Да жыватворных вытокаў духоўнасці

- 10:43Адукацыйная прастора

На Полаччыне дадзены старт мерапрыемствам у сферы адукацыі па сумеснай праграме ПДУ і Полацкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Дагавор аб супрацоўніцтве падпісаны рэктарам універсітэта Алегам Раманавым і Епіскапам Полацкім і Глыбоцкім Ігнаціем. Двухбаковае пагадненне нацэлена на кансалідацыю намаганняў установы адукацыі, грамадскіх арганізацый і епархіі для выкарыстання патэнцыялу праваслаўных традыцый і каштоўнасцей у фарміраванні асобы чалавека, духоўна-маральным, патрыятычным выхаванні і сацыяльнай падтрымцы моладзі, на ўстанаўленне трывалых акадэмічных, навуковых сувязей і ўмацаванне партнёрства ў сферы адукацыі на аснове прынцыпаў роўнасці, узаемнай выгады, узаемаразумення, павагі і даверу. 

Як паведаміў прарэктар ПДУ па выхаваўчай рабоце Павел Каваленка, зацверджанай праграмай прадугледжана рэалізацыя комплексу мерапрыемстваў на 2021/2022 навучальны год, накіраваных на выхаванне маральна сталай, духоўна развітой асобы, здольнай усведамляць сваю адказнасць за лёс краіны, грамадства і навакольнага свету, матываванай на захаванне і прымнажэнне культурнай спадчыны свайго народа. Ініцыятыва арыентавана на прафілактыку шкодных залежнасцей і правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі, фарміраванне адказных паводзін, заснаваных на нормах маралі і права, карэкцыю дэвіяцый і сацыяльную падтрымку маладых людзей, якія маюць патрэбу ў асаблівых умовах выхавання, папярэджанне негатыўнага ўплыву таталітарных сект і дэструктыўных культаў, адраджэнне і прапаганду традыцыйных сямейных каштоўнасцей, а таксама правядзенне сумесных навуковых даследаванняў па духоўна-маральнай, рэлігійна-філасофскай, псіхолага-педагагічнай, царкоўна-гістарычнай і культуралагічнай тэматыцы. Дасягнуты дамоўленасці аб падрыхтоўцы курсавых, дыпломных, магістарскіх работ па гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, археалагічных даследаваннях на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра, архітэктурных даследаваннях у працэсе рэканструкцыі і рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы, кансультацыях для свяшчэннікаў па методыцы напісання гісторыі прыходаў, пошуку архіўных матэрыялаў за 1917—1989 гады, якія адлюстроўваюць гісторыю епархіі, валанцёрскіх праектах, правядзенні экскурсій па храмах і сустрэч з дзеячамі царквы, арганізацыі асветніцкага праекта для студэнтаў “Ад Полацка пачаўся свет…” і выставы творчых работ, прысвечаных праваслаўнаму дойлідству, студэнтаў спецыяльнасцей “Архітэктура” і “Дызайн”, шэрага тэматычных конкурсаў, гутарак, адкрытых лекцый і круглых сталоў па пытаннях сям’і, шлюбу, абароны мацярынства, сацыялізацыі, хрысціянскага выхавання ў сучасным свеце.

— Мэта нашай работы — гэта не толькі забеспячэнне падрыхтоўкі спецыяліста высокага ўзроўню, але і выхаванне грамадзяніна, гарманічна развітой, маральна сталай асобы, — падкрэсліў Павел Каваленка. —Фарміраванне і развіццё тых пачаткаў у свядомасці чалавека, якія маюць дачыненне да прыгажосці і справядлівасці, яго асабістага светапогляду, духоўнасці, этыкі і эстэтыкі, сістэмы маральных каштоўнасцей, абумоўліваюць неабходнасць цеснага ўзаемадзеяння з сацыяльнымі інстытутамі, што мэтанакіравана займаюцца іх культываваннем. Патрэба ў гэтым ёсць, і велізарная.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Паліны КАСАРЭЎСКАЙ.