Дар’я Домрачава падарыла Аляксандру Лукашэнку копію Вялікага хрустальнага глобуса

- 10:40Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з беларускай біятланісткай, заслужаным майстрам спорту, трохразовай чэмпіёнкай Алімпійскіх гульняў 2014 года, уладальніцай Вялікага хрустальнага глобуса ў сезоне 2014/2015, Героем Беларусі Дар’яй Домрачавай.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як ідзе падрыхтоўка да біятлоннага фестывалю “Гонка легенд — зоркі біятлона за мір”, які адбудзецца сёння, 12 верасня, у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі (РЦАП) па зімовых відах спорту “Раўбічы”.
Дар’я Домрачава расказала, што “Раўбічы” гатовы прыняць як спартсменаў, так і аматараў гэтага віду спорту. “Думаю, усе нашы балельшчыкі заслужылі такое свята. Хочацца ўсё правесці душэўна, паказаць усю сваю гасціннасць”, — адзначыла біятланістка. Паводле яе слоў, гэты фестываль дапаможа выявіць і магчымыя слабыя месцы ў арганізацыі, што дазволіць у далейшым пры заявах на правядзенне больш буйных турніраў не дапускаць праблемных сітуацый.
Аляксандр Лукашэнка і Дар’я Домрачава абмяняліся таксама меркаваннямі аб стане спраў у нацыянальнай камандзе па біятлоне.
У час сустрэчы Дар’я Домрачава ўручыла прэзідэнту копію Вялікага хрустальнага глобуса.
Чакаецца, што на фестываль збяруцца многія зоркі біятлона. Ён будзе ўключаць спаборніцтвы ў дзвюх дысцыплінах — суперспрынце і змешанай эстафеце. Вядучым фестывалю будзе вядомы спартыўны каментатар Дзмітрый Губерніеў. Сродкі, атрыманыя ад продажу білетаў на фестываль, пойдуць на будаўніцтва дзіцячага хоспіса.
Акрамя спаборніцтваў спартсмены прымуць удзел у аўтограф-сесіі, у час якой балельшчыкі змогуць паразмаўляць са сваімі кумірамі і зрабіць на памяць фотаздымкі з зорнымі гасцямі. Для найбольш актыўных аматараў біятлона будзе прадастаўлена магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці спартсменаў на спецыяльна падрыхтаванай арганізатарамі трасе.
Фестываль біятлона выйдзе далёка за межы біятлоннай трасы і прапануе аматарам актыўнага адпачынку мноства іншых цікавых заняткаў на адкрытым паветры. На тэрыторыі комплексу разгорнуцца дзіцячы спартыўны гарадок і маладзёжная пляцоўка. Тыя, хто не змог набыць білеты на трыбуны, змогуць назіраць за спаборніцтвамі на вялікіх экранах. У гледачоў таксама будзе магчымасць пакаштаваць стравы нацыянальных кухань удзельнікаў гонкі легенд, а ў гасцей краіны — набыць у “Горадзе майстроў” унікальныя сувеніры з Беларусі.