Для камфорту дзяцей — “Перавернуты клас”

- 11:25Адукацыйная прастора

Зараз усё часцей праводзяцца лекцыі, семінары, курсы, метадычныя аб’яднанні настаўнікаў, дыстанцыйныя курсы па прымяненні новых інфармацыйных тэхналогій у школе. Усё больш папулярнай становіцца тэхналогія змяшанага навучання, якая называецца “Перавернуты клас” (Flipped classroom).

Сутнасць методыкі “Перавернуты клас” зводзіцца да наступнага:

1) настаўнік рыхтуе віртуальнае адукацыйнае асяроддзе (відэаролікі, прэзентацыі, заданні да іх; выбірае электронную прыладу і рэсурс для зваротнай сувязі);

2) настаўнік арганізоўвае адукацыйны працэс: вызначае формы работы, улічваючы здольнасці вучняў, рыхтуе розныя заданні;

3) настаўнік ажыццяўляе кантроль у выглядзе тэста, праекта і г.д.

Задача педагога, які прымяняе згаданую тэхналогію, у тым, каб стварыць умовы для практычнага авалодання мовай, выбраць такія формы і метады работы, якія дапамогуць кожнаму вучню апынуцца ў сітуацыі поспеху, праявіць сваю актыўнасць, крэатыў. І, натуральна, абавязковай умовай выкарыстання гэтай тэхналогіі з’яўляецца наяўнасць камп’ютара з выхадам у інтэрнэт у кожнага вучня.

Мы ўсе разумеем, што магчымасці сучаснай інтэрнэт-прасторы практычна бязмежны. Як, зрэшты, і развіццё магутных мабільных прылад. Менавіта дзякуючы гэтым магчымасцям, я мяркую, і ўвайшла трывала ва ўжытак тэхналогія “Перавернуты клас”. Задача настаўніка ў гэтай тэхналогіі — актывізаваць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў у працэсе навучання замежным мовам. Гэтая тэхналогія дазваляе рэалізаваць асобасна арыентаваны падыход у навучанні і забяспечыць індывідуалізацыю і дыферэнцыяцыю навучання з улікам здольнасцей дзяцей і іх узроўню навучанасці.

Варта адзначыць, што не існуе адзінай мадэлі перавернутага навучання. Першапачаткова гэтая методыка прымянялася толькі да прадметаў прыродазнаўчага цыкла, але паступова была ўпадабана і знайшла сваё прымяненне фактычна ва ўсіх адукацыйных кірунках. Для нас, настаўнікаў замежнай мовы, гэта ўвогуле знаходка. На мой погляд, яна асабліва дарэчы на ўроках фарміравання граматычных навыкаў, таму што ўзровень засваення ведаў у навучэнцаў розны: адзін паслухаў і запомніў, а другому трэба падумаць, асэнсаваць, некалькі разоў паўтарыць, а гэта не заўсёды можна ажыццявіць на традыцыйным уроку нямецкай мовы. І ўвогуле, спецыфіка нашага прадмета не дазваляе прымяняць толькі адну тэхналогію, інакш цікавасць у навучэнцаў хутка знікне. А для нас гэта недапушчальна. Мы, настаўнікі замежнай мовы, пастаянна знахо-дзімся ў пошуку новых ідэй, форм, метадаў, таму што нашым вучням удвая цяжэй набываць веды, бо яны знаёмяцца не толькі з новай для іх мовай, але і з новай культурай, традыцыямі.

Зусім нядаўна я таксама вырашыла апрабаваць гэтую методыку. Мой вопыт пачаўся з граматыкі ў 9 класе. Я дала навучэнцам спасылку на прагляд відэа па тлумачэнні гэтай тэмы з прыкладамі. У выніку дзеці прыйшлі ў клас падрыхтаванымі да выканання практычных заданняў. Гэты вопыт мне спадабаўся, таму што даў станоўчыя вынікі ў авалоданні тэмы. Аналізуючы з вучнямі нашу дзейнасць па тэме, я пачула ад іх многа станоўчых водзываў. Яны адзначылі, што такое авалоданне граматычным матэрыялам падабаецца ім больш, бо ў відэаўроку змяшчаюцца падрабязныя, пакрокавыя прыклады і ёсць магчымасць праглядзець відэа столькі разоў, колькі неабходна, каб зразумець. Дзеці прызналіся, што на ўроку саромеліся перапыніць і спытаць пра незразумелыя моманты, каб з іх не смяяліся тыя вучні, якія засвоілі матэрыял пры першым тлумачэнні. Вучні таксама адзначылі, што зносіны з настаўнікам анлайн даюцца ім лягчэй: за камп’ютарам яны не скаваны і могуць задаць пытанні, якія цікавяць, папрасіць дапамогі ці кансультацыі.

