Да поспеху — сумеснымі намаганнямі

- 14:33Планёрка ў рэгіёне, Рознае

Нельга сказаць, што сістэма адукацыі і выхавання Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці адрозніваецца ў залежнасці ад сезона. Тут прывыклі працаваць на працягу ўсяго каляндарнага года. Разам з тым праз некалькі тыдняў пачнецца новы навучальны год, таму аддзел адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама актыўна працуе над тым, каб дзеці добра адпачылі апошнія летнія дзянькі і прыйшлі вучыцца ў абноўленыя класы. Пра будні апошняга летняга месяца — наша гутарка з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццянай Міхайлаўнай ЛАЎРЭЕНКА.

— Таццяна Міхайлаўна, пачнём з традыцыйнага летняга пытання: як адпачываюць і аздараўляюцца дзеці ў вашым раёне?

— Аздараўленню дзяцей удзяляем увагу на працягу года. У канікулярны перыяд 2016 года працуюць 15 лагераў з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі, 5 лагераў працы і адпачынку.

У летні перыяд запланавана аздаравіць больш за 1170 дзяцей (40%). З іх 42 з’яўляюцца сіротамі, 21 дзіця знаходзіцца ў экстрэмальнай жыццёвай сітуацыі. Арганізавана другасная занятасць моладзі ў вольны ад вучобы час. Яны займаюцца вырошчваннем агародніны, добраўпарадкаваннем тэрыторый устаноў адукацыі і рамонтам мэблі на базе Маларыцкай раённай гімназіі, сярэдняй школы № 1, Хаціслаўскай, Макранскай, Олтушскай сярэдніх школ, Маларыцкага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Да работ прыцягваюцца непаўналетнія, якія стаяць на розных відах уліку.

Значную ўвагу аддзел адукацыі, установы ўдзяляюць занятасці дзяцей у вольны ад вучобы час, а гэта работа школьных стадыёнаў, спартыўных пляцовак, рознаўзроставых атрадаў па месцы жыхарства, гурткоў па інтарэсах. Створаны 31 атрад, у якім заняты 510 дзяцей. Акрамя таго, 1380 непаўналетніх працуюць у вытворчых брыгадах і звёнах, школьных лясніцтвах. Разумная занятасць прынясе карысць кожнаму непаўналетняму.

— А як ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года?

— У нас праводзіцца планамерная і паслядоўная работа па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Гэтая дзейнасць ажыццяўляецца пры падтрымцы Маларыцкага раённага выканаўчага камітэта сумесна з педагогамі, бацькамі, сельскагаспадарчымі кааператывамі, арганізацыямі і прадпрыемствамі, якія з’яўляюцца шэфамі.

Выконваюцца розныя віды работ — афарбоўванне, рамонт актавых і спартыўных зал, груп дашкольных устаноў, прадметных кабінетаў, подводка гарачай вады, прамыванне і падрыхтоўка сістэмы ацяплення, нарыхтоўка мясцовых відаў паліва, пашпартызацыя сістэм вентыляцыі і г.д. Значны аб’ём работ выконваецца гаспадарчым спосабам.

Праведзены касметычныя рамонты на харчаблоках усіх устаноў адукацыі, у цяперашні час вядуцца работы па рэканструкцыі харчаблока Маларыцкай сярэдняй школы № 2. Усе ўстановы дашкольнай адукацыі забяспечаны камп’ютарнымі праграмамі “Харчаванне”. Набываецца спартыўнае, вучэбнае і нагляднае абсталяванне для кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі. Усё гэта робіцца для таго, каб стварыць камфортныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Падпісанне пашпартоў гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага 2016/2017 навучальнага года ў адпаведнасці з распараджэннем раённага выканаўчага камітэта праводзілася ў перыяд з 10 па 12 жніўня.

— Таццяна Міхайлаўна, хутка пачнуцца жнівеньскія нарады. Гэта не толькі свята, але і падвядзенне вынікаў мінулага года.

— Сапраўды, гэта так. Вынікі мінулага навучальнага года сістэмы адукацыі рэгіёна будуць падводзіцца на жнівеньскай нарадзе педагагічных работнікаў раёна 29 жніўня ў гарадскім Доме культуры. Да знакавых падзей 2015/2016 навучальнага года хачу аднесці рэалізацыю мясцовай ініцыятывы ў рамках праекта Еўрапейскага Саюза (Праграма развіцця ААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”) Маларыцкай сярэдняй школы № 2 на суму 11 тысяч долараў ЗША. Сродкі накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы вытворчай майстэрні ўстановы.

