Дапамагчы выйсці за рамкі

- 11:43Спецыяльная адукацыя

Усе дзеці розныя: дзіця можа быць у нечым адораным (у музыцы, мастацтве), але пры гэтым не мець самых простых бытавых і сацыяльных навыкаў. Адно і тое ж дзіця ў розных сітуацыях можа быць нязграбным, а можа дэманстраваць надзвычайную маторную спрытнасць. Я ўжо трэці год працую з дзецьмі з АПФР, і сярод маіх навучэнцаў ёсць і малыя з дыягназам “аўтызм”. Мы многа гаворым аб праблеме аўтызму. А што гэта такое? Чым дзіця з аўтызмам адрозніваецца ад звычайнага?

Дзіця з аўтызмам вельмі звязана ўласнымі стэрэатыпамі. Увесь яго ўнутраны свет заціснуты ў жорсткія рамкі, выхад за якія для дзіцяці з’яўляецца трагедыяй. Гэта звязана перш за ўсё з так званай неафобіяй — бояззю ўсяго новага. Прывыканне да педагога ідзе паступова. І не трэба чакаць, што ўжо на другіх занятках дзіця зробіць усё, што ад яго патрабуецца ў рамках урока, яно можа проста сядзець і назіраць за вамі. Паўтаруся: усе дзеці розныя, да кожнага патрабуецца свой падыход. Напрыклад, Саша на першых жа занятках са мной развітаўся, а Даша толькі праз паўгода ўзяла мяне за руку.

Хочацца даць невялікія падказкі, якія я вынесла з вопыту работы з дзецьмі з аўтызмам і якія дапамогуць іншым педагогам, пракладуць дарожку зносін паміж ім і навучэнцамі.

1. Сацыяльная камунікацыя. Для дзяцей з расстройствамі аўтычнага спектра міміка і іншая мова цела — гэта такая ж чужая мова, як у выпадку, калі б усе навокал гаварылі па-кітайску. Такія дзеці дрэнна або ўвогуле не ўспрымаюць жарты, выраз твару, змену тону голасу.

Падказка: размаўляйце роўна, для прыцягнення ўвагі не павышайце голасу, а паўтарыце некалькі разоў заданне. Паверце, так будзе лепш, бо некаторыя дзеці пры змяненні тону закрываюцца і вывесці з гэтага стану іх ужо не так проста.

2. Сацыяльнае ўзаемадзеянне. Дзецям з аўтызмам часта складана распазнаць або зразумець эмоцыі і пачуцці іншых людзей, а таксама складана выказаць свае. З-за гэтага яны могуць адчуваць дадатковыя цяжкасці ў сацыяльных сітуацыях, могуць не разумець няпісаных сацыяльных правіл, якія большасць людзей засвойвае неўсвядомлена. Напрыклад, такія могуць стаяць занадта блізка да іншага чалавека або здавацца бяздушнымі, таму што не разумеюць, што адчувае іншы чалавек.

Падказка: не звяртайце ўвагі на падобныя нестыкоўкі, не патрабуйце праявы эмоцый. “Дзень які? Сонечны, вясёлы”. А дзіця не разумее, чаму вясёлы. Вучыце, мякка накіроўвайце. “Вось мордачка. Што яна робіць? Усміхаецца? А калі ты ўсміхаешся? Калі табе добра, весела, прыемна? Значыць, мордачка якая? Вясёлая! Малайчына!”

3. Сацыяльнае ўяўленне. Не блытаць з адсутнасцю ўяўлення! Сацыяльнае ўяўленне дазваляе разумець і прадказваць паводзіны іншых людзей, разумець абстрактныя ідэі і ўяўляць сабе сітуацыі па-за нашым непасрэдным вопытам. Цяжкасці з сацыяльным уяўленнем прыводзяць да таго, што людзям з аўтызмам складана разумець і інтэрпрэтаваць думкі, пачуцці і дзеянні іншых людзей, прадказваць, што адбудзецца потым або можа адбыцца, разумець канцэпцыю небяспекі, напрыклад, чаму лепш не выбягаць на ажыўленую шашу.

Падказка: у гэтым выпадку вам крыху дапамогуць прычынна-выніковыя сувязі. “Чаму было тое і тое?”, “А таму што…”. Уважліва сачыце за падачай інфармацыі, па магчымасці спрашчайце яе. “Чаму плача? Параніўся. Чаму параніўся? Упаў. Чаму ўпаў? Спяшаўся, спатыкнуўся…” Развівайце ланцужкі дзеянняў, так іх лягчэй разумець.

Многія людзі з аўтызмам валодаюць ажыўленымі спецыяльнымі інтарэсамі, якія часта з’яўляюцца ў даволі раннім узросце. Спецыяльныя інтарэсы могуць мяняцца з часам або заставацца пажыццёвымі. Гэта можа быць мастацтва або музыка, цягнікі або камп’ютары. Некаторыя людзі з аўтызмам змогуць атрымаць адукацыю і працаваць у галіне свайго спецыяльнага інтарэсу. Для іншых спецыяльнасцей інтарэс застанецца хобі.

У Мазырскім ЦКРНіР праходзіла персанальная выстава маёй навучэнкі Дар’і, а таксама былі прадстаўлены работы маіх навучэнцаў з аўтызмам.

Даша — цікавая і загадкавая дзяўчынка, з якой я працую з пачатку навучальнага года. Хаця Даша не гаворыць, мы з ёй выдатна разумеем адна адну. І я ведаю, што ёй падабаюцца нашы заняткі. Яна старанна складвае работы ў прынесеную мной папку або, калі чакае заканчэння заняткаў, адразу ж бяжыць хваліцца новым вырабам.

Саша і Ілья адначасова і падобныя, і адрозніваюцца адзін ад аднаго. Ілья — мурашка, карпатліва, акуратна клеіць, лепіць, выразае. Вельмі любіць афармляць работы ў рамачку, выстаўляць на паліцах гатовыя вырабы і, канечне, хваліцца сваёй бабулі. Саша — летуценнік, заўсёды ўсё крыху змяняе на свой густ, уносіць сваю нотку, іскрынку. Сашу падабаюцца машыны і матылькі, ён часта просіць намаляваць іх.

Мы пасябравалі. І не толькі я вучу іх маляванню і аплікацыі, але і яны вучаць мяне. Вучаць мець зносіны, вучаць новым правілам адносін і шмат чаму іншаму. Гэта маленькая прыступка наверх — як для іх як развіццё творчай асобы і самаўдасканаленне, так і для мяне як для педагога. Мы ідзём па такіх прыступках, а часам і пераступаем праз дзве. У нас наперадзе доўгая лесвіца, і мы даведаемся, што ж там такое цікавае наверсе!

Дзіяна ФАМІЧОВА,
педагог дадатковай адукацыі Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.