Дарослыя пытанні

- 18:48Псіхолаг у школе, Сацыяльны ракурс

Жыццё не робіць скідкі на юнацтва. Яно часам ставіць перад падлеткам сур’ёзныя, дарослыя пытанні і чакае на іх адказу. Гэта добра разумее педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 3 Астраўца Юлія Альбінаўна Ражко, якая шмат працуе са старшакласнікамі. Якія дарослыя пытанні задаюць яны спецыялісту? Пра гэта, а таксама пра спецыфіку работы з сучаснымі падлеткамі — наша размова са спецыялістам.

Дзіця ці маленькі дарослы?

— У сваёй школе я суправаджаю 8—11 класы, адпаведна, праблематыка, з якой да мяне звяртаюцца навучэнцы, асаблівая, — пачынае Юлія Альбінаўна. — На мой погляд, гэта дастаткова востры ўзрост. Дадам, што надзвычай важнае пры рабоце з падлеткамі і ўзаемадзеянне з іх бацькамі. Нягледзячы на тое, што ў гэтым узросце дзеці ўжо даволі самастойныя і хочуць аддзяліцца ад бацькоў, быць аўтаномнымі, бацькі вельмі на іх уплываюць. 

— Спецыфіка раёна ў тым, што Астравец — горад атамшчыкаў. Гэты факт аказвае ўплыў на вашых навучэнцаў? 

 — У нас новая школа, дзе вучыцца шмат дзяцей расіян, а таксама грамадзян іншых краін. Я бачу, што гэтыя дзеці адрозніваюцца ад юных беларусаў: яны больш разняволеныя, смелыя, бываюць дзёрзкімі. Аднак, што мяне вельмі радуе, яны спакойна ўліваюцца ў наш разнашэрсны калектыў, лёгка адаптуюцца да нашых рэалій. Дзеці хутка пачынаюць сябраваць паміж сабой, і нашы дзеці вельмі добра прымаюць равеснікаў з іншых краін. 

Дзеці — гэта такія ж людзі, як і дарослыя. Яны жадаюць нармальных чалавечых адносін, увагі і павагі да сябе. Яны хочуць, каб да іх ставіліся, як да роўных, як да асобы.

— Падлетак — гэта дарослае дзіця ці маленькі дарослы? Як вы лічыце як спецыяліст?

— Я лічу, што дзіця з самага маленькага ўзросту — гэта чалавек. А дарослыя часам ставяцца да падлетка як да непаўнавартаснага чалавека. Яны прымяншаюць праблемы, ад якіх пакутуе дзіця, абясцэньваюць іх: “Калі ты вырасцеш, то нават не ўспомніш пра гэтую лухту”. А дзіцяці балюча зараз, у гэты канкрэтны момант. Гэта тое, што складае яго жыццё, зараз гэта ўвесь яго Сусвет. Нельга абясцэньваць дзіцячыя праблемы, бо дзіця іх пражывае не менш хваравіта, чым дарослы.

Нам не хапае эмацыянальнай  гігіены

— З якімі праблемамі сутыкаюцца сучасныя падлеткі?

— Падлеткі сутыкаюцца з праблемай эмоцый. Людзей нашага пакалення ні­хто не вучыў выказваць эмоцыі. Памятаю, як дзецям гаварылі: “Глядзі, як непрыгожа злавацца”. Гэта вельмі небяспечна — ха­ваць эмоцыі, бо яны нікуды не дзяваюцца. Мы можам не паказваць сваю злосць, а яна бу­дзе назапашвацца ў нас і аднойчы выбухне. А ў падлеткаў з-за гарманальнай перабудовы арганізма гэтыя эмацыянальныя выбухі здараюцца часцей. Лічу, што ўсім нам не хапае эмацыянальнай гігіены. Яна павінна ­стаць штодзённай справай, як чыстка зубоў і іншыя ранішнія працэдуры. 

Па маіх адчуваннях, праблема з няўменнем праяўляць эмоцыі зараз стала больш вострай, і я гэта звязваю з вялікай колькасцю агрэсіі, якая ліецца на дзяцей з экранаў тэлевізараў і смартфонаў. Яшчэ адна праблема ў тым, што ў сем’ях не ўмеюць выра­шаць праблемы, іх стараюцца замоўчваць, і гэта вельмі адбіваецца на дзецях. Бацькі ўпэўнены, што дзіця нічога не чуе, бо яны сварацца тады, калі яго няма дома. Яны ўпэўнены, што дзіця нічога не заўважае, бо яны дома наогул не высвятляюць адносіны. Дарослыя не ўсведамляюць, што дзіця, знаходзячыся ўнутры бацькоўскага канфлікта, адчувае яго літаральна скурай, і, на мой погляд, гэта яшчэ горш, чым адкрытыя канфлікты. Бо ў адкрытым канфлікце дзіцяці ўсё зразумела, а ў схаваным дзіця адчувае, што нешта адбываецца, і жыве ў пастаяннай трывозе, пачынаючы часам грызці пазногці, выры­ваць валасы, расчэсваць скуру, дрэнна спаць. 

