Час руху

- 10:33Актуально, Апошнія запісы

З 29 кастрычніка па 1 снежня ў Мінску прайшоў Уcебеларускі злёт студэнцкіх атрадаў “Час руху!”. Студатрадаўцы мелі магчымасць узяць удзел у вечары знаёмстваў, спартыўных і адукацыйных праграмах і пляцоўках. Таксама адбыўся шэраг афіцыйных і творчых мерапрыемстваў.

Міністр адукацыі І.В.Карпенка ўручае падзяку камандзіру педагагічнага атрада “Сузор’е” штаба працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

У першы дзень форуму ў канцэртнай зале ЗАТ “Атлант” прайшла ўрачыстая цырымонія закрыцця трэцяга працоўнага семестра, на якой былі ўганараваны пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Працоўны семестр” на лепшы студэнцкі атрад і лепшую арганізацыю, якая прымала студэнцкі атрад.

Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, кіраўнікі ГА “БРСМ”, прадстаўнікі органаў заканадаўчай і выканаўчай улады, студэнцкіх атрадаў Беларусі і Расіі, вытворчых прадпрыемстваў, на базе якіх сёлета працавалі студэнцкія атрады, ветэраны студ­атрадаўскага руху.

“Я рады вітаць у гэтай зале лепшыя студэнцкія атрады Беларусі. Вітаць вас, людзей, якія сваёй працай і жаданнем змаглі зрабіць так, каб вамі ганарыліся вашы родныя і блізкія, вашы педагогі і аднакурснікі, вашы гарады і пасёлкі, каб вамі ганарылася ваша краіна! — адзначыў, звяртаючыся да прысутных, Андрэй Міхайлавіч Кунцэвіч. — На працягу ўсёй сваёй — больш як у паўстагоддзя — гісторыі студатрадаўскі рух Беларусі быў справай актыўных, нераўнадушных, адкрытых маладых людзей там, дзе гэта было найбольш патрэбна Радзіме. Таму нядзіўна, што студэнцкія атрады з беларускай прапіскай пакінулі яркі след на найбуйнейшых будоўлях Сібіры і Казахстана, на сельскагаспадарчых аб’ектах Малдовы і Краснадарскага краю. Нашых будатрадаўцаў ведалі і паважалі ў самых розных кутках Савецкага Саюза. У перыяд станаўлення незалежнай Беларусі студатрадаўскі рух атрымаў новы віток развіцця дзякуючы падтрымцы прэзідэнта нашай краіны А.Р.Лукашэнкі. Маладой беларускай дзяржаве неабходны вашы ініцыятыва і энергія, ваша смеласць і накіраванасць у заўтрашні дзень. У час работы ў студэнцкіх атрадах кожны з вас атрымаў першы працоўны і кіраўніцкі вопыт, які будзе надзвычай каштоўным для вашага далейшага прафесійнага станаўлення. Я ўдзячны Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі за пастаянны пошук новых форм студатрадаўскага руху. Гэты праект, як і многія іншыя прае­кты БРСМ, красамоўна сведчыць пра тое, што прыйшоў ваш час, час руху”.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч уручае пераходны Ганаровы сцяг Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь камандзіру будаўнічага атрада “Эўрыка” імя Героя Савецкага Саюза В.І.Еранько штаба працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У знак высокай ацэнкі працы А.М.Кунцэвіч уручыў пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Працоўны семестр” пераходныя Ганаровыя сцягі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Высокія ўзнагароды атрымалі сельскагаспадарчы філіял “Вясна­энерга” РУП “Віцебскэнерга” (у намінацыі “Лепшы наймальнік”) і будаўнічы атрад “Эўрыка” імя Героя Савецкага Саюза В.І.Еранько Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта як лепшы студатрад.

Падчас мерапрыемства былі ўзнагароджаны лепшыя студэнцкія атрады, іх камандзіры і камісары, лепшыя штабы працоўных спраў навучальных устаноў краіны.

Уручаючы ўзнагароды, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В.Карпенка падкрэсліў важнасць студатрадаўскага руху: “Сёння мы не ўяўляем нашу сістэму вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна­тэхнічнай адукацыі без трэцяга працоўнага семестра. І гэта не толькі таму, што ён фарміруе важныя прафесійныя і асобасныя якасці. Праз гады вы бу­дзеце праязджаць па нашай краіне і з гонарам гаварыць: вось гэты аб’ект я будаваў сваімі рукамі”.

Асобныя словы ўдзячнасці ад міністра прагучалі ў адрас педагагічных атрадаў. “Цэлае лета іх ­удзельнікі працавалі з дзецьмі, якія адпачывалі ў аздараўленчых летніках краіны. Яны не проста праходзяць практыку і асвойваюць азы педагагічнай прафесіі, а аддаюць сваю душу і сэрца падрастаючаму пакаленню, ствараючы будучыню нашай краіны”, — адзначыў Ігар Васільевіч.

Сёлета Усебеларускі злёт наведала вялікая дэлегацыя з ­Расіі. Упершыню, акрамя афіцыйных прадстаўнікоў агульнарасійскай арганізацыі студэнтаў “Расійскія студэнцкія атрады”, у Мінск пры­ехалі ўдзельнікі студатрадаў з розных гарадоў Расіі. Прадстаўнік цэнтральнага штаба студэнцкіх атрадаў, кіраўнік напрамку студэнцкіх педагагічных атрадаў РСА Кацярына Шаленева падкрэсліла, што ў студатрадаўскім руху Расіі і Беларусі існуе шмат агульнага, бо ў яго аснове ляжаць аднолькавыя прынцыпы першаснага працаўладкавання студэнтаў.

Педагагічны атрад “Сузор’е” штаба працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

“Літаральна месяц назад беларуская каманда ўдзельнічала ва Усерасійскім злёце студатрадаў у Маскве, які быў прысвечаны 60­годдзю студатрадаўскага руху і 15­годдзю РСА, а сёння наша дэлегацыя ўдзельнічае ў злёце студэнцкіх атрадаў у Мінску, — паведаміла кіраўнік расійскай дэлегацыі. — У сваёй рабоце мы абапіраемся на традыцыі і каштоўнасці, якія былі закладзены яшчэ ў савецкі час, прыўносячы свае трэнды і павевы, рэалізуючы сучасныя праекты і сучасныя ўмовы працы — тое, што патрабуе сённяшняя моладзь, будуючы новую гісторыю развіцця студэнцкіх атрадаў. Мы добра ра­зумеем, што без той метадычнай базы, якая напрацоўвалася многія гады, мы не можам рухацца далей. З беларускім студатрадаўскім рухам мы ­ідзём у адным напрамку”.

Трэці працоўны семестр 2019 года скончыўся, але ўжо сёння студатрадаўскі рух Беларусі чакае новых байцоў працоўнага фронту і будуе планы на наступны год.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.