Беларускія навучэнцы годна прадставілі нашу краіну на XXVIII Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных дзяржаў Еўрапейскага саюза European Union Contest for Young Scientists (EUCYS- 2016). Школьнік Уладзіслаў Гадалаў прывёз дадому з Бруселя спецыяльны прыз.
Конкурс EUCYS праводзіцца з 1989 года па ініцыятыве Еўрапейскай камісіі і з’яўляецца часткай праграмы Еўрапейскага саюза “Павышэнне чалавечага патэнцыялу”. Спаборніцтва заклікана распаўсюджваць ідэалы супрацоўніцтва і абмену ідэямі паміж маладымі даследчыкамі, а таксама папулярызаваць заняткі навукай сярод моладзі.
Традыцыйна конкурс збірае лепшыя навуковыя дасягненні навучэнцаў устаноў адукацыі Еўропы. Сёлета мерапрыемства праходзіла ў Бельгіі. У Брусель з новымі ідэямі прыехалі пазмагацца за перамогу 138 маладых навукоўцаў з 41 краіны свету ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў. Свае даследаванні яны прэзентавалі з дапамогай стэндаў, з якімі знаёміліся члены журы, а таксама падчас гутаркі з суддзямі. Адказваць на пытанні па сваім праекце неабходна было на англійскай мове. Прэзентаваліся работы па матэматыцы, біялогіі, хіміі, інжынерыі, фізіцы, медыцыне, інфарматыцы. Складанасць гэтага конкурсу ў тым, што пераможцы вызначаюцца не ў секцыях ці групах, а сярод усіх удзельнікаў, нягледзячы на тое, якой дысцыпліне прысвечана работа.
Нашу краіну на конкурсе прадставілі студэнтка БДУ Ліяна Хазалія з работай па матэматыцы, студэнт БДУІР Арцём Сідэнка з работай па інжынерыі і навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 11 Слуцка Уладзіслаў Гадалаў з даследаваннем па інфарматыцы. Усе яны трапілі ў Бельгію дзякуючы перамозе ў Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару. Уладзіслаў прадставіў на суд журы сваю работу “Geneces — воблачная экасістэма”. Даследаванне было адзначана спецыяльным прызам ад арганізацыі CERN — гэта Еўрапейская арганізацыя па ядзерных даследаваннях, найбуйнейшая ў свеце лабараторыя фізікі высокіх энергій. Уладальніку гэтага прыза прадастаўляецца магчымасць узяць удзел у спецыяльна арганізаванай праграме CERN у Жэневе, якая ўключае стажыроўку на базе CERN і работу на базе лабараторыі, экскурсіі, наведванне выставы “Сусвет часціц”.
Сваю работу Уладзіслаў стварыў пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі Уладзіміра Анатольевіча Жука. З даследаваннем “Geneces — воблачная экасістэма” юнак ужо ўдзельнічаў і перамагаў у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Цяпер дасягнута яшчэ адна вяршыня.
Дар’я РЭВА.
Фота з асабістага архіва ўдзельнікаў конкурсу.