Час збірацца ў школу!

- 14:28Рознае, Сацыяльны ракурс

У Беларусі арганізаваны маштабны продаж школьных тавараў да новага навучальнага года — па ўсёй краіне працуе больш за 700 школьных кірмашоў. Гандаль і прамысловасць пастараліся ўлічыць усе запатрабаванні пакупнікоў і сцвярджаюць, што попыт, які традыцыйна актывізуецца ў жніўні на тавары школьнага асартыменту, будзе забяспечаны цалкам.

— За апошнія 10 гадоў, калі ў навучальных установах агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцам было рэкамендавана насіць адзенне дзелавога стылю, аб’ёмы продажу адзення для школьнікаў узраслі ў тры разы — з 300 да 900 тысяч штук, — гаворыць намеснік міністра гандлю Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Драгун. — Сёлета неабходна “экіпіраваць” каля 976 тысяч навучэнцаў. Гэта на 21,6 тысячы чалавек больш у параўнанні з пачаткам мінулага навучальнага года.

Уся падрыхтоўчая работа па ўзгадненні асартыменту адзення дзелавога стылю і абутку для школьнікаў штогод праводзіцца загадзя да пачатку школьнага сезона. З гэтай мэтай Міністэрствам гандлю, Міністэрствам адукацыі і канцэрнам “Беллегпрам” зацверджаны сумесны план мерапрыемстваў па забеспячэнні вытворчасці, пастаўкі і рэалізацыі тавараў да новага 2016/2017 навучальнага года.

Узоры адзення дзелавога стылю зацвярджаюцца каардынацыйным саветам, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, гандлю, аховы здароўя. Усе вырабы адпавядаюць патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза “Аб бяспецы прадукцыі, прызначанай для дзяцей і падлеткаў” і “Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці”.

Згодна з рэкамендацыямі Мінадукацыі, дзелавы стыль адзення — гэта строгі, вытрыманы стыль адзення, прызначаны для наведвання навучэнцамі 1—11 класаў вучэбных заняткаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Камплект адзення дзелавога стылю павінен быць шматфункцыянальным, гігіенічным, зручным і адпавядаць сучасным кірункам моды.

Асноўныя пастаўшчыкі адзення дзелавога стылю і абутку для школьнікаў — 28 прамысловых прадпрыемстваў канцэрна “Беллегпрам”, якія з году ў год эфектыўна пра-цуюць над вытворчасцю вырабаў для школьнікаў, пашыраючы мадэльны рад, прымяняючы новыя тэхналогіі і тканіны, канструктарскія і дызайнерскія распрацоўкі, улічваючы вопыт мінулых гадоў, рэкамендацыі спецыялістаў гандлю і пажаданні пакупнікоў.

— Для дзяцей школьнага ўзросту ў бягучым навучальным годзе прамысловымі прадпрыемствамі швейнай галіны канцэрна “Беллегпрам” распрацавана каля 500 мадэлей адзення дзелавога стылю і больш як 300 мадэлей абутку, — гаворыць намеснік старшыні Беллегпрама Мікалай Рагожнік. — Асаблівых навінак, як у мінулыя гады (пінжакі для хлопчыкаў з кішэняй для мабільнага тэлефона, з тэрмометрам, з табліцай множання на падкладцы) не прапанавана. Разам з тым калекцыі новыя, асартымент шырокі і разлічаны на любы густ і фінансавыя магчымасці.

Акрамя прадпрыемстваў канцэрна “Беллегпрам”, гандлёвыя арганізацыі атрымліваюць тавары для школьнікаў і ад іншых прадпрыемстваў краіны без ведамаснай падпарадкаванасці.

Акрамя магазінаў адзення і абутку, на пачатку новага навучальнага года дзеці і бацькі спяшаюцца ў аддзелы з канцылярскімі таварамі, дзе ў доўгім спісе таго, што па-трэбна, пад нумарам адзін значыцца дзённік.