Тэхналогія “Перавернуты клас” спадабалася мне таксама тым, што матэрыял даступны ўсім вучням, уключаючы тых, хто па нейкіх прычынах прапусціў заняткі. Гэта велізарны плюс як для настаўніка, так і для школьнікаў, асабліва калі гаворка ідзе пра адказных, матываваных вучняў.

На ўроках замежнай мовы тэхналогія “Перавернуты клас” эфектыўная пры навучанні аўдзіраванню, пры рабоце з фільмамі на нямецкай мове. Напрыклад, вучні загадзя дома глядзяць агавораны па часе адрэзак фільма на нямецкай мове. Яны павінны не толькі зразумець змест, але і выпісаць не вядомыя для іх словы, словазлучэнні, фразы. Потым яны працуюць са слоўнікам і выконваюць практыкаванні па змесце фільма. Такім чынам, звычайная сумная работа са слоўнікам ператвараецца ў захапляючы занятак, таму што матэрыял сучасных нямецкіх фільмаў цікавы, а моўныя клішэ, фразы з кінастужак дазваляюць быць на адной хвалі з равеснікамі — носьбітамі мовы.

Можна заўважыць, што ў тэхналогіі “Перавернуты клас” змянілася ў параўнанні з традыцыйным урокам роля настаўніка і ёсць магчымасць больш цесна супрацоўнічаць падчас заняткаў. Вучні таксама ўжо не з’яўляюцца пасіўнымі ўдзельнікамі вучэбнага працэсу. Тэхналогія “Перавернуты клас” дазваляе перакладаць адказнасць за веды на школьнікаў, накіроўваючы навучанне ў рэчышча практычнага прымянення атрыманых ведаў. Гэтая тэхналогія ўдалая яшчэ і тым, што на ўроку пастаянна прысутнічае дыскусія, якую, натуральна, рыхтуе, арганізоўвае і падтрымлівае педагог.

Чаму настаўнікі-прадметнікі ўсё часцей пачалі прымяняць тэхналогію перавернутага навучання, ігнаруючы традыцыйныя ўрокі?

На класічным уроку настаўнік тлумачыць матэрыял, а дома вучні замацоўваюць яго шляхам выканання дамашняга задання, якое падаецца ў вуснай ці пісьмовай форме. Але ці заўсёды ў вучняў атрымліваецца якасна яго выканаць? Канечне, не. Чаму? Вучні не заўсёды бываюць уважлівымі на ўроку, і ступень засваення матэрыялу ў кожнага свая. Часта яны не паспяваюць спісаць з дошкі ўсё, што гаварыў настаўнік. А дома няма нікога, хто мог бы ім дапамагчы. Адпаведна, дамашняе заданне не выканана, а матэрыял не засвоены. А ў методыцы “Перавернуты клас” настаўнік прапануе прагледзець відэа, да якога прыкладаецца інструкцыя, як з ім працаваць. Як адзначалася вышэй, гэты матэрыял можна спыніць, адматаць, праматаць, прагледзець фрагментарна. У відэа, як правіла, уключаны практыкаванні для замацавання. У вучняў ёсць магчымасць выканаць дамашняе заданне па ўзоры.

Як і ў любой іншай тэхналогіі, у тэхналогіі “Перавернуты клас” ёсць хібы: вучань не можа атрымаць адказ на сваё пытанне, калі настаўнік не анлайн; не ўсе вучні выконваюць заданні.

Рэзюмуючы сказанае, варта падкрэсліць, што прымяненне згаданай тэхналогіі дазваляе настаўніку арганізоўваць навучанне ў адпаведнасці з патрабаваннямі да сучаснага ўрока замежнай мовы, удасканальваць навыкі прымянення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і інавацый у галіне выкладання нямецкай мовы, павышаць свой узровень навукова-метадычнай падрыхтоўкі.

Вераніка КРЭЧЫК,
настаўніца замежнай мовы
Велікашылавіцкага ясляў-сада — базавай школы
Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.