— І што рабіць бацькам у такім выпадку?

— Разбірацца са сваімі праблемамі. Дарэчы, калі яны пачынаюць гэта рабіць, асабліва мамы, гэта можа дапамагчы вырашыць праблемы дзіцяці, нават не працуючы непасрэдна з ім. З іншага боку, вельмі цяжка дапамагчы дзіцяці, асабліва да 10 гадоў, калі не вырашаць сямейную праблему, якая спараджае праблемы ў дзіцяці. Гэта тое ж самае, калі да раны, якую трэба аперыраваць, мы прыкладваем ліст трыпутніку. 

Маладыя мамы сабе ўяўляюць, што мацярынства — гэта суцэльнае шчасце. Аднак калі нараджаецца дзіця, ім становіцца відавочна, што быць мамай цяжка, нават мацярынскі інстынкт можа прачнуцца ў жанчыне не адразу. А хочацца ж быць добрай маці. Таму жанчына прымае для сябе ўстаноўку, што яе дзіця нейкае не такое, яно падобна не на яе, а на сям’ю мужа, і г.д. І мама пачынае ляпіць са свайго дзіцяці некага, кім яно не з’яўляецца, падобна на тое, як з квадрата імк­нуцца зрабіць круг, зразаючы вуглы. Я бачу гэта ў сучасных маці, хаця тэндэнцыя ў нашым грамадстве такая, што дзецям удзяляюць шмат увагі, развіваюць іх бясконца. Але якая гэта ўвага? Калі маці ўсюды возіць дзіця, але можа быць вельмі далёкай ад яго? Ці калі маці разумее, што адбываецца з яе дзіцем, знаходзіцца з ім на адной хвалі? 

Замкнуты круг

— Якія яшчэ пытанні задаюць вам дзеці ў перыяд сталення? 

— Другі вялікі блок праблем — узаемаадносіны з супрацьлеглым полам. Падлеткаў хвалююць пытанні накшталт “чаму ён не звяртае на мяне ўвагі?”, “што мне зра­біць, каб яна зацікавілася мной?” і г.д. Зразумела, падлеткаў хвалююць пытанні сексуальнага характару: ці магчыма зацяжарыць пры сумесным наведванні басейна, саўны? Ці выклікае бясплоддзе ўжыванне піва? Чым жаданае дзіця адрозніваецца ад нежаданага? Чаму ахвяры насілля ўтойваюць гэты факт? Такія пытанні падлеткі гатовы задаваць сваім бацькам, найперш — маме. Нават для мяне гэта было нечаканым. 

— А сучасныя бацькі гатовы на іх адказваць?

 — Большая іх частка — не, не могуць. Бацькі не ведаюць, як падабраць словы для даверлівай размовы. Яны нават выказваюць упэўненасць, што гэтымі пытаннямі павінны займацца… школьныя настаўнікі. Але зразумела, што педагогі таксама не ў стане займацца яшчэ і палавой асветай навучэнцаў. Атрымліваецца замкнуты круг, у які трапляе падлетак. І пакуль бацькі і педагогі разбіраюцца, хто пра што павінен з падлеткам гаварыць, ён шукае адказы на свае пытанні на сайтах для дарослых. 

Твая мама вавёрка,  а ты — кракадзільчык

— Чаго чакае падлетак ад сваіх бацькоў? І што ён атрымлівае ад іх, а чаго не атрымлівае? 

— Падлеткі чакаюць, што бацькі будуць іх разумець. Аднак што для падлетка значыць разуменне бацькоў? Я прыво­джу дзецям прыклад: уяві, што твая мама вавёрка, а ты — кракадзільчык, і мама корміць цябе арэшкамі замест мяса. Калі мы пачынаем з дзіцем разбірацца, то часта прыходзім да таго, што мама штосьці ро­біць па-свойму, што не задавальняе дзіця. І тады я вучу падлеткаў абазначаць свае патрэбы, каб бацькі ведалі, што для яго важна. Напрыклад, варта сказаць маме, як важна для дзіцяці, каб мама яго абняла і пагладзіла па галаве. 

