Дакапацца да ісціны

- 8:37Адукацыйная прастора, Вышэйшая школа

Якіх намаганняў патрабуюць археалагічныя даследаванні, што лічыць скарбам і як зацікавіць школьнікаў навукай — пра гэта разважае загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістарычнага факультэта БДУ Паліна Сяргееўна Курловіч.

Пра людзей, для людзей

— Археалогія прыводзіць сведчанні, якія дапамагаюць дапоўніць гісторыю ці нават па-іншаму на яе зірнуць, выя­віць разыходжанні з пісьмовымі крыніцамі, — падкрэслівае Паліна Сяргееўна. — З такімі выпадкамі ў сваёй практыцы мне даводзілася сутыкацца не раз. Напрыклад, мы даследавалі месца бітвы, якая адбылася падчас паўстання Кастуся Каліноўскага. У мемуарах абодвух бакоў — маладых шляхціцаў і прадстаўнікоў царскага войска — апісвалася сапраўдная бітва. А мы знайшлі толькі дзве кулі (зразумела, нешта не захавалася ці мы прапусцілі, але маштаб зразумелы).

“Знайсці і трымаць у руках рэч, якой карысталіся людзі тысячы гадоў назад — ні з чым не параўнальнае пачуццё”.

Малады вучоны дадае, што ў нашай краіне не так многа архео­лагаў — прыкладна паўсотні на ўсю Беларусь. І гэта катастрафічна мала. Таму яшчэ шмат недаследаваных месцаў, якія пакідаюць белыя плямы на палатне нашай гісторыі. Аднак тыя, хто выбраў гэтую сферу дзейнасці, адданы ёй усёй душой. Не выключэнне і Паліна Курловіч.

— У першую чаргу археалогія — навука аб чалавеку, і таму, на мой погляд, яна мае першаснае значэнне. Яна дазваляе ведаць нашы карані, разумець, што наша гісторыя налічвае шмат тысяч гадоў — да самага палеаліту, калі тут яшчэ хадзілі маманты. Дзякуючы сведчанням аб старажытным мінулым, мы можам асэнсоўваць сябе пераемнікамі шматлікіх папярэдніх пакаленняў, адчуваць сябе паўнавартаснымі людзьмі з багатай спадчынай. Ёсць меркаванне, што тэрыторыя беларускага Палесся з’яўляецца прарадзімай сучасных славян. Калісьці наша кафедра праводзіла там экспедыцыі, каб пацвер­дзіць гэтую гіпотэзу. Чым не матывацыя для руху наперад! На канец 2020 года ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь археалагічных помнікаў налічвалася больш за 2 тысячы. І гэтая лічба будзе павялічвацца, — упэўнена суразмоўніца. 

Каб гэта адбывалася хутчэй, неабходна актывізаваць работу са школьнікамі. У савецкія часы працавалі археалагічныя гурткі для вучняў старшых класаў, якія выязджалі ў экспедыцыі. Існаваў цэлы рух, які даваў моцны імпульс для развіцця археалогіі як навукі, і, адпаведна, з ростам цікавасці павялічвалася і археалагічная спадчына нашай краіны.

 — Зараз пры факультэце ёсць школа юнага гісторыка, дзе па суботах нашы выкладчыкі право­дзяць лекцыі  для дзяцей, робяць невялікія даклады. Мы заўважылі, што тыя, хто далучаецца да заняткаў, потым паступаюць да нас. І мы атрымліваем добрых студэнтаў. Таму ёсць думкі ства­рыць яшчэ гурток па археалогіі для вучняў, — дзеліцца Паліна Сяр­гееўна. 

Варта толькі паспрабаваць

Трэба адзначыць, што Паліна Курловіч мае рацыю: яна сама зацікавілася археалогіяй са школьных гадоў. 

