Далёкi і блiзкi свет Алега Навiцкага

- 16:56Моя школа

“Касманаўты — вечныя студэнты. Перад палётам здаём каля 250 экзаменаў”. Наш знакамiты зямляк Алег Навіцкі — пра жыццё на Мiжнароднай касмiчнай станцыi і свае зямныя захапленнi.

“Я моцны! Я зраблю гэта!”

— Алег Віктаравіч, у шматлікіх інтэрв’ю вы не аднойчы шчыра прызнаваліся, што да ліку выдатнікаў у школьныя гады не адносіліся. Аднак ці былі любімыя прадметы? 

— Геаметрыя, геагра­фія, фізіка, фізічная культура, канечне. (Усміхаецца.) Я быў шустрым хлопцам, усяго хапала. Але бацькі знайшлі выдатны стымул, каб я атрымліваў добрыя адзнакі. Калі яны былі ніжэй за чацвёрку, мяне не пускалі на трэніроўку па футболе. І мне даводзілася выпраўляць сітуацыю, рыхтавацца, падымаць руку і адказваць, каб мець магчымасць займацца любімым відам спорту.  

— Узгадаеце настаўнікаў, якія асабліва паўплывалі на вас?  

— Наш класны кіраўнік Ганна Іванаўна Наседчанка, настаўніца матэматыкі Вольга Васільеўна Яфіменка, настаўнік гісторыі Сямён Аронавіч Моўсік, фізікі — Сямён Маркавіч Карасік, фізічнай падрыхтоўкі — Валерый Ігнацьевіч Карповіч. Вельмі шкада, што многіх ужо няма з намі. Аднак яны ўсе ў маім сэрцы і памяці. Я ім вельмі ўдзячны — імі было закладзена тое, што сфарміравала мой характар. Перш за ўсё цікавасць да ведаў, уседлі­васць, знаходлівасць. Я перакананы: сістэма школьнай адукацыі часоў Савецкага Саюза была самай лепшай у свеце.   

— І аўтарытэт настаўнікаў быў тады на самым высокім узроўні. На чым ён трымаўся?  

— Так, павага да настаўнікаў была не пустым гукам. Калі бацькоў выклікалі ў школу — не ведаў куды хавацца. (Усміхаецца.) А зараз вучням, на мой погляд, дадзена занадта шмат свабоды і правоў і яны дазваляюць сабе часам адкрыта па-хамску сябе паводзіць. І ў гэтым плане педагогі не вельмі абаронены, таму і падае іх аўтарытэт. Бацькі сучасных школьнікаў лічаць, што галоўны ў школе вучань. А гэта не так, на маю думку. Настаўнік галоўны. Школа па-ранейшаму адыгрывае важную ролю ў выхаванні правільных арыенціраў і каштоўнасцей для маладого пакалення. І дарослыя павінны фарміраваць у сваіх дзяцей паважлівае стаўленне да настаўнікаў. 

— Акрамя вучобы і спорту, чым яшчэ былі запоўнены школьныя гады?  

— Як усе савецкія школьнікі, збіраў макула­туру, металалом, здаваў разам з класам рабіну. Удзельнічаў у КВЗ, перапісваўся з вучнямі з іншых краін у клубе інтэрнацыянальнай дружбы. У той час нас аб’ядноўвалі не дыскатэкі і зносіны ў інтэрнэце, а агульныя справы. Пры гэтым мы ўсе былі прывучаны да працы. Мне не сорамна было дапамагаць дзяўчынкам прыбі­раць клас — насіць ваду з першага паверха на трэці, дзе быў наш кабінет, а потым выносіць брудную на вуліцу. Абавязкова дапамагаў бацькам па гаспадарцы. 

— І марылі стаць лётчыкам! Чаму такая мара ўзнікла?  

— Мой стрыечны брат паступіў у Барысаглебскае лётнае вучылішча, менавіта ён і расказаў мне пра ўсю гэтую рамантыку, пра палёты, і я захапіўся. Гэта было ў 9 класе. Я нікому не сказаў пра сваю мару і пачаў мэтанакіравана рыхтавацца.  

