Дарыце дабро сваіх сэрцаў

- 15:15Нашы дзеці

У Астравецкім раёне на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра стартавала дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама В.З.Свіло, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму А.К.Кашко і лідары раённых грамадскіх арганізацый БРСМ, “Беларускі саюз жанчын”, “Белая Русь”, “Беларускі фонд міру”.

Кожнаму чалавеку, дзiцяцi i даросламу, прыемна, калі яму дораць падарункі. Важна ведаць і разумець, што ты дарагі і любімы. Дзеці, больш чым хто, маюць патрэбу ў нашай падтрымцы і ўвазе. Напярэдадні навагодніх свят яны хочуць пабываць у сапраўднай казцы з чарадзействам, хочуць, каб іх жаданні і запаветныя мары здзейсніліся.

У межах дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў раёне запланавана правядзенне шматлікіх масавых мерапрыемстваў, сярод якіх піянерскія кірмашы “Усе фарбы свету для цябе” і “Мы — разам”, дабрачынныя акцыі з удзелам валанцёрскіх атрадаў устаноў “Дарыце дабро” (сумесна з Астравецкім РУПС гродзенскага філіяла РУП “Белпошта”) па аказанні дапамогі цяжкахворым дзецям раёна, “Сэрца аддаю дзецям” (сумесна з астравецкай раённай грамадскай арганізацыяй “Беларускі фонд міру”) па аказанні дапамогі выхаванцам Дома сямейнага тыпу, “Бяспечны Новы год” (сумесна з Астравецкім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях), “Цуды на Каляды” па зборы падарункаў для выхаванцаў СПЦ раёна і іншыя.

Святочна, сучасна і па-навагодняму ўпрыгожаны ўсе ўстановы адукацыі. Нібы мароз размаляваў навагоднімі ўзорамі вокны, стварыў кампазіцыі, упрыгожыў елкі, і рознакаляровымі агнямі заззялі школы і сады. Яны выклікаюць усмешку ў кожнага, хто бачыць гэтую прыгажосць. Конкурс на лепшае навагодняе афармленне ўстаноў адукацыі “Нам дорыць радасць Новы год” працягваецца. Вынікі будуць падведзены ў канцы месяца, але ўжо цяпер можна з упэўненасцю сказаць, што талент і творчасць кожнага, хто ўклаў душу ў стварэнне гэтай прыгажосці, не застанецца па-за ўвагай журы.

Усе ўстановы адукацыі раёна прынялі ўдзел у конкурсе “Упрыгожым елку разам”: два дні дзеці выраблялі сваімі рукамі ёлачныя ўпрыгажэнні. Атрымаўся сапраўдны карнавал цацак: ёлачныя шары з нітак і паперы, фігуркі жывёл з фетру, зоркі, цукеркі, рукавіцы, снегавікі і сняжынкі. Нібы ў казцы, цацкі ажывалі і прымушалі радавацца творчасці і фантазіі дзяцей і педагогаў.

Нядаўна валанцёрскі атрад “Юнацтва” Варнянскай ясляў-сада — сярэдняй школы прыехаў у госці да выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра, і яны ўсе разам пад гукі навагодніх мелодый упрыгожылі елку.
У межах дабрачыннага канцэрта да дня інвалідаў прайшоў конкурс-выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Прамень надзеі”, мэтай якога было стварэнне кампазіцыі з элементамі сонца — сімвала радасці і дабра. Мноства цікавых работ парадавала наведвальнікаў і гасцей святочнага мерапрыемства. Граматай пераможцы і памятным падарункам ад раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Белая Русь” была адзначана сумесная праца выхаванкі Палушскага дзіцячага сада і яе мамы Ксеніі Мароз.

Аддзелам адукацыі, спорту і турызму сумесна з Астравецкім РУПС гродзенскага філіяла РУП “Белпошта” арганізавана акцыя “Дарыце дабро”. На паштовых аддзяленнях размешчаны навагоднія маляўніча аформленыя скрыначкі для збору падарункаў цяжкахворым дзецям раёна. Навучэнцы ўстаноў адукацыі праводзяць флэшмобы і мерапрыемствы ў аддзяленнях з мэтай прыцягнення ўвагі насельніцтва да акцыі.

Акцыі і мерапрыемствы працягваюцца. Мы пастараемся дастукацца да кожнага маленькага і вялікага сэрца, выканаць яго мару, зрабіць гэты Новы год казачным, вясёлым і незабыўным святам.

Жанна ЛАЎРЭЦКАЯ,
галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама.