Дапамагаем адно аднаму і паспяхова рэалізоўваем сумесныя праекты

- 12:52Інфармацыйная гадзіна

Сумесны з Кітаем праект па будаўніцтве ў Беларусі сацыяльнага жылля з’яўляецца адным з паспяховых прыкладаў супрацоўніцтва. Такое меркаванне выказаў першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Кручанаў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ў Мінску праекта па другім этапе будаўніцтва сацыяльнага жылля з прыцягненнем тэхніка-эканамічнай дапамогі кітайскага ўрада.

Аляксандр Кручанаў назваў вельмі важным праект узвядзення ў розных рэгіёнах Беларусі сацыяльнага жылля, які складаецца з трох этапаў. Кватэры будуць выдзяляцца для сацыяльна слабаабароненых слаёў насельніцтва, пры гэтым застаючыся ў камунальнай форме ўласнасці.

“Гэта не адзіны сумесны з Кітаем праект”, — сказаў першы намеснік міністра. Ён падкрэсліў важнасць таго, што ў Беларусі быў паспяхова завершаны першы этап будаўніцва, у адпаведнасці з якім узведзена 16 сацыяльных дамоў. “Вельмі важна, што мы дапамагаем адно аднаму і паспяхова рэалізоўваем сумесныя праекты”, — заўважыў ён.

У сваю чаргу намеснік старшыні Мінгарвыканкама Віктар Лапцеў падкрэсліў, што ў беларускай сталіцы цесныя кантакты з кітайскімі партнёрамі. Дзякуючы рэалізацыі сумесных праектаў, паляпшаецца інфраструктура горада, а ў 2019 годзе будзе здадзены ў эксплуатацыю 80-кватэрны сацыяльны дом. Узвядзенне сацыяльнага жылля — адзін з важных напрамкаў развіцця горада.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін падкрэсліў узаемнасць падтрымкі КНР і Беларуссю адна адну. Ён адзначыў, што Беларусь аказвала дапамогу Кітаю ў ліквідацыі наступстваў разбуральных землетрасенняў.