Для сучасных дзяцей — сучасная адукацыя

- 12:08Адукацыйная прастора

Малады настаўнік інфарматыкі Аляксандр Валер’евіч Панасеня чацвёрты год выкладае ў сярэдняй школе № 2 Слоніма. За гэты час для педагога знакавымі падзеямі сталі занясенне ў Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці і ўдзел у фінале раённага конкурсу “Настаўнік года — 2020”.

Аляксандр Валер’евіч шчыра прызнаецца, што некалі ў яго абсалютна не было думак аб настаўніцтве. Сёння ж ён ужо не ўяўляе сябе ў нейкай іншай прафесіі, адчувае жаданне развівацца менавіта ў ёй. Атрымалася так, што малады чалавек, хоць і не планаваў нічога падобнага, працягнуў справу сваёй маці.

— Так склаўся лёс, і я вельмі рады, — расказвае настаўнік. — Можна сказаць, што я не выбіраў прафесію, гэта яна мяне выбрала. Калі надышоў час паступлення, прыняў рашэнне падаць дакументы ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Разам з бацькамі адправіліся на экскурсію па факультэтах, якія мне найбольш падыходзілі. Апынуўшыся каля прыёмнай камісіі інжынерна-педагагічнага факультэта, вырашылі зайсці, пагутарыць — і ў выніку засталіся. Неўзабаве я стаў студэнтам гэтага факультэта па спецыяльнасці “Тэхналогія. Інфарматыка”.

Аляксандр Валер’евіч першапачаткова выдатна разумеў, што настаўніцкая праца — адна з самых адказных, што яна не заканчваецца разам са званком з урока. Ён з дзяцін­ства бачыў, як мама — настаўніца малодшых класаў — часта дапазна сядзела за сшыткамі і планамі. Хваляванні, ці правільны выбар ён зрабіў, ці яго гэта справа, былі. Аднак малады чалавек вырашыў: час усё расставіць па сваіх месцах. Падбадзёрвала думка: у будучыні можна будзе дзяліцца сваімі ведамі, дапамагаць вучням авалодаць важным прадметам.

Калі пачаўся першы студэнцкі год і А.В.Панасеня пазнаёміўся з аднагрупнікамі, сумненні адразу забыліся, і на душы стала спакойна. Вучыцца было цікава, побач знаходзіліся творчыя, таленавітыя лю­дзі, у акружэнні якіх было прыемна знаходзіцца. Гэты час Аляксандр Валер’евіч узгадвае з цеплынёй і ўдзячнасцю. Паколькі спецыяльнасц­ь, якую ён асвойваў, двайная, то сур’ёзна займацца трэба было не толькі любімай інфарматыкай, але і другім кірункам. Нечаканым сюрпрызам для маладога чалавека было тое, што за словам “тэхналогія” хавалася не што іншае, як працоўнае навучанне. Аднак хоць спачатку гэта было абсалютна новай справай, асвойвац­ь яе аказалася цікава. Навучыўся не толькі таму, што павінен умець настаўнік працоўнага навучання, які выкладае ў хлопчыкаў, але і разам з аднагрупніцамі паспрабаваў вышывац­ь. Маладых людзей і дзяўчат не заўсёды па­дзялялі на занятках, гэта было нестандартна і давала больш шансаў кожнаму раскрыць свой патэнцыял.

Першая педагагічная практыка выклікала даволі моцнае хваляванне. У адной са сталічных школ Аляксандр Валер’евіч упершыню паспрабаваў сябе ў ролі настаўніка. Яму адразу стала відавочна: вучыць дзяцей не так проста, як можа падацца. У кожнага дзіцяці — свой характар, тэмперамент, да кожнага трэба знайсці падыход. Таму дасканала ведаць трэба не толькі свой прадмет, але і дзіцячую псіхалогію.

— Я сутыкнуўся з пэўнымі цяжкасцямі, але ў цэлым практыка пакінула ў мяне станоўчыя эмоцыі, — узгадвае малады педагог. — Гэта быў добры жыццёвы вопыт. Наступная практыка праходзіла ўжо ў дзіцячым аздараўленчым лагеры. Мне быў даручаны адзін з малодшых атрадаў. І гэта была ўжо абсалютна іншая сітуацыя. Дзеці ўспрымалі нас не як настаўнікаў, а як старэйшых таварышаў, якія заўсёды побач і ў любую хвіліну маглі дапамагчы.