Па выніках рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах на заключным этапе навучэнцы 11 класа раённай гімназіі Пётр Дымарчук і Сцяпан Сланеўскі заваявалі 2 дыпломы па інфарматыцы (настаўнік Ігар Віктаравіч Гардынец).

У 2015/2016 навучальным годзе Маларыцкая раённая гімназія працягнула інавацыйную дзейнасць па тэме “Укараненне тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных навучэнцаў як спосабу пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі”. Навучэнцы-цьютаранты прымалі ўдзел і станавіліся пераможцамі ў розных конкурсах і спаборніцтвах. Напрыклад, тыя ж Пётр Дымарчук і Сцяпан Сланеўскі былі ўзнагароджаны дыпломамі ІІІ ступені па выніках індывідуальнай алімпіяды школьнікаў па інфарматыцы і праграмаванні, якую праводзіў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі. Кацярына Дацык, навучэнка 10 класа гімназіі, па выніках Першай біялагічнай інтэрнэт-алімпіяды ўзнагароджана дыпломам І ступені (настаўніца Ала Сяргееўна Чуль).

— Не магу не спытаць і пра арганізацыю профільнай адукацыі, бо на сёння гэта вельмі актуальнае пытанне.

— Адразу хачу адзначыць, што ідэя адраджэння профільных класаў педагогамі была ўспрынята станоўча, таму што профільнае навучанне забяспечвае дыферэнцыяцыю навучання, павышае якасць ведаў вучняў. У 2015/2016 навучальным годзе вывучэннем прадметаў на павышаным узроўні было ахоплена 29% навучэнцаў III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У рамках профільнага навучання 73 вучні 10-х класаў атрымлівалі адукацыю на базе трох устаноў: раённай гімназіі, Лукаўскай і Олтушскай сярэдніх школ.

Работа ў гэтым напрамку будзе працягнута і ў 2016/2017 навучальным годзе. Спланавана сетка профільных 10-х і 11-х класаў на 2016/2017 навучальны год. У гэтым навучальным годзе профільнай адукацыяй будзе ахоплена 32% навучэнцаў. Перавагу старшакласнікі аддаюць хіміка-біялагічнаму і фізіка-матэматычнаму профілям.

На этапе дапрофільнай падрыхтоўкі ва ўстановах адукацыі праводзіцца інфармацыйна-растлумачальная работа з бацькамі навучэнцаў па пытаннях прафесійнага самавызначэння навучэнцаў, навучання іх у профільных класах. Складанасцей у рабоце з бацькамі не ўзнікала.

— Аптымізацыя ўстаноў адукацыі непасрэдна залежыць ад колькасці навучэнцаў. Ці абмінула вас “дэма-графічная яма”?

— Пагаджуся з вамі. Закрыццё, рэарганізацыя ўстаноў адукацыі ў 2016 годзе ў нас не праводзіцца. У 2015 годзе Пажэжынская сярэдняя школа рэарганізавана ў базавую. У раёне захавана сетка ўстаноў дашкольнай адукацыі. Усяго функцыянуе 16 устаноў дашкольнай адукацыі і 5 вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад — школа”. Штогод задавальняюцца ўсе звароты бацькоў па ўладкаванні дзяцей трохгадовага ўзросту і старэйшых ва ўстановы дашкольнай адукацыі. У 19 установах агульнай сярэдняй адукацыі будуць адкрыты 240 класаў, у якіх працягнуць навучанне 3177 навучэнцаў.

— А ці падключыліся вы да пректа “Электронная школа”?

— Аддзелам адукацыі, спорту і турызму праводзіцца работа па падключэнні сямі ўстаноў адукацыі раёна з верасня бягучага года да электронных сэрвісаў “Электронны дзённік / Электронны журнал”.

— Таццяна Міхайлаўна, а якія праблемы хвалююць педагагічную грамадскасць Маларыцкага раёна?

— Асноўная праблема, якая хвалюе сёння педагагічную грамадскасць, — павелічэнне колькасці нядобранадзейных сем’яў, прычынай якой з’яўляецца п’янства бацькоў. Лічу, што над гэтым пытаннем неабходна працаваць разам усім суб’ектам прафілактыкі. Толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць пэўнага станоўчага выніку.

— Пагаджуся з вамі і дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.