Дэбаты трэба праводзіць парамі і без давераных асоб

- 11:23Выбары 2015

Дэбаты з удзелам кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Беларусі павінны праходзіць па парным прынцыпе і з удзелам саміх кандыдатаў, а не давераных асоб. Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына ў эфіры тэлеканала АНТ, паведамляе БелТА.

“Калі ўжо і праводзіць, то толькі парамі, як было ў 1994 годзе. Гэта значыць дэбатуюць дзве персоны. Чаму? Таму што прыходзіць, напрыклад, кіраўнік дзяржавы і яшчэ шэсць за спінай. Гэта будзе масавая бойка – ушасцярых на аднаго. Наўрад ці гэта можна назваць дэбатамі наогул”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Таксама кіраўнік ЦВК лічыць, што магчымасць удзелу не самога кандыдата, а яго даверанай асобы – нікуды не варта. “У пэўным плане гэта з’яўляецца падманам выбаршчыкаў”, – сказала яна.
На думку Лідзіі Ярмошынай, этап збору подпісаў прайшоў даволі спакойна і быў не вельмі актыўным. “Хоць тое, што на ўзроўні пікетаў, на мой погляд, працавала нядрэнна, прынамсі, у горадзе Мінску. Спачатку выбаршчыкам было цікава. Каля пікетаў былі чэргі”, – сказала старшыня ЦВК.
Яна таксама дадала, што кандыдаты, якія прадстаўляюць пункт гледжання, альтэрнатыўны афіцыйнаму, былі менш актыўнымі, чым пяць гадоў таму. Адказваючы на пытанне аб прычынах гэтага, Лідзія Ярмошына сказала: “Думаю, што недахоп фінансавых сродкаў”.
Акрамя таго, кіраўнік ЦВК лічыць, што збор подпісаў – самы цікавы этап выбарчай кампаніі. На яе думку, калі ўжо зарэгістраваныя кандыдаты пачнуць агітацыю, то ў іх будзе больш самацэнзуры.