Так паступова, крок за крокам малады чалавек усё больш зацікаўліваўся сваёй прафесіяй. Сёння ён з гумарам расказвае: “Больш за ўсё запомнілася педагагічная практыка па працоўным навучанні. Так склалася, што яна выпала якраз на абслуговую працу, давялося праводзіць урокі ў дзяўчынак. Сітуацыя была нестандартная, аднак Аляксандр Валер’евіч перакананы: нічога не здараецца проста так. Новыя ўмовы — гэта заўсёды іспыт для чалавека і важны вопыт, дзякуючы чаму людзі становяцца больш упэўненымі ў сабе і сваіх сілах.

Пасля заканчэння ўніверсітэта малады спецыяліст вярнуўся у родны Слонім, дзе быў размеркаваны ў сярэднюю школу № 2 настаўнікам інфарматыкі. Асабліва няпростым выдаўся першы працоўны месяц: трэба было прывыкнуць да новай ролі, лепш пазнаёміцца з мноствам новых людзей — калег, вучняў, іх бацькоў. Справіцца з хваляваннем дапамаглі старэйшыя калегі і кіраўніцтва школы. У маладога педагога не толькі ў­змацнілася жаданне працаваць, але і з’явіўся стымул развівацца, тварыць і дабівацца нечага новага.

— Падчас першых урокаў я вельмі моц­на хваляваўся, хоць сур’ёзных падстаў для гэтага не было, — дзеліцца вопытам А.В.Панасеня. — Кантакт са школьнікамі знайшоў хутка. Ды і вучні мяне прынялі вельмі добра. Не было нават і намёка на нейкія канфлікты. Я з самага пачатку стараўся, каб на ўроках ім было цікава, каб 45 мінут праходзілі на адным дыханні.

Для таго каб не губляўся кантакт з дзецьмі, Аляксандр Валер’евіч прыняў простае, але мудрае правіла. Малады настаўнік стараецца ставіць сябе на месца школьнікаў (асабліва калі ўзнікаюць нейкія пытанні ці сумненні) і тады разважае, што і як лепш зрабіць.

Удзел у фінале раённага конкурсу “Настаўнік года — 2020”, занясенне ў Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці сталі яркімі, радаснымі падзеямі. Свае перамогі Аляксандр Валер’евіч не аддзяляе ад дасягненняў школьнікаў, для яго ўсё паспела стаць адзіным, непарыўным цэлым. У 2017/2018 на­вучальным годзе вучань А.В.Панасені быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені на навукова-практычнай канферэнцыі “Ступені да навукі”. Наступны год быў азнаменаваны ўжо большымі поспехамі: дыпломам ІІ ступені на раённым этапе Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па інфарматыцы і яшчэ адным дыпломам ІІІ ступені на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Ступені да навукі”. У мінулым навучальным годзе вучань 9 класа атрымаў дыплом ІІІ ступені на раёным этапе прадметнай алімпіяды.

— З кожным днём сваёй педагагічнай дзейнасці я ўсё больш разумею: сучаснае пакаленне дзяцей вельмі тэхналагічнае, — адзначае А.В.Панасеня. — Ім не цікава працаваць з папяровым падручнікам, пісаць у сшытках, чарціць алоўкам… Сапраўдную цікавасць у іх выклікаюць сучасныя тэхналогіі: электронны падручнік, мабільны дадатак, розныя сэрвісы Web 2.0 і г.д. Таму адзін з маіх галоўных вывадаў за тры гады работы ў школе — сучасным дзецям патрэбна сучасная адукацыя.

Аляксандр Валер’евіч пастаянна сочыц­ь за інтарэсамі сваіх вучняў розных класаў, імкнецца нічога не ўпусціць, самаўдасканальвацца, каб стаць прафесіяналам. Ён упэўнены: добры настаўнік у першую чаргу павінен быць добрым чалавекам. Менавіта такім яму і хочацца стаць.

Таццяна ШЫМКО.