“У 2014 годзе Жабінка стала горадам-спадарожнікам Брэста. Атрыманы статус абавязвае да многага, у тым ліку ў пытанні стварэння сучасных камфортных умоў для навучання і выхавання дашкольнікаў і навучэнцаў”, — расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама Брэсцкай вобласці Галіна Сцяпанаўна Бурко.
— Якія дасягненні ў сістэме адукацыі раёна вы можаце назваць?
— Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі, алімпіяднікамі, а таксама развіццю інавацыйнай дзейнасці. Стабільным на працягу трох гадоў застаецца працэнт паступлення выпускнікоў школ (50%) у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Радуюць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. У 2016 годзе сярэдні бал яго ўдзельнікаў па вучэбных прадметах сярод выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна значна павялічыўся. Гэты паказчык дазволіў раёну заняць 11-е месца (сярод 21) у вобласці.
Скарбонка дасягненняў навучэнцаў і педагогаў раёна ў мінулым годзе папоўнілася 21 дыпломам, атрыманым на абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Узнагарод удастоены Кацярына Казінская, Настасся Гайдук, Марыя Постнікава і іх настаўнікі — педагог дадатковай адукацыі 2-й гарадской школы Ірына Міхайлаўна Коваль і педагог дадатковай адукацыі раённага Цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі Святлана Анатольеўна Постнікава, якія сталі прызёрамі Рэспубліканскага конкурсу “Калядная зорка”.
Нашы настаўнікі прымаюць удзел у розных конкурсах прафесійнага майстэрства і дасягаюць значных вынікаў. Так, Жанна Рыгораўна Наўцэвіч, якая выкладае англійскую мову ў сярэдняй школе № 2 Жабінкі, стала пераможцам рэспубліканскага праекта “IT-рашэнні для адукацыі будучыні” ў намінацыі “IT-магчымасці ў выхаваўчай рабоце”.
У бягучым навучальным годзе працягваем работу па рэалізацыі профільнага навучання, якое арганізавана ў пяці ўстановах адукацыі па трох мадэлях. На павышаным узроўні вывучаюцца 10 прадметаў. Найбольшую цікавасць школьнікі праяўляюць да вывучэння матэматыкі, рускай і англійскай моў, хіміі і біялогіі. Выбіраючы профільныя прадметы, яны перш за ўсё арыентуюцца на здачу ЦТ для паступлення на адпаведныя спецыяльнасці.
— Як праходзіць аптымізацыя ўстаноў адукацыі раёна?
— У 2016/2017 навучальным годзе ў 27 установах адукацыі раёна навучаюцца 2872 школьнікі і выхоўваюцца 1176 дашкольнікаў. У параўнанні з 2010 годам колькасць навучэнцаў зменшылася на 455, таму штогод праводзім аптымізацыю адукацыйных устаноў з невялікай напаўняльнасцю. Так, з 2013 па 2016 год ліквідавалі пяць устаноў адукацыі. Але, праводзячы аптымізацыю, вырашаем пытанні падвозу навучэнцаў у іншыя сады і школы і працаўладкоўваем педагогаў.
— Каб рухацца наперад і не спыняцца ў сваім развіцці, неабходны пастаянны пошук новых форм і метадаў работы…
— У такім рэжыме і працуем. Інавацыйная дзейнасць стала неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу ў раёне. У 2014/2015 навучальным годзе педагагічны калектыў сярэдняй школы № 1 Жабінкі ўдзельнічаў у эксперыментальным праекце “Апрабацыя мадэлі незалежнай выніковай атэстацыі вучняў па завяршэнні навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, а з 1 верасня 2015 года пачаў работу над рэспубліканскім праектам “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”. Радуе, што працягам інавацыйнага праекта, рэалізаванага ў сярэдняй школе № 3, стала мясцовая ініцыятыва “Медыя — ваш новы інструмент!”, якая рэалізоўвалася ў рамках праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” у супрацоўніцтве з майстэрняй сацыяльнага кіно (Мінск). У такім маленькім райцэнтры, як Жабінка, востра паўстаюць праблемы арганізацыі вольнага часу моладзі, іх далучэння і актывізацыі цікавасці да грамадскіх праблем, да ўдзелу ў іх вырашэнні, таму асноўную задачу гэтай ініцыятывы бачым у стварэнні пляцоўкі для работы сацыяльных медыя ў горадзе, садзейнічанні рэалізацыі творчага патэнцыялу моладзі і фарміраванні пачуцця асабістай прыналежнасці кожнага маладога чалавека да працэсаў развіцця горада. Праект дапамагае далучыць моладзь да вырашэння сацыяльных пытанняў, убачыць горад па-новаму — з яго гісторыяй, праблемамі, перспектывамі, з яго славутымі людзьмі.
З верасня 2016 года ў сярэдняй школе № 1 Жабінкі і ліцэі ажыццяўляецца пілотнае ўкараненне элементаў праекта “Электронная школа” — электронных сэрвісаў “Электронны дзённік”/“Электронны журнал” (аналіз паспяховасці і наведвальнасці). У інавацыйным рэжыме працуюць і сельскія ўстановы адукацыі. Так, у Крыўлянскай і Ракітніцкай сярэдніх школах рэалізоўваецца праект “Укараненне мадэлі вусна-гістарычных даследаванняў роднага краю як сродку развіцця сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў”.
— Якія пытанні вас як кіраўніка хвалююць сёння?
— Перш за ўсё тое, што ў раёне павялічваецца колькасць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. За 2016 год выяўлена 101 такое дзіця ў 46 сем’ях. 15 непаўналетніх атрымалі статус дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Для нашага маленькага раёна гэта вельмі многа, таму значную работу праводзім па ўладкаванні такіх непаўналетніх на сямейныя формы выхавання, па стварэнні апякунскіх і прыёмных сем’яў. У раёне зараз 11 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пражываюць у 5 прыёмных сем’ях. 18 пражываюць у 16 апякунскіх сем’ях. Разам з тым сем’яў, якія гатовы да такой формы выхавання на прафесійнай аснове, недастаткова. Запатрабаванасць у іх значна большая.
Адбылася і па-сапраўднаму радасная падзея на Жабінкаўшчыне. Напярэдадні калядных свят быў адкрыты першы ў раёне дзіцячы дом сямейнага тыпу. Віктар Рыгоравіч і Алена Віктараўна Януш сталі яго гаспадарамі і прыёмнымі бацькамі, расчынілі дзверы для пяці дзяцей — ураджэнцаў Жабінкаўскага раёна, якія засталіся без апекі бацькоў.
— Якія найбліжэйшыя задачы вы ставіце перад установамі адукацыі раёна?
— Сёння Беларусь робіць стаўку на развіццё, якое немагчыма без выкарыстання інтэлектуальнага і творчага капіталу, створанага ў сферы адукацыі. І сярод нашых асноўных прыярытэтаў, якія дазволяць забяспечыць якасную адукацыю, можна назваць найбольш поўнае выкананне запытаў сям’і на адукацыйныя паслугі ў сістэме дашкольнай адукацыі, у тым ліку на платнай аснове, павышэнне якасці агульнай сярэдняй адукацыі, развіццё інклюзіўнай адукацыі, аснашчэнне ўстаноў адукацыі сучаснымі сродкамі навучання, магчымасць удзелу педагогаў у міжнародных адукацыйных праектах.
Надзея ЦЕРАХАВА.