Даследаванні з арыентацыяй на поспех

- 17:22Адукацыйная прастора, Рознае
Фінал Навукова-інжынернага конкурсу навучэнцаў Belarus Science and Engineering Fair — 2014, які прайшоў у мінулыя выхадныя ў Ліцэі БДУ, стаў сапраўдным святам навукі для ўсіх удзельнікаў. Усё тут было па-даросламу — і прадстаўленне праектаў, і строгае судзейства, і высокі палёт думкі, але, акрамя гэтага, яшчэ і вялікая дзіцячая радасць адкрыццяў і мары пра вялікую навуку.

Трэба сказаць, што навукова-інжынерны конкурс навучэнцаў Belarus Science and Engineering Fair — 2014 праводзіцца ў новым фармаце ўжо другі раз, і яго папулярнасць набірае абароты. Напрыклад, сёлета ў першым этапе конкурсу прынялі ўдзел 256 школьнікаў з 71 населенага пункта Беларусі — гэта ў 2,5 разу перавышае колькасць удзельнікаў мінулага года. У фінал выйшла 72 работы.
На другім паверсе Ліцэя БДУ была разгорнута стэндавая выстава-кірмаш навуковых работ фіналістаў конкурсу. І калі раней школьнікі прадстаўлялі свае дасягненні на канферэнцыі, то сёлета гэта была жывая размова юных даследчыкаў паміж сабой і са сталымі навукоўцамі. А гэта вельмі павышае самаацэнку дзяцей і дае ім каштоўны вопыт дзелавых зносін.
Фіналісты самі абаранялі свае праекты. Для вызначэння пераможцаў улічвалася ўменне маладых даследчыкаў лагічна мысліць, адстойваць уласны пункт гледжання, уступаць у камунікацыю з наведвальнікамі і членамі журы.
— “Інтэлаўская” форма падачы інфармацыі на стэндах вельмі зручная: яна кампактная, наглядная і даступная для ўсіх наведвальнікаў выставы. Таму, пагутарыўшы з аўтарам той ці іншай работы 5 хвілін, можна ўсё зразумець, — заўважыў старшыня журы конкурсу дэкан механіка-матэматычнага факультэта БДУ Дзмітрый Георгіевіч Мядзведзеў. — Асабіста мяне ўразіла, наколькі дзеці захоплены сваёй работай. Яны добра валодаюць навуковай мовай. Прычым не проста вывучылі штосьці на памяць, як верш, а выдатна разумеюць тое, пра што гавораць, і ахвотна адказваюць на пытанні.
Трэба адзначыць, што сёлета вельмі цікавым быў і фармат судзейства. Акрамя навуковага журы (па сямі секцыях), на конкурсе працавала бізнес-журы і маладзёжнае журы, якія таксама вызначалі пераможцаў па сваіх крытэрыях. І калі навуковае журы ацэньвала работы з пункта гледжання навукі, то бізнес-журы, куды ўвайшлі прадстаўнікі розных кампаній, ацэньвала практычную скіраванасць работ і магчымасць іх рэалізацыі.
У выніку ўсе фіналісты былі адзначаны дыпломамі і спецыяльнымі прызамі — гэта яшчэ адно прыемнае адрозненне конкурсу Belarus Science and Engineering Fair — 2014 ад іншых спаборніцтваў. Дзеці павінны ўсведамляць, што паспяховая навука можа прыносіць рэальны плён.
— Галоўная задача конкурсу — не вызначыць лепшых, а папулярызаваць навуку сярод дзяцей, каб яны ўсё больш і больш уключаліся ў гэты працэс, — адзначыў намеснік дырэктара Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Міхайлавіч Марцінкевіч. — Сёння нельга канкурыраваць на рынку, вырабляючы танны тавар, бо ў свеце шмат краін, дзе людзі гатовы працаваць за невысокую зарплату. Калі мы хочам бачыць Беларусь паспяховай краінай і мець высокія заробкі, нам трэба вырабляць інавацыйную прадукцыю. Напрыклад, сабекошт айфона — каля 200 долараў, аднак пры кошце 800 долараў чэргі за ім выстройваюцца на многія месяцы наперад. І гэта прыносіць краіне-вытворцы рэальныя прыбыткі. Нам таксама трэба развіваць інавацыі, а яны бяруцца з навукі, з перадавых даследаванняў. Таму для Парка высокіх тэхналогій і для нашых партнёраў вельмі важна не проста правесці конкурс, а зрабіць навуку масавай.
Конкурс Belarus Science and Engineering Fair — 2014 дэманструе той факт, што ў краіне ёсць значны патэнцыял для развіцця навукі. Гэта падкрэсліў і старшыня журы.
— Напрыклад, па матэматычнай секцыі з сарака работ у фінал выйшлі дзесяць, і дзве з гэтых работ можна накіроўваць на любы міжнародны конкурс з разлікам на перамогу, — сказаў Дзмітрый Мядзведзеў. — І гэта пры тым, што асноўная маса ўдзельнікаў — вучні 8—10 класаў. У такім раннім узросце яны ўжо многае могуць ці, прынамсі, хочуць зрабіць. Не ўсё ў іх пакуль атрымліваецца, але яны гатовы гэтым займацца. І відавочна, што хто-небудзь абавязкова праявіць сябе ў навуцы. Яны ўважліва слухаюць усе заўвагі і маюць магчымасць дапрацаваць свае работы. Праз год-два гэта будуць ужо якасна іншыя работы.
Па кожнай з сямі секцый журы конкурсу абвясціла пераможцаў. Адметна, што гэта не толькі навучэнцы прэстыжных ліцэяў і гімназій, але і дзеці з сельскіх школ. Вызначаны таксама шчасліўчыкі, якія прадставяць свае праекты на Міжнародным навукова-інжынерным конкурсе ў Лос-Анджэлесе, ЗША. Напрыклад, летась беларускія школьнікі прывезлі з гэтага конкурсу тры спецыяльныя прызы (прадстаўляліся тры праекты), таму ёсць спадзяванне, што і сёлета нашы юныя даследчыкі будуць не без прызоў.

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара і Аляксандра КАМЕНЧУКОВА.