Далонька дабра

- 10:43Нам пішуць

Звычайным людзям цяжка ўявіць, як жывецца тым, каго прырода ці выпадак абдзялілі здароўем, — людзям з інваліднасцю. 3 снежня абвешчаны Міжнародным днём інвалідаў. Нядаўна ў Гарадзечанскім ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Навагрудскага раёна прайшла флэш-акцыя “Далонька дабра”.

Я як педагог-псіхолаг установы правяла гутарку, у якой нагадала, што сярод нас жывуць людзі, вартыя не толькі спагады, але і дапамогі, забеспячэння іх правоў на дастойнае жыццё, працу і адпачынак. Калі кожны хоць аднойчы працягне руку дапамогі інваліду, магчыма, праблем у іх стане менш, а жыццё будзе здавацца лепшым.

Пасля гутаркі ўдзельнікі акцыі, а гэта навучэнцы 1—5 класаў, пакінулі свае пасланні для людзей з абмежаванымі магчымасцямі — маленькія папяровыя далонькі. Далонь — дзіцячы сімвал міру, дружбы, дабрыні і адкрытасці. Дзеці напісалі на іх самыя цёплыя пажаданні: моцнага здароўя, шчасця, добрага настрою, душэўнага цяпла. Няхай яны спраўдзяцца як мага хутчэй!

Акцыя вучыць дзяцей галоўнаму — быць уважлівымі да навакольных і заўсёды памятаць, што побач ёсць людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе і падтрымцы.

Марына МАЛІШЭЎСКАЯ,
педагог-псіхолаг

Гарадзечанскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Навагрудскага раёна.