— Вы ведалі, што вам не хапае некалькіх сантыметраў, каб адпавядаць параметрам, неабходным будучым лётчыкам для паступлення. І не спыніліся.  

— Так! Я зрабіў каля дома турнік — паміж апорамі слупа электраперадачы. І займаўся на ім. І калі прыйшоў час прахо­дзіць камісію — раённую і абласную, усе параметры па вазе і росце былі ў парадку. Сам іх праходзіў, бацькі нават не ведалі. Толькі пасля гэтага расказаў ім пра свой намер стаць лётчыкам. 

— Як яны адрэагавалі?  

— Маці, канечне, хацела, каб я паступаў вучыцца ў Мінск — бліжэй да дому, а бацька падтрымаў. 23 чэрвеня я здаў апошні экзамен па беларускай мове і літаратуры, а 24-га ўначы разам з ім паехалі на машыне ў Варонежскую вобласць, дзе знаходзілася вучылішча. Так што мне не давялося прысутнічаць на сваім выпускным школьным вечары. Такая вось ахвяра. (Усміхаецца.

У патрэбным месцы ў патрэбны час 

— Вы па-ранейшаму лічыце, што сталі касманаўтам выпадкова?

— Шчыра кажучы, нават думак быць касманаўтам у мяне не было. Але, калі заканчваў вучобу ў Лётнай акадэміі імя Ю.Гагарына, лёс падарыў шанс далучыцца да ліку пакарыцеляў космасу. Я рызыкнуў, не асабліва разлічваючы на поспех. Падумаў тады, калі адмоўлюся, дачка скажа: “Тата, у цябе быў такі шанс, а ты…” Напісаў рапарт, затым на працягу двух месяцаў выдатна справіўся з усімі выпрабаваннямі і быў залічаны ў атрад кас­манаўтаў. Праз паўгода мяне перавялі ў вайсковую часць у Зорным Гарадку. А праз пяць гадоў адбыўся мой першы палёт. У гэтым мне таксама вельмі пашанцавала. Па статыстыцы такое чаканне можа расцягнуцца на гадоў дзесяць. Сам працэс падрыхтоўкі займае шмат часу. Спачатку агульнакасмічная пад­рыхтоўка, потым вучышся як касманаўт-выпрабавальнік, а затым пачынаецца спецыялізацыя, дзе нас рыхтуюць як борт-інжынераў. І на кожным этапе экзамены. За паўтара года да старту пачынаем рыхтавацца па сваёй праграме палёту і адпрацоўваем усе пазаштатныя сітуацыі, якія могуць здарыцца пасля старту. 

Дасье 

Алег Віктаравіч Навіцкі нарадзіўся і вырас у Чэрвені. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 паступіў у Барысаглебскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча. Затым вучыўся ў Качынскім вышэйшым ваенным авіяцыйным вучылішчы лётчыкаў, пасля заканчэння якога атрымаў кваліфікацыю “лётчык-інжынер”. Давялося прымаць удзел у баявых дзеяннях на паўночным Каўказе. Далей была вучоба на камандным факультэце Ваенна-паветранай акадэміі імя Ю.Гагарына. 

У 2015 годзе з адзнакай скончыў магістратуру Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па кірунку “Дзяржаўнае і муніцыпальнае кіраванне” з прысваеннем кваліфікацыі “магістр”.

Дасягненні лётчыка-касманаўта адзначаны званнем Героя Расіі, таксама расійскімі і замежнымі ордэнамі і медалямі. 

Здзейсніў тры палёты ў космас на караблі “Саюз” — у 2012, 2017 і 2021 гадах. Правёў на арбіце 531 дзень 6 га­дзін 58 мінут. Падчас апошняга палёту тройчы выходзіў у адкрыты космас.

— Рыхтуюцца адразу два экіпажы. І абодва да дня старту знахо­дзяцца на касмадроме Байканур. Атрымліваецца, што інтрыга захоўваецца да апошняга моманту?

