Да асаблівых выхаванцаў — асаблівы падыход

- 15:29Людзі адукацыі

Да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця патрэбен асаблівы падыход. Менавіта ад умення педагога выбудаваць правільную мадэль карэкцыйна-рэабілітацыйнай дапамогі, узаемадзеяння з бацькамі непасрэдна залежыць паляпшэнне стану здароўя асаблівага дзіцяці. Такога меркавання прытрымліваецца дырэктар Магілёўскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Алена Мазалоўская.

Алена Генрыхаўна, можна сказаць, працягнула сямейную дынастыю. Абедзве яе бабулі, цётка былі педагогамі.

— Яшчэ ў школьныя гады я марыла пайсці па слядах адной з бабуль, стаць настаўніцай пачатковых класаў. Таму, атрымаўшы атэстат, стала студэнткай адпаведнага факультэта МДУ імя А.А.Куляшова, — успамінае суразмоўніца.

У часы студэнцтва ў Алены Мазалоўскай былі павярхоўныя ўяўленні аб спецыяльнай адукацыі. Аднак воляй лёсу менавіта гэты адукацыйны профіль стаў яе прафесійным прызваннем. А пачалося ўсё з таго, што маладая настаўніца пачатковых класаў трапіла па размеркаванні ў дапаможную школу Магілёва. Працуючы ў гэтай навучальнай установе, Алена Мазалоўская зразумела, што парушэнні ў развіцці дзіцяці — гэта не заўсёды прысуд, а ў сілах настаўніка — звесці гэтыя парушэнні да мінімуму. Тады і прыйшло да яе рашэнне дапамагаць асаблівым навучэнцам. Алена Генрыхаўна завочна скончыла дэфекталагічны факультэт БДПУ імя Максіма Танка, пасля чаго яе жыццё стала непарыўна звязана з навучаннем дзетак з АПФР.

Мяняліся пасады, але на кожнай Алена Генрыхаўна актыўна займалася даследчай дзейнасцю, пошукам эфектыўных вучэбных методык для асаблівых дзяцей, імкнулася да арганізацыі інклюзіўнай адукацыйнай прасторы. Так, загадваючы яслямі-садам № 11 Магілёва, яна паспрыяла адкрыццю на яго базе пункта карэкцыйна-развіццёвай дапамогі, які функцыянуе і цяпер. Шмат станоўчых змен, дзякуючы ініцыятыўнасці Алены Мазалоўскай, адбылося і ў абласным ЦКРНіР.

У цэнтры істотна павялічылася колькасць адукацыйных груп і класаў. Прычым у дашкольных групах навучаюцца дзеткі не толькі роўныя па ўзросце, але і з падобнымі медыцынскімі дыягназамі. У навучальнай установы з’явіўся свой сайт, стала дзейнічаць бібліятэка, клуб самадапамогі для бацькоў, рэсурсны цэнтр, тут пастаянна вядзецца абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. З мэтай развіцця інклюзіі ва ўстанове мэтанакіравана наладжваюць уключэнне дзяцей з АПФР у сумесную са здаровымі аднагодкамі дзейнасць. Выхаванцы цэнтра наведваюць месцы адпачынку, з’яўляюцца ўдзельнікамі масавых мерапрыемстваў, конкурсаў і фестываляў. Нямала ў абласнога ЦКРНіР і значных дасягненняў: двойчы прызнаваўся лепшай установай спецыяльнай адукацыі свайго тыпу ў рэгіёне, з’яўляецца пераможцам абласнога конкурсу па стварэнні адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для навучэнцаў з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця.

— Высокія вынікі дзейнасці цэнтра — заслуга не толькі мая, а ўсяго калектыву. У нас няма выпадковых людзей. Усе супрацоўнікі — прафесіяналы, маюць вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю. І, што немалаважна, актыўна дзеляцца сваім вопытам з калегамі з 22-х іншых ЦКРНіР вобласці. Адметна і тое, што на дасягнутым мы не спыняемся, — адзначае дырэктар.
У планах гэтага неардынарнага кіраўніка і падначаленага ёй калектыву — далейшае ўдасканаленне развіццёвай, адаптыўнай, безбар’ернай і інклюзіўнай адукацыйнай прасторы спецыяльных навучальных устаноў рэгіёна.

— Будзем агульнымі намаганнямі імкнуцца да павышэння якасці карэкцыйнай і рэабілітацыйнай дапамогі асаблівым дзеткам, каб дасягнуць максімальнага паляпшэння стану іх здароўя і сацыялізацыі ў грамадстве, — абяцае Алена Мазалоўская.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.