Датэрміновае галасаванне, якое прадастаўляе выбаршчыку магчымасць прыняць удзел у выбарах у найбольш зручны для яго час, – гэта адзін з важных дэмакратычных элементаў выбарчага працэсу. Такое меркаванне выказаў кандыдат філасофскіх навук дацэнт Мікалай Шчокін у размове з карэспандэнтам БелТА.
Датэрміновыя выбары ўлічваюць інтарэсы ўсіх грамадзян краіны, падкрэсліў эксперт. “Датэрміновае галасаванне – гэта вельмі сучасна, зручна і дэмакратычна. Дзякуючы яму грамадзяне могуць свабодна рэалізаваць канстытуцыйнае права на ўдзел у выбарах, не ахвяруючы пры гэтым нейкімі важнымі асабістымі планамі і інтарэсамі. Галоўнае, што дзяржава такім чынам стварае максімальна камфортныя ўмовы для кожнага выбаршчыка, а ўжо скарыстацца магчымасцю прагаласаваць датэрмінова або непасрэдна 11 кастрычніка – гэта асабісты выбар кожнага”, – заявіў Мікалай Шчокін.
Ён таксама заўважыў, што датэрміновае галасаванне з’яўляецца даволі распаўсюджанай у свеце практыкай – яна паспяхова існуе і ў краінах Еўропы, і ў ЗША. “Беларусь у гэтым пытанні, як кажуць, знаходзіцца менавіта ў трэндзе, – дадаў Мікалай Шчокін. – У мяне ёсць пэўны вопыт маніторынгу правядзення выбарчых кампаній у Беларусі і за мяжой. Датэрміновае галасаванне – гэта эфектыўная сістэма адносін паміж дзяржавай і грамадствам, што і з’яўляецца паказчыкам сталасці грамадзянскай супольнасці”.
На яго думку, выбары – гэта вельмі важны і адказны перыяд у жыцці любой краіны і яе народа. “Я сказаў бы, гэта аб’ектыўнае люстэрка для грамадства. Менавіта таму кожны, ідучы на выбары Прэзідэнта Беларусі, павінен ведаць, што яго голас важны і гэта ўклад у будучыню нашай агульнай Радзімы”, – падкрэсліў палітолаг.