— Калі я вучылася ў 10 класе, у Мінску ў Верхнім горадзе праходзілі раскопкі. Я прыйшла туды, і мне дазволілі далучыцца. Тады я ўпершыню трымала ў руках рэчы ХІІІ стагоддзя. Уражанні ад сумеснай працы з археолагамі так захапілі, што пытанне аб далейшай сферы дзейнасці вырашылася адразу, — усміхаецца суразмоўніца.

Зараз за яе плячыма шмат экспедыцый, разведак, раскопак у нашай краіне і за яе межамі. Падлік малады вучоны не вядзе, аднак з задавальненнем прыгадвае тыя, дзе яна выступала ў ролі навуковага кіраўніка. Ёй пашчасціла праводзіць першыя ў Беларусі археалагічныя раскопкі шкляной мануфактуры сярэдзіны ХVIII ст. каля аграгарадка Ілья ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці. 

— Даследаванні доўжыліся 4 гады. Сам археалагічны помнік знайшоў археолаг Міхаіл Міхайлавіч Чарняўскі яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя і заклаў невялікі раскоп. А мы са студэнтамі вырашылі туды вярнуцца. На наша шчасце, помнік не забудаваны, у адрозненне ад знакамітых мануфактур Радзівілаў, што знаходзяцца ў Налібоках і Урэччы. Мы працавалі на невялікай пляцоўцы — прыкладна 250 квадратных метраў. На гэтай тэрыторыі ўдалося знайсці печ, у якой варылі шкло, фрагменты інструментаў, шмат адходаў вытворчасці, па якіх можна рэканструяваць пра­цэс вырабу шкла ў той час. Таксама адкрылі матэрыяльную культуру гутнікаў — так называлі людзей, якія працавалі на гэтай мануфактуры. Знайшлі шмат керамікі, асабістых рэчаў — люлькі, нацельны крыжык, пярсцёнак, кухонныя рэшткі, косткі. Раскопкі мы скончылі, інфармацыю зафіксавалі, усё сфатаграфавалі і закансервавалі. Можа быць, калі-небудзь раённыя ўлады вырашаць зрабіць у гэтым месцы музей, і мы туды вернемся, — спадзяецца суразмоўніца.

Паліна Сяргееўна Курловіч — дацэнт, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістарычнага факультэта БДУ. Узнагароджана дыпломам І ступені Інстытута гісторыі НАН Рэспублікі Беларусь за лепшыя дасягненні сярод маладых вучоных у 2018 годзе. У 2020 годзе стала стыпендыятам фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  па падтрымцы маладых вучоных.

Бясстрашна і старанна

У 2019 годзе Паліна Сяргееўна разам са студэнтамі пачала вывучаць помнікі эпохі Вялікага перасялення народаў на тэрыторыі паўночна-заходняй часткі Беларусі: гарадзішча Цясты Верхня­дзвінскага раёна Віцебскай вобласці і археалагічны комплекс у вёсцы Рэчкі Вілейскага раёна Мінскай вобласці. 

— Універсітэцкая археалогія дазваляе выконваць вялікую навуковую работу. Падчас практыкі разам са студэнтамі ёсць магчымасць якасна праводзіць раскопкі. Яны зацікаўлены ў экспедыцыях, ім гэта падабаецца. Кожны раз ствараецца асаблівая атмасфера, якая дапаўняецца адкрыццём новых артэфактаў, — удакладняе загадчык кафедры. — Зараз я пясчынку за пясчынкай разглядаю грунт з мінулагодніх раскопак у Вілейскім раёне. Вось знайшла вугалькі, па якіх можна вызна­чыць, што за дрэвы былі спалены і якія расліны былі ў той час на гэтым месцы. Таксама ўдалося знайсці розныя зярняты.

Археалагічны комплекс каля вёскі Рэчкі адносіцца да 1 тысяча­годдзя нашай эры.  Яшчэ падчас разведкі археолагі знайшлі ў культурным слаі фібулу V стагоддзя. Зразумела, пачалі працаваць. Сам аб’ект уяўляе сабой умацаваныя паселішчы з валамі і равамі, побач — паселішчы з рэшткамі жытлаў-паўзямлянак. А недалёка — курганныя могільнікі. Адзін з іх археолагі ўжо даследавалі.