— Так, абодва экіпажы — асноўны і дублюючы — рознымі бартамі ляцяць на касмадром Байканур. Там мы праводзім два з паловай тыдні ва ўмовах жорсткага каранціну — усе сустрэчы і зносіны адбываюцца праз шкло. Калі прыходзіць дзень старту, перад выхадам экіпаж па традыцыі распісваецца на дзвярах таго нумара, дзе пражываў. І перш чым мы адправімся на пляцоўку касмадрома, нас поўнасцю апрацоўваюць спіртам з галавы да ног. Ужо на месцы апранаем скафандры, іх правяраюць на герметычнасць, і за дзве гадзіны да старту экіпаж садзіцца ў кабіну ракеты. Спачатку два борт-інжынеры, а потым камандзір. 

— Непасрэдна ў момант старту што адчувалі? 

— Эйфарыю! Усё, твой палёт пачаўся, яго ўжо не спыніць! Ракета набірае хуткасць, расце перагруз, мы выходзім на арбіту за 526 секунд. Настае бязважкасць, і мы ляцім да МКС. Наш карабель павінен дагнаць станцыю і прыстыкавацца. Калі гэта адбываецца, яшчэ на працягу дзвюх гадзін выраўноўваецца ціск, і толькі пасля адчыняюцца люкі. І мы аказ­ваемся на станцыі, дзе прыступаем да работы, да якой рыхтаваліся апошнія паўтара года. 

Касмічныя будні  

— Што гэта за работа?  

— Перш за усё, ставім эксперыменты ў самых розных галінах навукі — медыцыне, біятэхналогіі, прамысловасці. Некаторыя з іх ідуць у аўтаматычным рэжыме, некаторыя гадамі выконваюцца станцыяй. Мы ўдзельнічаем у маніторынгу зямной паверхні. Напрыклад, сочым за разлівамі рэк. Гэтая інфармацыя неабходная для наземных службаў, асабліва ў цяжкадаступных для праходжання месцах, каб прадухіліць цяжкія наступствы. Таксама сустракаем грузы — свае, партнёрскія, сустракаем і праважаем экіпажы іншых краін — удзельніц праекта. Ёсць традыцыя: раз на тыдзень вячэраць на адным з сегментаў МКС — расійскім, еўрапейскім, амерыканскім, японскім… На станцыі няма ніякіх меж — мы ўсе адна каманда. 

— Вольны час прадугледжаны? 

— Мы жывём па пэўным графіку. Пад’ём у 6:00, адбой у 21:30. Аднак у такі час ніхто яшчэ не спіць, таму што ў бязважкасці арганізм адпачывае намнога хутчэй. 60—70 працэнтаў часу траціцца на падтрыманне работы самой станцыі. Астатняе — навуковыя эксперыменты. Абавязкова кожны дзень фізічныя заняткі на трэнажорах — не менш як дзве з паловай га­дзіны. На асабісты час адводзіцца 1—1,5 гадзіны, але, як правіла, яго мы таксама займаем працай, рыхтуемся да доследаў, запланаваных на наступны дзень. Па суботах — уборка станцыі. Кожны наводзіць чысціню ў сваім сектары. 

— Што рабіць, калі захварэеш?

— Перад вылетам мы праходзім каласальную медыцынскую падрыхтоўку. У нас заўсёды ёсць сувязь з доктарам, мы забяспечаны неабходнымі медыкаментамі. 

— Здараюцца аварыйныя выпадкі? 

— Пры падрыхтоўцы да палёту шмат увагі ўдзяляецца вывучэнню пазаштатных сітуацый і іх прадухіленню. Тэхніка можа сапсавацца — і гэта нармальна. Таму, калі неабходна, падчас знаходжання на МКС рамантуем, замяняем дэталі. Некалькі разоў спрацоўвалі датчыкі дыму. Прычым кожны раз ноччу, калі экіпаж спаў. Мы выскоквалі са спальных мяшкоў, вывучалі прыборы, засыналі, а яны зноў спрацоўвалі. Было і сапраўднае ўзгаранне блока, і разгерметызацыя. Аднойчы станцыя вельмі рэзка развярнулася на вялікі вугал — выпраўлялі праблему агульнымі сіламі.

