Чароўны свет пяску

- 11:10Выхаванне

Пескатэрапія на сённяшні момант ужо не з’яўляецца новым напрамкам работы з дзецьмі, аднак па-ранейшаму не перастае здзіўляць сваімі магчымасцямі, якія дазваляюць вырашыць унутрыасобасныя канфлікты і псіхалагічныя праблемы дзіцяці.

Работа з пяском заўсёды вызначаецца даступнасцю і натуральнасцю. У тых выпадках, калі дзіця словамі не можа выказаць свае перажыванні, праблемы, страхі і трывогу, на дапамогу прыходзіць цікавы, чароўны свет пяску. У гэтым свеце, прайграючы розныя жыццёвыя сітуацыі з дапамогай мініяцюрных цацак, дзіця можа пабудаваць сваю ўласную карціну свету. Гэта дазваляе яму па-іншаму глянуць і ацаніць сітуацыю, а таксама вызваліцца ад набытага напружання. Але самае галоўнае — ён набывае каштоўны вопыт сімвалічнага вырашэння мноства жыццёвых сітуацый, бо ў сапраўднай казцы ўсё заканчваецца добра. Яшчэ адна вельмі важная псіхатэрапеўтычная ўласцівасць пяску — магчымасць змяніць сюжэт і падзеі, а заадно і сюжэт сваёй сітуацыі. Паколькі гульня адбываецца ў кантэксце казачнага свету, дзіцяці даецца магчымасць змяніць дыскамфортную для яго сітуацыю. Яно вучыцца самастойна пераадольваць цяжкасці.

У маёй рабоце пескатэрапія заняла цэнтральнае месца сярод усіх астатніх метадаў і прыёмаў работы з дзецьмі. Выконваючы дыягнастычную, а таксама карэкцыйную функцыю, гэтая форма работы дазваляе не толькі даволі дакладна вызначыць крыніцу праблемы дзіцяці, але і хутка намеціць шлях выхаду з праблемнай сітуацыі.

Работа з пяском, як і самі пясочніцы, маюць разнастайныя віды і формы. Класічная Юнгініянская пясочніца прадстаўлена драўлянай скрыняй 50х80 см, унутраная частка якой афарбавана блакітным колерам. Побач з пясочніцай размяшчаецца паліца, на якой ставяцца цацкі, што адлюстроўваюць усе бакі жыцця. Гэты від пясочніцы я выкарыстоўваю для індывідуальнай работы з дзецьмі з мэтай дыягностыкі і наступнай карэкцыі псіхалагічных праблем. Такая форма работы дазваляе дзіцяці суадносіць гульні з рэальным жыццём, асэнсаваць тое, што адбываецца, знайсці шляхі вырашэння праблемнай сітуацыі.

Для групавой формы работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту выкарыстоўваю светлавыя пясочніцы. Мэтай гэтай формы работы перш за ўсё з’яўляецца зняцце мышачнага і эмацыянальнага напружання. Да таго ж работа з пяском у светлавых пясочніцах актывізуе творчыя здольнасці, фантазію, праз знаёмства са сродкамі пясочнай анімацыі дазваляе пераадолець комплекс дрэннага мастака.

У пачатку заняткаў па пескатэрапіі важнай умовай з’яўляецца прывыканне і першасны кантакт з пяском. Гэта можна прадставіць у выглядзе “прывітання” з пяском — дотык, лёгкае пагладжванне. Мэтазгодным з’яўляецца выкарыстанне дыхальных тэхнік на гэтым этапе (напрыклад, пры ўдыху мы напаўняемся энергіяй і добрым настроем, а пры выдыху пазбаўляемся страхаў і трывожнасці). Пасля этапу прывыкання і першаснага кантакту можна пачынаць непасрэдна працэс малявання, якое можа быць адвольным, заснаваным выключна на жаданнях дзіцяці, а таксама спецыяльна арганізаваным. У гэтым выпадку дзеці малююць на пяску з дапамогай спецыяльных зада-дзеных тэхнік і абсталявання. Сярод асноўных практыкаванняў у рабоце са светлавымі пясочніцамі можна вылучыць “Пясочны дожджык”, “Чуллівыя далонькі”, “Намалюй мару”, тэматычныя карціны “Падводны свет”, “Казачны лес”, “Космас” і інш.

Аналізуючы спецыфіку работы ў Юнгініянскай пясочніцы і светлавой, трэба адзначыць, што ключавым адрозненнем становіцца тое, што ў першай цэнтральнае месца займае псіхатэрапеўтычны эфект, а ў другой — рэлаксацыйны і творчы. Аднак незалежна ад форм, відаў і метадаў работы пескатэрапія заўсёды застаецца бясцэнным, натуральным і цікавым спосабам дапамогі дзіцяці.

Ларыса ГЛАЗКОВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 67 Гродна.