 — Высветлілася, што пахаванне правялі па абрадзе крэмацыі. Гэта звязана хутчэй за ўсё з культам Сонца. Спальвалі памерлых на пляцоўцы за межамі могільніка, прах збіралі ў гаршчок і разам з пахавальным інвентаром засыпалі зямлёй. Знайшлі ў магіле і ўпрыгажэнні, касцяны грэбень, элементы паяснога набору. Гэта дае падставу меркаваць, што пахавалі разам мужчыну і жанчыну. У тыя часы быў такі звычай: калі памірае муж, забіваюць і жонку. Сам гаршчок, відаць, зляпілі адмыслова, бо ён амаль не абпалены, рассыпаецца ў руках. Я яго склейваю зараз, каб зберагчы, — гаворыць археолаг.

Cапраўдныя скарбы

Пасля апошняй экспедыцыі Паліна Сяргееўна і студэнты прывезлі з сабой каля 4 тысяч фрагментаў керамікі і костак, каля 100 адзінак індывідуальных знаходак, прыкладна 50 чарцяжоў, палявыя дзённікі і шмат фотаздымкаў. Усе артэфакты, знойдзеныя падчас раскопак, і дакументы да іх археолагі гістарычнага факультэта БДУ перадаюць у вучэбную лабараторыю музейнай справы, дзе яны і будуць захоўвацца. Аднак перад гэтым іх чакае апрацоўка: іх будуць мыць, чысціць, складаць падрабязны вопіс, калі неабходна, правядуць работы па рэстаўрацыі і кансервацыі, каб рэчы доўга захоўваліся. Дарэчы, фонд музея вельмі вялікі, нягле­дзячы на тое, што пачаў фарміравацца ў другой палове ХХ ст., і мае вялікую каштоўнасць як у прамым, так і ў пераносным сэнсе слова. 

— У 1979 годзе заснавальнік нашай кафедры Эдуард Міхайлавіч Загарульскі падчас археалагічнай практыкі са студэнтамі праводзіў раскопкі Вішчынскага замка на беразе Дняпра. І выпадкова яны знайшлі скарб. У ім былі каштоўныя ўпрыгажэнні і ўнікальныя плацежныя зліткі з серабра — грыўні, прычым адначасова кіеўскія, наўгародскія і літоўскія. Сам замак спалілі ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя, аднак князі паспелі схаваць свае рэчы. На няшчасце для іх, яны не змаглі па іх вярнуцца, а для археолагаў гэта вялікая ўдача. Зараз скарб захоўваецца на гістарычным факультэце, — з гордасцю адзначае Паліна Сяргееўна. 

Таксама шмат артэфактаў з раскопак пахаванняў радзімічаў, гарадзішчаў каменнага і жалезнага веку, эпохі бронзы, Сярэдне­вякоўя і ранняга Новага часу. Супрацоўнік факультэта Валянцін Навумавіч Рабцэвіч, які лічыцца заснавальнікам беларускай нумізматыкі,  перадаў гістфаку сваю багатую калекцыю, якая стала асновай нумізматычнага кабінета.  

Што тычыцца скарбаў, то, па словах маёй суразмоўніцы, іх вельмі часта знаходзяць выпадкова. І не заўсёды археолагі. Напрыклад, пояс Вітаўта з васіліскамі і драконамі выявілі недалёка ад Дудутак. Ці шлем Ізяслава — яго таксама выпадкова заўважылі падчас будаўнічых работ на беразе Бярэзіны каля Бабруй­ска ў 2019 годзе.

— Канечне, немагчыма дакладна ўстанавіць, што гэтыя рэчы належалі менавіта гэтым знакамітым асобам. Аднак яны датуюцца часам, калі жылі гэтыя выбітныя людзі, — тлумачыць Паліна Сяргееўна.

Марына ЖДАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.