Час вучыць кітайскую мову

- 12:38Якасць адукацыі

У сталіцы падвялі вынікі І адкрытага фестывалю настаўнікаў кітайскай мовы “Майстар кітайскай мовы”, які праводзіўся з мэтай стварэння пляцоўкі для абмену вопытам і сучаснымі эфектыўнымі формамі і метадамі вывучэння кітайскай мовы і культуры ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прайшла на базе гімназіі з беларускай мовай навучання № 23 Мінска. У ёй прынялі ўдзел прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Т.Я.Янушкевіч, намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна Мінска Л.Р.Ляхновіч, дырэктар гімназіі № 23 І.Л.Пасюкевіч.

Фестываль праходзіў з 12 сакавіка па 25 мая па ініцыятыве рэсурснага цэнтра грамадска-гуманітарнага напрамку “Цэнтр кітайскай мовы і культуры” гімназіі № 23 і кабінета Канфуцыя Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Яго арганізатарамі выступілі Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі сумесна з кабінетам Канфуцыя РІК пры БДУ і гімназіі № 23 пры падтрымцы ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна Мінска.

Сярод задач правядзення фестывалю — развіццё беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, павышэнне метадычнага ўзроўню настаўнікаў кітайскай мовы, выяўленне і распаўсюджанне інавацыйных тэхналогій у арганізацыйна-метадычнай дзейнасці педагогаў, перспектыўных ідэй навучання кітайскай мове, аб’яднанне настаўнікаў кітайскай мовы ў прафесійную супольнасць.

У фестывалі-конкурсе прынялі ўдзел 7 педагогаў, настаўнікаў кітайскай мовы ўстаноў адукацыі сталіцы: настаўніца гімназіі № 9 Настасся Сяргееўна Алданава, настаўніца гімназіі № 23 Соф’я Станіславаўна Кутузава, настаўніца гімназіі № 18 Ірына Вячаславаўна Падбярэзская, настаўніца гімназіі № 40 Ганна Алегаўна Рыбчынская, настаўніца сярэдняй школы № 21 Хрысціна Уладзіміраўна Гайдава, настаўніца сярэдняй школы № 10 Марына Мікалаеўна Серафімава, настаўніца гімназіі № 12 Валерыя Ула­дзіміраўна Краўчук. 

Работы ўдзельнікаў ацэньвала кампетэнтнае журы. На першым этапе канкурсанты прадаставілі распрацоўку плана-канспекта вучэбных заняткаў і відэазварот, які прадстаўляў удзельніка і яго педагагічную дзейнасць.

У другі завочны этап фестывалю выйшлі тры педагогі: Г.А.Рыбчынская, С.С.Кутузава і М.М.Серафімава. Яны і паспаборнічалі паміж сабой, запісаўшы матывуючую лекцыю працягласцю да 7 мінут на кітайскай мове на тэму “Час вучыць кітайскую мову”. У выніку пераможцай фестывалю стала настаўніца кітайскай мовы сярэдняй школы № 10 Марына Мікалаеўна Серафімава. Дыпломам ІІ ступені адзначана настаўніца кітайскай мовы гімназіі № 23 Соф’я Станіславаўна Кутузава, дыпломам ІІІ ступені — настаўніца кітайскай мовы гімназіі № 40 Ганна Алегаўна Рыбчынская.

Пераможца фестывалю Марына Мікалаеўна Серафімава мае педагагічны стаж ужо большы за 5 гадоў: пачала выкладаць кітайскую мову школьнікам яшчэ калі была студэнткай філалагічнага факультэта БДУ. Педагог прытрымліваецца меркавання, што ва ўзаемаадносінах з дзецьмі трэба стаяць з імі на адной прыступцы, не апускацца ніжэй на ўзровень, падцягваць іх да свайго, быць для іх сябрам. Марына Мікалаеўна лічыць, што асоба настаўніка — гэта самае галоўнае. Яркі педагог можа па-сапраўднаму зацікавіць, запаліць, матываваць, павесці за сабой, часта навучэнцы хочуць быць падобнымі на яго. Калі дзеці паважаюць і любяць педагога, яны вучаць яго прадмет, якім бы складаным той ні ўяўляўся.

У сваёй практыцы настаўніца выкарыстоўвае навучанне ў супрацоўніцтве, перавернуты ўрок, кейс-тэхналогіі, тэатралізацыю, у старшых класах — дыспуты, дэбаты і інш.

— Для мяне перамога ў фестывалі ўтрымлівала элемент нечаканасці, бо, нягледзячы на тое, што сярод яго ўдзельнікаў я самая вопытная, усе мае калегі дастойныя перамогі, — адзначыла М.М.Серафімава. — Неяк на гарадскім метадычным аб’яднанні настаўнікаў кітайскай мовы намеснік дырэктара гімназіі № 23 І.С.Піскун сказала, што ўзнікла ідэя правядзення фестывалю для папулярызацыі кітайскай мовы як сярод навучэнцаў, так і сярод калег-настаўнікаў. Мы падтрымалі гэтую ідэю, і так я стала ўдзельніцай гэтых спаборніцтваў. На першым этапе падрыхтавала відэазварот са сваёй візітоўкай, прадстаўляла ўрок  па тэме “На прыёме ва ўрача”, на якім быў выкарыстаны метад пагружэння. Дзеці прымяралі на сябе ролі ўрача, пацыента, фармацэўта (пагружаючыся ў асяроддзе, вывучалі тыя ці іншыя фразы, каб пасля выкарыстоўваць іх на практыцы). У многім вырашальнай у конкурсе стала матывуючая лекцыя, з напісаннем якой мне таксама ўдалося паспяхова справіцца.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.