Дарослыя дзецi

- 12:43Выхаванне, Дадатковая адукацыя

Цяжка растлумачыць французу, як прайсцi ў бiблiятэку, калi ўсё, што ты ведаеш на мове Бадлера, гэта “шаршэ ле фам”. А вось для нашай сённяшняй суразмоўніцы гэта не праблема. Яна з лёгкасцю адкажа месье, што ў тры гадзiны ночы бiблiятэкi не працуюць. Такiм чынам, мы накiроўваемся ў госці да заснавальнiцы франкафоннага тэатра Les Enfants Sages пры гімназіі № 8 Віцебска Ганны Аляксандраўны Прашкевіч.

— Ганна Аляксандраўна, што азначае назва вашага тэатра?

— Яе можна перакласцi як “дарослыя дзеці” цi “мудрыя дзеці”. 

— Гэта зыходзячы з iнтэлектуальнага ўзроўню? Кажуць жа, што вывучэнне замежных моў стымулюе мозг…

— Сапраўды, гэта навуковы факт. Мае тэатралы вывучаюць адразу дзве мовы: асноўная ў гiмназii — англiйская, французская iдзе як другая замежная. Многiя дзецi вырашылi вывучаць яе менавiта пасля ўдзелу ў спектаклi, каб стаць актыўнымi ўдзельнiкамi тэатра. Неяк мне давялося рабiць пастаноўку на французскай з дзецьмі, якія да гэтага не вывучалі яе наогул. I гэта было вельмі складана — ставiць вымаўленне, вучыць тэксты, але коштам вялікіх намаганняў мы атрымалi добры вынік. 

— Ці не прасцей адразу рабіць спектаклі на англійскай?

— Iх мы таксама ладзiм, але, на жаль, з пастаноўкамi на англійскай выхад далей, чым на вобласць, абмежаваны: з раёна на вобласць выбiраюцца 1-2 п’есы, i гэта пры тым, што, каб паставiць 10-мінутны спектакль, даводзіцца працаваць амаль год… Намаганнi не апраўдваюць сабе, не дзiўна, што ў настаўнiкаў крыху апускаюцца рукi. Іншая справа — пастаноўкі на французскай. З iмi можна паўдзельнічаць i ў мінскім фестывалі, i ў міжнародных конкурсах. Францыя — краiна тэатраў, яна прадастаўляе аматарскiм калектывам выдатныя магчымасці.

Спецыфiка драматургii сёння — гэта яе сацыяльная накiраванасць. Нядаўна паставiлi п’есу Сiмона Цьеры “Рытуал”, прысвечаную праблемам адаптацыі і інклюзіі.

— Што вы ставіце? Класіку?

— Не, яе ў нашым рэпертуары амаль няма. Класічныя творы вельмі складана скараціць да патрэбнага фармату. Раённыя спектаклі займаюць прыкладна 10 мінут, на мінскім фэсце дазваляецца прадставiць 15-мінутную пастаноўку. Сцiскаць класічны твор да такiх памераў — справа няўдзячная i нават шкодная. Сучасныя аўтары працуюць у зручным для нас фармаце. Мы можам узгадніць з імі ўсе змены, якiя ўносiм у спектакль. Напрыклад, калi для навучэнца не засталося ролi, а ён вельмi хоча ўдзельнiчаць, можна дапiсаць для яго некалькi рэплiк, паведамiць аб гэтым драматургу, атрымаць зваротную сувязь. Да таго ж новы рэпертуар напісаны на сучаснай гутарковай французскай, а гэта выдатная трэнiроўка навыкаў гутарковага маўлення для маiх вучняў. Некаторыя аўтары выкладваюць свае п’есы ў інтэрнэце як аўдыятворы, і мы можам паслухаць іх у арыгінальным выкананні. Акрамя таго, спецыфiка драматургii сёння — гэта яе сацыяльная накiраванасць. Сучасныя аўтары выкрываюць i аналiзуюць глыбiнныя праблемы, характэрныя для нашага грамадства. Нядаўна мы паставiлi п’есу Сiмона Цьеры “Рытуал”, прысвечаную праблемам адаптацыі і інклюзіі. У ёй расказваецца пра сляпых i глухiх дзяцей, пра тое, як цяжка ім вырвацца за межы замкнёнага кола “не такiх” людзей. Дагэтуль мы рабiлi пастаноўку “Як зорка” па творы Мiшэля Белье — мiстычнай гiсторыi пра дзяцей, што ўспамінаюць сваю смерць…

— Вам хтосьцi дапамагае рыхтаваць спектаклi?

— Так, часам да работы далучаюцца мае калегi з гiмназii. Апошні спектакль мы рабілі з настаўніцай англійскай мовы Марынай Рыгораўнай Краўцовай. Зараз трупа тэатра складаецца переважна з вучняў 8—11 класаў, якiя маюць трывалую лексiчную базу, яны ўжо некалькi гадоў вывучаюць французскую. Засвойваць франкамоўны рэпертуар з iмi значна лягчэй, але тут большае пытанне разняволення — дабiцца выразнага выканання.

— Вы разлічваеце на гледача, якi разумее па-французску?

— Асобныя нашы спектаклі можна глядзець i не ведаючы мовы, калi ў дзеянне ўступаюць вобразы i сiмвалы. А да некаторых п’ес патрэбны тлумачэнні, асаблiва пры вялiкiх аб’ёмах тэкстаў. Хаця эмацыянальна дзецi стараюцца прадстаўляць спектаклi так, каб гледачы ўсё разумелi без слоў.

Вiталiна НЕСЦЯРОВIЧ.