Да дзяцей — з клопатам

- 11:13Выхаванне

З мэтай арганізацыі летняй занятасці падлеткаў, папярэджання правапарушэнняў і злачынстваў, а таксама недапушчэння траўматызму і гібелі дзяцей з 1 мая на тэрыторыі Смалявіцкага раёна праводзіцца рэспубліканская міжведамасная праграма “Клопат”.

Зрабіць канікулы карыснымі і бяспечнымі — галоўная задача, да вырашэння якой павінны імкнуцца не толькі ўстановы адукацыі, але і супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх. Праграма “Клопат” накіравана якраз на тое, каб арганізаваць занятасць дзяцей, якія знаходзяцца пад прафілактычным наглядам ІСН, дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, а таксама тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дарэчы, у апошнія гады асаблівай папулярнасцю сярод падлеткаў карыстаюцца лагеры працы і адпачынку. Спецыяльна для таго, каб дапамагчы непаўналетнім уладкавацца на працу, на тэрыторыі раёна ствараюцца сельскагаспадарчыя, валанцёрскія, будаўнічыя атрады і рамонтныя брыгады.

Хутка стартуе аздараўленчая кампанія, і на мінулым тыдні інспектары ІСН правялі прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне няшчасных выпадкаў з удзелам дзяцей.

— З дзецьмі праводзяцца віктарыны, конкурсы на веданне правіл бяспекі, — расказвае пра асаблівасці раённай акцыі начальнік ІСН Смалявіцкага РАУС маёр міліцыі Ала Генадзьеўна Русановіч. — Мы мадэлюем сітуацыю, а дзеці ў сваю чаргу шукаюць выйсце з праблемы. Безумоўна, варта нагадаць навучэнцам, што падчас любога здарэння неабходна паклікаць на дапамогу дарослых. Ні ў якім разе нельга ўступаць у дыялог з незнаёмымі людзьмі, а тым, хто адпачывае ў кругласутачных летніках, не варта заводзіць знаёмствы з мясцовай моладдзю.

Дарэчы, пра бяспеку трэба памятаць не толькі дзецям, але і іх бацькам. Падчас бацькоўскіх сходаў і школа, і міліцыя вучылі дарослых быць пільнымі і ўважлівымі.

— У Мінскай вобласці штогод адбываецца каля 70 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх гінуць і атрымліваюць траўмы дзеці, — працягвае начальнік ІСН. — ДАІ Мінскай вобласці праводзіла даследаванне, і стала вядома, што толькі каля 40% вадзіцеляў перавозяць маленькіх пасажыраў у спецыяльных крэслах, астатнія дзеці сядзяць на руках у дарослых. Яшчэ адной бядой з’яўляюцца вадаёмы. Здараюцца няшчасныя выпадкі і па віне сённяшняй моды на крутыя сэлфі. Ні адзін здымак не варты таго, каб за яго заплацілі самым дарагім — здароўем. Часта дзеці атрымліваюць траўмы яшчэ з-за адной “дарослай” памылкі: на вокны ставяцца маскітныя сеткі, абапіраючыся на якія дзеці вывальваюцца на вуліцу. Сёлета ўжо было некалькі такіх здарэнняў.

Як падагульніла Ала Русановіч, зрабіць летнія канікулы бяспечнымі і цікавымі можна ў тым выпадку, калі дарослыя будуць не толькі сачыць за дзецьмі і нагадваць, наколькі важна быць законапаслухмянымі, але і прадэманструюць гэта на ўласным прыкладзе.

Наталля САХНО.