны і наша здароўе, забяспечваючы пры гэтым асобасны рост. Матывацыя — гэта “ежа” для розуму, сэрца і душы. Без яе мы будзем непазбежна адчуваць сябе застылымі робатамі, міма якіх праходзіць яркая жыццё. Але мы ж не хочам быць такімі робатамі?! Асабіста я не хачу быць спецыялістам учарашняга дня, без жадання выконваць свае прафесійныя абавязкі, не мець мэт і вынікаў у сваёй дзейнасці.

Мне б хацелася пагаварыць пра тое, як матываваць вучня на атрыманне ведаў, зрабіць яго саюзнікам у адукацыйным працэсе, нават больш — стаць з ім па адзіны бок барыкад супраць ненавучанасці і ляноты.

Для гэтага настаўніку спачатку неабходна самому паве­рыць у правільнасць гэтага падыходу, матываваць сябе і стаць для вучня чалавекам, які будзе дапамагаць яму думаць эфектыўна, забяспечыць уцягнутасць, прастымулюе пошук ком­плексных рашэнняў і выпрацоўку ўстойлівых узаемных пагадненняў. Матываваны настаўнік створыць матываваных вучняў. І толькі так, ніяк інакш.

А цяпер пяройдзем да самага цікавага: як забяспечыць матывацыю, якая прыводзіць да цікавасці ў працэсе навучання. Тут няма лёгкага шляху, але метады існуюць.

Задача настаўніка — арганізаваць клас на прадукцыйную працу. А галоўныя ворагі цікавасці ў навучанні — гэта калі настаўнік не верыць у сябе і вучня, калі абыякавы да яго. Што матывуе мяне як настаўніка? Што падахвочвае да дзеяння? Які штуршок патрэбны мне? Гэта, бясспрэчна, мэта і вынік.

Мэты: матываваныя вучні, якія ведаюць чаго хочуць і для чаго ім патрэбны атрыманыя на ўроку веды. Значыць, калі я ўмею ставіць мэты перад сабой і бачыць вынікі сваёй дзейнасці, я павінна навучыць гэтаму сваіх вучняў. Я і мае вучні павінны бачыць перспектывы далёкай будучыні, але паколькі да яе ісці вельмі складана і доўга, то можна разгубіць па дарозе матывацыю і жаданне. Мы разбіваем гэтую мэту на маленькія, кароткія па тэрмінах.

Самая маленькая — гэта мэта ўрока, якая вядзе ў далейшым да больш вялікай (алімпіяда, конкурсы), далей — экзамены або прафесія і г.д. Смела скажу, што менавіта мэты навучання з’яўляюцца самай важнай метадычнай катэгорыяй. Адказваючы на пытанне “Навошта вучыць?”, вучні вызначаюць увесь наступны выбар. Калі я пачую: “Я паспрабую… Я магу гэта зрабіць! Я гэта зраблю! Гэта ж так проста!” — значыць, у мяне ўсё атрымалася і я іду па правільным шляху.

Тэма ўрока: Länder, Leute, Sprachen (5 клас).

Вучням прапануецца запоўніць табліцу і адказаць на пытанні:

  1. Füllt die Tabelleein!
Länder

 

Leute

 

Sprachen

 

  1. Beantwortet die Fragen!

Welche Sprache spricht in Österreich?

Wo spricht man Spanisch?

  1. Erzählt über Belarus und deutschsprachige Länder! (Праект.)

Паколькі гэтыя заданні выклікаюць у вучняў некаторыя цяжкасці, то фармулюем мэты сумесна:

  1. Мяркуецца, што да заканчэння ўрока мы будзем ведаць мовы і жыхароў краін на нямецкай мове.
  2. Плануецца, што да заканчэння ўрока мы запоўнім табліцу і адкажам на пытанні.
  3. Усё зробленае намі будзе спрыяць таму, каб даведацца больш пра нямецкамоўныя краіны.
  4. Дома мы, калі ёсць жаданне, падрыхтуем праекты. Для адных вучняў дадатковай матывацыяй стане паведамленне аб тым, што па дадзенай тэме праз некалькі ўрокаў будзе тэлемост з вучнямі адной са школ нямецкамоўнай краіны.

Такім чынам, мэта выконвае функцыю напрамку дзейнасці. Ахарактарызаваць мэту — значыць адказаць на пытанні “Што іменна павінна быць дасягнута ў выніку?” “На што варта накіраваць актыўнасць?” А калі бачым, што трэба зрабіць і вынік нашай дзейнасці, то жаданне працаваць і вучыцца толькі ўзмацняецца.

Алена ВОЛКАВА,
настаўніца нямецкай мовы
Саўскога дзіцячага сада — сярэдняй школы Горацкага раёна.