Дырэктар школы ў ролі менеджара

- 10:24Суразмоўца

Забеспячэнне адпаведных умоў для атрымання адукацыі ў значнай меры залежыць ад аб’ёмаў бюджэтнага фінансавання і прынцыпаў размеркавання грашовых сродкаў сярод навучальных устаноў, таму ўдасканаленне фінансавай сістэмы для адукацыйнай сферы было і застаецца надзённым пытаннем. На гэта быў накіраваны пілотны праект па фінансаванні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Асновай фінансавага эксперымента стала прымяненне нарматыву бюджэтнай забяспечанасці расходаў на навучанне і выхаванне ў разліку на аднаго навучэнца і пашырэнне права дырэктара школы па кіраванні выдзеленымі фінансавымі рэсурсамі. Як праводзіцца сёння пілотны праект, якія яго папярэднія вынікі і як ён будзе рэалізоўвацца ў гэтым годзе, нашай газеце расказвае начальнік упраўлення сацыяльна-эканамічнага развіцця Міністэрства адукацыі Ірына Аляксандраўна БЕБЕХ.

— Сёння ў нашай краіне дзейнічае каштарысны прынцып фінансавання ўстаноў адукацыі. Што для яго характэрна і чым ён не задавальняе?
— Сапраўды, сёння прымяняецца каштарысны прынцып фінансавання бюджэтных устаноў сацыяльнай сферы (у тым ліку ўстаноў адукацыі), які прадугледжвае выдзяленне аб’ёмаў фінансавання “ад дасягнутага” з улікам магчымага росту расходаў па асобных артыкулах (заработнай платы, тарыфаў на камунальныя паслугі і г.д.). Планаванне і выдзяленне бюджэтных сродкаў установам адукацыі, згодна з эканамічнай класіфікацыяй расходаў, стварае ўмовы для кантролю за мэтавым выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, але не заўсёды спрыяе стварэнню сістэмы стымулаў для эканамічна эфектыўнага іх выкарыстання, аналізу структуры выдаткаў і іх аптымізацыі. Пры каштарысным фінансаванні бюджэтныя расходы на навучанне аднаго вучня ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі аднаго тыпу могуць значна вар’іравацца, што парушае прынцып роўнага доступу да адукацыі.
Каб зрабіць сістэму фінансавання найбольш дасканалай, сёння ўсё большае распаўсюджванне для сацыяльных сфер атрымалі метады фінансавання, якія прадугледжваюць ацэнку суадносін паміж вынікамі дзейнасці і расходамі на іх дасягненне. Такім чынам адбываецца замена “затратнай” мадэлі бюджэтнага фінансавання расходаў, якая робіць акцэнт на дэталёвым кантролі выдаткаў, на “выніковую”, якая ставіць у цэнтр увагі дасягненне запланаваных вынікаў. Пры гэтым абавязковай умовай з’яўляецца ўстанаўленне ўзаемасувязі паказчыкаў, якія характарызуюць непасрэднае планаванне дзейнасці бюджэтных устаноў, з канчатковымі паказчыкамі, якія адлюстроўваюць дасягненне сацыяльных мэт.
Адным з відаў бюджэтавання, заснаванага на выніку, з’яўляецца нарматыўнае (падушавое) фінансаванне, якое прадугледжвае вызначэнне аб’ёмаў бюджэтных асігнаванняў, што выдзяляюцца ўстановам адукацыі на планавыя перыяды, на аснове спецыяльных паказчыкаў (нарматываў, каэфіцыентаў і інш.) і разлічаных на аднаго вучня.
Ключавы прынцып нарматыўнага фінансавання заключаецца ў тым, што “грошы ідуць за навучэнцамі”, гэта значыць аб’ёмы бюджэтнага фінансавання залежаць толькі ад колькасці навучэнцаў, асаблівасцей арганізацыі адукацыйнага працэсу пры рэалізацыі адукацыйных праграм на розных ступенях адукацыі, спецыфікі кантынгенту навучэнцаў.
Хачу заўважыць, што мы прытрымліваемся міжнародных тэндэнцый. Сёння механізм нарматыўнага фінансавання рэалізаваны ў краінах Еўропы, у многіх краінах постсавецкай прасторы, у тым ліку ў Расійскай Федэрацыі, краінах Прыбалтыкі, Грузіі, Арменіі. У Казахстане праводзіцца пілотны праект.