Па інфармацыі Міністэрства адукацыі, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2016/2017 навучальным годзе будуць выкарыстоўвацца дзённікі, зацверджаныя міністэрствам, выпуску 2014—2016 гадоў. На сайце Міністэрства адукацыі змешчаны ўзоры зацверджаных вокладак дзённікаў. Дарэчы, у 2016 годзе вытворчасць дзённіка ажыццяўляюць 8 паліграфічных прадпрыемстваў (у 2015 годзе — толькі адно).

Ну і, напэўна, самае актуальнае пытанне: колькі ж будзе каштаваць сабраць дзіця ў школу?

— Сёння варыяцыі мадэлей адзення для хлопчыкаў і дзяўчынак дазваляюць падабраць школьны “ансамбль” па гусце дзіцяці і ў рамках бюджэту сям’і, — гаворыць намеснік міністра гандлю Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Драгун. — У 2016 годзе аптымальная экіпіроўка абыдзецца бацькам школьнікаў малодшых класаў у 150—690 рублёў, бацькам старшакласнікаў — 200—850 рублёў. Пакупніцкі набор як для хлопчыка, так і для дзяўчынкі знаходзіцца ў адным цэнавым сегменце. Адзначу, што цэны на ўсе нехарчовыя тавары фарміруюцца з улікам кан’юнктуры рынку, гэта значыць нічым не абмяжоўваюцца. Аднак, улічваючы сацыяльную значнасць мерапрыемстваў па падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года і фінансавую нагрузку на бацькоў, гандлёвыя арганізацыі прымяняюць на тавары школьнага асартыменту гандлёвую надбаўку не больш за 30%. На пастаяннай аснове праводзяцца мерапрыемствы і акцыі па продажы тавараў са скідкамі. Буйныя ўнівермагі праводзяць дні скідак са зніжэннем рознічных цэн на нехарчовыя тавары на 17—22%, што дазваляе пакупнікам сэканоміць значныя сродкі (зыходзячы са школьнай экіпіроўкі, ад 30 да 200 рублёў).

Акрамя таго, аказваецца адрасная сацыяльная дапамога. Універмагі сталіцы на пастаяннай аснове прадастаўляюць 10-працэнтную скідку на нехарчовыя тавары мнагадзетным сем’ям і грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы, праз сацыяльныя дысконтныя карты. Гандлёвыя арганізацыі прапаноўваюць розныя праграмы крэдытавання і растэрміноўкі як за кошт уласных сродкаў, так і сумесна з банкамі.

У разгар падрыхтоўкі да новага навучальнага года пройдуць традыцыйныя кірмашы: 24—31 жніўня — у НВЦ “БелЭкспа” (міжнародныя спецыялізаваныя выставы-кірмашы “Нашым дзецям” і “Прывітанне, школа!”); 20—21 жніўня — у Мінску на пляцоўцы каля Палаца спорту (агульнагарадскі кірмаш “Час у школу!”); 11—21 жніўня — у сталічным Палацы мастацтваў (тэматычная выстава-кірмаш “Школьны кірмаш: ад А да Я”).

Правядзенне спецыялізаваных кірмашоў запланавана ў Мінскай вобласці: 13 жніўня — у Барысаве і Жодзіне; 20 жніўня — у Барысаве, Вілейцы, Любані, Маладзечне, Салігорску і Слуцку; 21 жніўня — у Нясвіжы; 27 жніўня — у Жодзіне і Вілейцы.

У Гродне з 18 ліпеня па 4 верасня праходзіць спецыялізаваны кірмаш “Прывітанне, школа!”, у якім прымаюць удзел 48 суб’ектаў гаспадарання: прадпрыемствы — вытворцы тавараў, арганізацыі гандлю, індывідуальныя прадпрымальнікі. У Гомелі з 15 ліпеня па 4 верасня арганізаваны пастаянна дзеючыя кірмашы ў раёне Гомельскага цэнтральнага рынка і гандлёвага дома “Рэчыцкі”, запланавана правядзенне школьных кірмашоў на плошчы Паўстання 13—14, 20—21, 27—28 жніўня і 3—4 верасня.
Мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і будуць суправаджацца забаўляльнымі праграмамі, конкурсамі для дзяцей, рэкламнымі акцыямі. Такі маштабны продаж школьных тавараў працягнецца да 10 верасня.

Марына ПЫРКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.