Даведваемся, разважаем, дзейнічаем!

- 16:03Нам пішуць

У сярэдняй школе № 7 Смаргоні прайшоў адзіны дзень інфармавання для вучняў 8—11 класаў па тэме “Будучыня Беларусі — гэта мы”. Для інфармавання старшакласнікаў і абмеркавання з імі пытанняў па розных тэмах была запрошана інфармацыйная група Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта.

Мерапрыемства прайшло ў форме ток-шоу, падзеленага на тры тэматычныя блокі — “ШАГі”.

У рамках “ШАГа-1” “МЫ ДАВЕДВАЕМСЯ” інфармацыйная група вучняў 11 класа ў складзе Кацярыны Гружэўскай, Аляксандры Рынкевіч, Крысціны Месячык і Данііла Курэчкі пазнаёмілі прысутных з падзеямі, якія адбыліся ў іх жыцці і жыцці школы за апошні месяц. У прыватнасці, Аляксандра Рынкевіч прадэманстравала электронную прэзентацыю, дзе падзялілася ўражаннямі ад наведвання дзіцячага “Еўрабачання-2018” у Мінску.

Падчас 2-га тэматычнага блока “МЫ РАЗВАЖАЕМ” першы сакратар Смаргонскага райкама БРСМ Таццяна Гетмановіч адказала на пытанні, звязаныя з правядзеннем акцыі “Нашы дзеці”. Выступоўца адзначыла таксама, што гэта не адзінкавая акцыя, і расказала пра іншыя мерапрыемствы, якія будуць праходзіць у гэтым годзе. У заключэнне сакратар райкама БРСМ запрасіла падлеткаў далучыцца да валанцёрскага і цімураўскага руху.

Пытанні павышэння эфектыўнасці будаўнічага комплексу Беларусі закранулі дырэктар КУП “ЖРЭС” Дзмітрый Станкевіч і галоўны спецыяліст аддзела Смаргонскага ЖКГ Людміла Тамашэвіч. Старшакласнікаў цікавілі праблемы добраўпарадкавання горада ў наступным годзе, будаўніцтва спартыўных аб’ектаў і магчымасць працаваць у школьных і студэнцкіх будаўнічых брыгадах. Людміла Тамашэвіч расказала таксама аб ільготах на атрыманне жылля для маладых спецыялістаў і маладых сем’яў.

Дыялог з оперупаўнаважаным групы наркакантролю Смаргонскага РАУС Вячаславам Мармулеўскім быў прысвечаны праблеме ўжывання і незаконнага абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Адказваючы на пытанні вучняў, супрацоўнік РАУС давёў інфармацыю аб адказнасці за ўжыванне алкаголю, у тым ліку слабаалкагольных кактэйляў, энергетычных напояў і піва.

Інспектар ГПіВА Смаргонскага РАНС Надзея Вайнілка нагадала пра неабходнасць выканання мер бяспекі на лёдзе і папярэдзіла пра магчымыя наступствы выкарыстання неліцэнзійных піратэхнічных сродкаў напярэдадні навагодніх святаў.

У ходзе рэалізацыі “ШАГа-3” “МЫ ДЗЕЙНІЧАЕМ” вучні ўхвалілі дабрачынныя і валанцёрскія акцыі, якія праводзяцца БРСМ і іншымі грамадскімі арганізацыямі. Дапамога ў добраўпарадкаванні роднага горада — тая лепта, якую прапанавалі старшакласнікі ў якасці доказу сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Людміла МАЕЎСКАЯ,
настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 7 Смаргоні.