— Праўда, што ў космасе павялічваецца рост? 

— Гэта так. З-за таго, што адсутнічае гравітацыя і на пазваночны слуп няма нагрузкі, цела выцягваецца. Я падрастаю сантыметры на чатыры. Пасля вяртання на Зямлю паступова ўсё прыходзіць у ранейшы стан. Адчуванні, прама скажу, не з прыемных — з-за такіх расцяжак першы час як у космасе, так і на Зямлі ные спіна. 

— З роднымі падтрымліваеце зносіны, калі знаходзіцеся на арбіце? 

— У нас практычна кругласутачная сувязь з Зямлёй, ёсць інтэрнэт, так што мы ў курсе ўсіх падзей. Можна патэлефанаваць блізкім. Праўда, затрымка сігнала складае каля 4 секунд. Мне падабаецца віншаваць сяброў са святамі. Яны заўсёды здзіўлена задаюць пытанне: “Цябе выгналі з космасу?” Пры гэтым ім прыемна — не кожны можа пахваліцца, што яго павіншавалі з арбіты. Раз у тыдзень ладзіцца прыватная відэаканферэнцыя з сям’ёй. 

— Што для вас самае складанае падчас палёту? 

— Работа з дробнымі рэчамі. Шрубкі, болцікі, гаечкі трэба прыляпляць на скотч, інакш яны разлятаюцца ў розныя бакі. Другі момант, ты доўгі час знаходзішся ў замкнёнай прасторы з абмежаванай колькасцю людзей. Для любога чалавека гэта сур’ёзная псіхалагічная нагрузка. Нарэшце, з цяжкасцю прывыкаеш да таго, што спаць даводзіцца стоячы. Ловіш сябе на думцы, што засумаваў па падушцы і хочацца проста паляжаць на канапе. 

— Як харчуюцца касманаўты? 

— Рацыён харчавання падчас палёту мы выбіраем за паўгода да яго. Раней нам прапаноўвалі 7-сутачны набор, цяпер меню значна пашырылася — да 16-сутачнага. Гарбату і каву касманаўты п’юць з пакетаў, сокі — з маленькіх тэтрапакаў праз трубачку. Асноўнае правіла харчавання — ніякіх дробных прадуктаў. Яны разляцяцца, і існуе рызыка, што трапяць у дыхальныя шляхі. Арэшкі ўжываем толькі вычышчаныя, выпечка асаблівая — у выгля­дзе маленькіх батончыкаў на адзін укус, кожны з якіх спакаваны асобна. Уся астатняя яда ў выглядзе пюрэ ў бляшанках або ў сублімаваным у пакетах. 

— Па якой ежы сумуеце?

— Самым вялікім далікатэсам у космасе лічыцца свежая садавіна. Часта хочацца звычайнай яды — смажанай бульбы, вэнджанай каўбасы. Сумую, канечне, па любімых з дзяцінства драніках з мясам і бабцы. 

Вялікае бачыцца здалёк

— Якіх зямных рэчаў больш за ўсё не хапае ў космасе?

— Паху і шуму лесу, подыху ветру, скрыпу снегу пад нагамі. Тых рэчаў, якім на Зямлі не надаеш значэння. Не хапае падаючай на цябе вады. Набор гігіенічных сродкаў дазваляе касманаўтам трымаць сябе ў чысціні, але так сумуеш па звычайным душы. 

Цікавыя факты  

— Скафандр, у якім ляціць касманаўт у ракеце, важыць каля 12 кг. Той, які прызначаны для работы ў адкрытым космасе, — больш за 100 кг. Але ва ўмовах бязважкасці такі груз не адчуваецца.

Перад палётам расійскія касманаўты разам з членамі сям’і і калегамі глядзяць фільм “Белае сонца пустыні”. А непасрэдна перад стартам па традыцыі ў кабіне гучаць любімыя песні членаў экіпажа.