Калі я працую з групай, то прапаную падлеткам наступнае практыкаванне: адказаць на пытанне, чаго яны ніколі не зробяць, калі будуць бацькамі. Бацькам пасля вельмі карысна пачытаць адказы дзяцей. “Ніколі не буду лазіць у мабільны тэлефон дзіцяці”, “Не буду ўваходзіць у пакой дзіцяці без стуку”, “Не буду крычаць, а буду спакойна пытацца”. Дзеці — гэта такія ж людзі, як і дарослыя. Яны жадаюць нармальных чалавечых адносін, увагі і павагі да сябе. Яны хочуць, каб да іх ставіліся, як да роўных, як да асобы. На такіх занятках некаторыя бацькі часам успамінаюць свае дзіцячыя мары. Адна з мам расказвала, што ў дзяцінстве яе вельмі лаялі, калі яна штосьці ненаўмысна разбівала. І яна думала, што сама ніколі не будзе так паводзіць сябе са сваім дзіцем. А цяпер стала заўважаць, што яе крык як быццам вырываецца сам па сабе. Так працуюць неўсвядомленыя бацькоўскія ўстаноўкі.

— На ваш погляд, на чым павінна грунтавацца бацькоўскае выхаванне?

 — На асабістым прыкладзе і шчырых зносінах. Я гавару бацькам, што дзеці могуць нас не чуць, яны проста паўтара­юць за намі нашы дзеянні. Бацькі хочуць, каб іх дзіця было шчаслівым у жыцці. І чамусьці яны думаюць, што шчасце будзе потым, да яго трэба прыйсці. Аднак навучыцца быць шчаслівым чалавекам, разумець гэтае шчасце мы можам у сваіх бацькоў, бо яны даюць нам арыенцір. Часам я чую ад маці: “Што мне трэба? Я працую, жыву дзеля дзіцяці, толькі б яно было шчаслівым. Мне больш нічога не трэба”. Але як у такім выпадку дзіця навучыцца быць шчаслівым? Мы, бацькі, для яго самыя блізкія людзі, таму задача любога з бацькоў — быць самому шчаслівым чалавекам, разабрацца са сваім жыццём. Бо ўсё гэта адбіваецца на нашых дзецях. 

— Ці працуеце вы з бацькамі сваіх навучэнцаў?

— Так. Падлетак сам можа папрасіць, каб я пагаварыла з яго маці ці бацькам. У бягучым годзе ў мяне было некалькі сумесных сустрэч — дзіця з мамай. Адна з пар ледзь не пабілася, настолькі жорстка яны высвятлялі адносіны паміж сабой. Аднак плён ад такіх сустрэч велізарны. Праўда, была пара, дзе я так і не дастукалася да мамы, і на другую сустрэчу са сваім дзіцем яна не прыйшла. Прычым у гэтай пары дачка стварала ўражанне больш псіхалагічна сталай асобы, чым яе мама. У жанчыны былі суцэльныя крыўды на дачку, а вось дзяўчынка паводзіла сябе вельмі мудра. 

Паглыбленне ў сябе і ў прафесію

— Яшчэ адзін вялікі блок праблем падлеткавага ўзросту…

 — Гэта пытанні, якія датычацца прафесійнага самавызначэння, выбару прафесіі і страху будучыні. Ён вельмі ярка адчуваецца пры апрацоўцы анкет па выяўленні суіцыдальных рызык. Каля 80% падлеткаў адказваюць, што будучыня іх пужае. Прычым гэта назіраецца і ў тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія паспяховыя ў вучобе.

Безумоўна, гэтаму спрыяюць бацькі, педагогі, якія нагнятаюць абстаноўку, падганяюць, заганяюць у тупік бясконцымі пытаннямі і крытыкуюць. У такім стане цяжка пачуць сябе і вызначыцца. І мы вельмі дапаможам нашым дзецям, калі будзем РАЗАМ з імі праглядаць топы прафесій, абмяркоўваць гэтыя тэмы ў добразычлівым фармаце, разважаць, падказваць. Выдатна, калі ў бацькоў ёсць магчымасць арганізаваць “паглыбленні” ў прафесіі (дамовіцца са знаёмымі, сваякамі, якія працуюць у розных сферах, каб дзіця правяло гэты дзень побач з імі, адчула “смак” прафесіі, яе асаблівасці). Адным словам, добра, калі падлетак максімальна “накаштуецца”. Тады свядомасць пачне працаваць у напрамку пошуку, разумення сябе, а не змагацца са страхам.

— Юлія Альбінаўна, якімі вы бачыце перспектывы сваёй работы з падлеткамі?

— У мінулым годзе мая навучэнка заняла 2-е месца на Рэспубліканскай алімпіядзе па псіхалогіі. Калі гаварыць пра перспектывы, то мне вельмі хацелася б, каб у школьнай праграме з’явіліся ўрокі па псіхалогіі, таму што дзецям надзвычай важна спазнаваць сябе, разумець свае пачуцці. Аднак мне вельмі не хочацца ператвараць псіхалогію ў нешта накшталт шоу. Таму што паглыбленне ў сябе не заўсёды бывае прыемным. А яшчэ я мару арганізаваць у нашай школе групы прымірэння з ліку падлеткаў-лідараў, каб канфлікты разбіралі не педагогі, а самі падлеткі ў якасці медыятараў.

Наталля КАСТЭНКА.