Частка прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта сышла з дыстанцыі

- 11:23Інфармацыйная гадзіна

Колькасць удзельнікаў перадвыбарнай прэзідэнцкай гонкі ў Расіі скарацілася да васьмі чалавек. Кола прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду ў краіне абазначылася пасля таго, як Цэнтрвыбаркам завяршыў прыём подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку патэнцыяльных кандыдатаў.

Подпісы ў сваю падтрымку здалі шэсць чалавек: дзеючы прэзідэнт Уладзімір Пуцін, які выступае ў якасці самавылучэнца, Рыгор Яўлінскі (вылучаны партыяй “Яблоко”), Барыс Цітоў (“Партыя росту”), Сяргей Бабурын (Расійскі агульнанародны саюз), Ксенія Сабчак (“Грамадзянская ініцыятыва”) і Максім Сурайкін (“Камуністы Расіі”).

Акрамя таго, у кампаніі працягнуць удзел два кандыдаты ад парламенцкіх партый — Уладзімір Жырыноўскі (ЛДПР) і Павел Грудзінін (КПРФ), якія, у адпаведнасці з заканадаўствам, вызвалены ад збору подпісаў. Яны ўжо зарэгістраваны кандыдатамі на пасаду Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі.

Астатнія прэтэндэнты, а першапачаткова аб сваім намеры пазмагацца за пасаду прэзідэнта заяўлялі каля двух дзясяткаў чалавек, сышлі з дыстанцыі. Некаторыя з іх не змаглі сабраць неабходную колькасць подпісаў або сфарміраваць выбарчы фонд, іншыя адмовіліся без тлумачэння прычын.

У Цэнтрвыбаркама цяпер ёсць тэрмін для праверкі дакументаў і подпісаў. Для праверкі будуць выкарыстаны 60 тысяч подпісаў, забракаваных павінна быць не больш за 5%. У выпадку, калі будзе перавышэнне гэтага працэнта недакладных подпісаў, робіцца паўторная праверка наступных 30 тысяч подпісаў. Калі па выніках праверкі сумарна 90 тысяч подпісаў колькасць недакладных з іх перавысіць 5%, кандыдат не будзе дапушчаны да выбараў.

Выбары Прэзідэнта Расіі назначаны на 18 сакавіка.