— Алег Віктаравіч, у вас ёсць цікавае захапленне — вы робіце здымкі, знаходзячыся на арбіце. Што прыцягвае больш за ўсё вашу ўвагу? 

— МКС знаходзіцца не так і далёка ад паверхні Зямлі, усяго за 400 кіламетраў. І мы бачым паў­сферу. Ну а выгляд, вядома, зачаравальны. На жаль, ніводная сучасная апаратура не зможа пера­даць тую прыгажосць, глыбіню і маштаб планеты, якія бачым мы. Канечне, я рабіў фотаздымкі Будзёнаўска, дзе праслужыў 10 гадоў, Барысаглебска, дзе вучыўся. А вось сфатаграфаваць Мінск не ўдавалася вельмі доўга: то арбіта не прахо­дзіла над горадам, то на­двор’е не дазваляла. І ўсё-такі пашчасціла зра­біць здымак. Я даволі добра ведаю горад, вельмі люблю яго, дарэчы, паглядзеў — адразу пазнаў многія месцы, напрыклад, плошчу Перамогі, бачныя дарогі, асноўныя абрысы кварталаў. Падчас другога палёту спрабаваў зняць з вышыні Чэрвень, маю родную вуліцу, возера, побач з якім вырас. Палёт быў зімовы — то горад закрыты аблокамі, то віток арбіты праходзіў далёка ад роднай зямлі. На шчасце, атрымалася. 

— А на Зямлі вы любіце пакатацца на матацыкле і хадзіць на паляванне. 

— Паляваць люблю. Мне здаецца, большасці мужчын падабаецца трымаць у руках зброю. На самай справе на паляванне ходзяць не толькі за трафеямі. Гэта перш за ўсё магчымасць пагутарыць з сябрамі ў выключна мужчынскай кампаніі. Плюс пачуццё рызыкі. А матацыкл дазваляе пераключыцца, атрымаць асалоду ад хуткай язды.  

— Нягледзячы на вялікую занятасць, вы знаходзіце час на сустрэчы са школьнікамі, кадэтамі, гімназістамі. Чаму для вас гэта важна? 

— Перш за ўсё, каб расказаць пра сваю работу: што адбываецца перад палётам, якую падрыхтоўку праходзяць касманаўты, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца. Мала хто ведае, што мы працуем часам і без выхадных, пастаянна вучымся і здаём экзамены. У ЗША ёсць YouTube-канал, на якім 24 гадзіны ў суткі можна назіраць, як працуе Міжнародная касмічная станцыя і што на ёй адбываецца. У нас пакуль такога канала няма, хаця мы, касманаўты, за яго стварэнне — няхай нас здымаюць, няхай людзі бачаць, якія навуковыя эксперыменты праводзяцца на борце станцыі, як мы працуем, як праводзім час.

— Цікавасць дзяцей да тэмы космасу радуе?  

— Яшчэ як! Мне прыемна з імі падзяліцца сваімі ведамі, адказаць на іх шматлікія пытанні. Спа­дзяюся стаць для кагосьці прыкладам таго, што ў гэтым жыцці магчыма ўсё. І натхніць далучыцца да такой незвычайнай прафесіі.  

— Ганарыцеся тым, што вы беларус?  

— Вельмі. Кожны раз абавязкова браў з сабой на борт наш сцяг, раскрываў яго на станцыі. Прыемна, што да беларусаў вельмі добра ставяцца, лічаць нас годнымі людзьмі.  

— Не сакрэт, што ў нашай краіне прайшоў адбор кандыдатаў у касманаўты. Не хвалюецеся, што прыйдзецца перадаць эстафету?   

— Наадварот, я з радасцю, чым магу, дапамагу, падстаўлю плячо, падкажу, як і што. А калі пашчасціць паляцець разам, і ў палёце буду дапамагаць. Пасля крайняга палёту я прайшоў медкамісію і прызнаны годным да палётаў. Зараз экіпажы ўсе распісаны да 2025 года. Але шанс у мяне ёсць! 

Марына ЖДАНАВА.