Да ведаў — праз сотні дарог

- 10:20Актуально, Апошнія запісы

Заўтра — Дзень настаўніка! Выдатная нагода, каб успомніць сваіх любімых педагогаў і аб’яднацца ў адзіным жаданні павіншаваць і пакланіцца людзям гэтай высакароднай прафесіі. За кожным выхавальнікам, настаўнікам, дырэктарам, выкладчыкам, прафесарам стаіць чалавек — разумны, мудры, высакародны, здольны натхніць і павесці за сабой у захапляльную краіну ведаў. Усе мы родам з дзяцінства, i ўсе мы родам са школы — утульнага дома з добразычлівымі гаспадарамі.
Такога дома, як гімназія, дзе ўжо шмат гадоў кіруе дырэктар Ірына Данянкова.

Ужо ад гімна навучальнай установы павявае цяплом:

И крутится, и вертится огромный шар земной,

И мы однажды встретились в гимназии с тобой.

И дружим здесь, и учимся — мы все одна семья,

Я знаю, что ты лучшая, гимназия моя!

Канечне, 37-я гімназія — адна з лепшых у сталіцы. Інакш Ірына Валер’еўна не атрымала б з рук міністра адукацыі нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”. Узнагарода знайшла свайго героя невыпадкова.

Навучальная ўстанова з’яўляецца рэсурсным цэнтрам інфармацыйных тэхналогій (вялікая ўвага ўдзяляецца комплекснай інфарматызацыі адукацыйнага працэсу, развіццю інавацыйнай і даследчай дзейнасці). На базе рэсурснага цэнтра праводзяцца раённыя, гарадскія і рэспубліканскія семінары, майстар-класы, канферэнцыі. Больш за тое, рэсурсны цэнтр гімназіі ўжо не першы год становіцца лідарам у сталіцы.

Мабільнае асяроддзе рэсурснага цэнтра дае магчымасць арганізоўваць дыстанцыйнае навучанне, рэалізоўваць тэхналогію перавернутага (або змешанага) навучання. Элементы віртуальнай і дапоўненай рэальнасці адкрываюць новыя магчымасці для вывучэння тэорыі і адпрацоўкі практыкі. Віртуальная і дапоўненая рэальнасць дае магчымасць удасканальваць урокі, павялічваць матывацыю да прадмета, які вывучаецца, і раскрываць творчы патэнцыял навучэнцаў, у якіх з’явілася магчымасць здзяйсняць віртуальныя экскурсіі на вучэбных занятках па гісторыі ці геаграфіі, дэталёва прайграваць самыя складаныя хімічныя і біялагічныя працэсы.

Нездарма педагагічнае крэда дырэктара — “Школа — самая дзіўная краіна, у якой кожны дзень не падобны на папярэдні, дзе кожнае імгненне — гэта пошук чагосьці новага, цікавага. Там няма часу сумаваць, сварыцца і марнаваць часу на пустое”.

Ірына Валер’еўна сапраўды не сумуе, не сварыцца і не марнуе часу, якога, як заўсёды, катастрафічна не хапае. “Рух наперад і толькі наперад. Мы не павінны спазняцца, інакш прайграем часу, а значыць, і нашым вучням”, — гаворыць дырэктар і плануе чарговы інавацыйны праект. Ірына Данянкова — аўтар чатырох інавацыйных праектаў. Апошні — “Інжынерная школа” — быў прыдуманы для развіцця прафесійнага самавызначэння навучэнцаў. За рэалізацыю ўсіх чатырох яна была адзначана прэміяй Мінгарвыканкама.

У такога дырэктара і калектыў працуе зладжана. Усе разумеюць, што, каб угнацца за часам, трэба ўвесь час павышаць сваё педагагічнае майстэрства, таму педагогі гімназіі трымаюць планку: заваёўваюць дыпломы пераможцаў гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, гарадскога конкурсу “Панарама інавацыйных педагагічных практык “Акадэмія ўрока”. Штогод становяцца ўладальнікамі грантаў і прэмій Мінгарвыканкама, а таксама стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Сайт гімназіі двойчы быў адзначаны дыпломам I ступені дыстанцыйнага конкурсу з міжнародным удзелам “Лепшы сайт установы адукацыі”.

Вынікам прафесіяналізму дырэктара і настаўнікаў з’яўляюцца шматлікія перамогі вучняў гімназіі ў розных інтэлектуальных конкурсах, конкурсах даследчых работ і на ўсіх этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У 2018 годзе на 29-й Міжнароднай біялагічнай алімпіядзе ў Іране (International Biology Olympiad — IBO) навучэнка гімназіі ў складзе каманды Рэспублікі Беларусь атрымала бронзавы медаль. У 2021 годзе на 53-й Міжнароднай хімічнай алімпіядзе ў Токіа вучаніца гімназіі таксама заваявала бронзавы медаль.

Успамінаючы пачатак свайго педагагічнага шляху, Ірына Валер’еўна адзначыла, што настаўніцай уяўляла сябе з дзяцінства: “Марыла праводзіць урокі матэматыкі. З залатым медалём скончыла школу, паступіла ў педінстытут. Доўгі час працавала ў 145-й школе сталіцы, затым — у 158-й. Узначальвала метадычнае аб’яднанне, давала адкрытыя ўрокі, удзельнічала ў семінарах. Праз некаторы час стала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а ў 2010 годзе — дырэктарам школы. Праз год сярэдняя школа № 158 была перайменавана ў гімназію № 37, і пачалася карпатлівая праца па стварэнні ўласнага іміджу”.

І імідж створаны. У гімназіі цікава вучыцца і цікава працаваць. Разумныя, зацікаўленыя дзіцячыя вочы глядзяць у такія ж разумныя і зацікаўленыя вочы сваіх педагогаў. Кожны год тут выбіраюць лепшага вучня і настаўніка. Уручаюць дыпломы і сімвал гімназіі — мудрую саву. Асаблівае стаўленне да педагогаў мужчын. “Мужчыны абавязкова патрэбны ў адукацыі. Школа — тая ж сям’я: у ёй павінны прысутнічаць і ён, і яна. І ў нашай установе яны працуюць”, — адзначыла Ірына Валер’еўна.

Дарэчы, дырэктар — мама трох сыноў! “Быць кіраўніком і мамай складана. Але калі б не падтрымка сям’і, наўрад ці я адбылася б як кіраўнік. Муж і сыны дапамагаюць. А я, вярнуўшыся ўвечары з работы, станаўлюся клапатлівай мамай і жонкай”, — адзначае мая суразмоўніца.

А пасля дадае: “Прафесія педагога ўсё ж мяняе. Становішся кансерватыўным, з’яўляюцца характэрны настаўніцкі погляд, інтанацыя. Педагог глядзіць на жыццё з пазіцыі “так павінна быць”. У яго выпрацоўваецца звычка трымаць усё пад кантролем, быць прыкладам. Настаўніка ўнутры сябе нельга пакінуць у школе. Ён — другое “я”.

І гэтаму другому “я” вучні падчас выканання гімназічнага гімна праспяваюць:

Ты нас к знаниям, мудрый Учитель,

Поведешь через сотни дорог.

На пути интересных открытий

Будет важен нам каждый урок!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Сяргея Пятрова.