— Як быў разлічаны базавы нарматыў расходаў? Што ўлічвалася пры гэтым?
— Для рэалізацыі эксперымента была распрацавана адпаведная методыка разліку нарматыву, на аснове якой разлічаны базавы нарматыў расходаў на аднаго навучэнца ў 2015 і 2016 фінансавых гадах (базавы нарматыў выдаткаў у 2015 годзе — 11 807,6 тыс. руб.; у 2016 — 12 929, 8 тыс. руб.).
Пры разліку нарматыву ўлічаны дзеючыя нормы заканадаўства, адукацыйныя стандарты, дзяржаўныя гарантыі атрымання якаснай бясплатнай адукацыі для ўсіх навучэнцаў незалежна ад месца жыхарства.
Пры разліку нарматыву ўлічаны дзеючыя нормы заканадаўства, адукацыйныя стандарты, дзяржаўныя гарантыі атрымання якаснай бясплатнай адукацыі для ўсіх навучэнцаў незалежна ад месца жыхарства. У пілотным праекце ў склад базавага нарматыву ўключаюцца расходы на заработную плату з налічэннямі і расходы на функцыянаванне адукацыйнага асяроддзя. Расходы на ўтрыманне маёмасці (набыццё абсталявання, капітальны і бягучы рамонт, аплата камунальных паслуг) і сацыяльную абарону навучэнцаў вызначаюцца па фактычнай патрэбнасці ў межах наяўных у бюджэце сродкаў.
У адносінах да базавага нарматыву прыменена сістэма карэкціруючых каэфіцыентаў, якія, дарэчы, прымяняюцца ва ўсіх без выключэння краінах, дзе ажыццяўляецца нарматыўнае фінансаванне. Сістэма карэкціруючых каэфіцыентаў з’яўляецца механізмам выраўноўвання аб’ёмаў фінансавання пры захаванні ўстаноўленых дзяржаўных гарантый атрымання якаснай адукацыі для розных катэгорый навучэнцаў.
Кіраўнікам устаноў адукацыі прадастаўляецца права самастойна фарміраваць штатны расклад у межах выдаткаваных сродкаў, аптымізаваць штатную колькасць, вызваленыя сродкі накіраваць на стымуляванне працы работнікаў.
Педагагічным работнікам могуць быць устаноўлены галіновыя павышэнні тарыфных ставак (акладаў) за выкананне імі асобных відаў работ, якія могуць ажыццяўляцца звыш педагагічнай нагрузкі (за сістэмную работу па арганізацыі харчавання, аздараўлення навучэнцаў, рэалізацыю дадатковых выхаваўчых мерапрыемстваў, суправаджэнне навучэнцаў пры падвозе іх ва ўстановы адукацыі сельскай мясцовасці, выкладанне вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, работу з адоранымі навучэнцамі, навукова-метадычнае забеспячэнне агульнай сярэдняй адукацыі).

— Як вядома, у мінулым годзе былі апрабаваны дзве мадэлі нарматыўнага фінансавання. Што яны сабой уяўляюць?
— Згодна з першай мадэллю, грошы выдзяляюцца напрамую ў кожную школу на аснове нарматыву, колькасці навучэнцаў і карэкціруючых каэфіцыентаў для кожнай школы (маюцца на ўвазе асобныя школы з прадстаўніцтвам кожнай вобласці краіны).
Другая мадэль падразумявае, што грошы выдзяляюцца адміністрацыйнай адзінцы (вобласці, раёну, паселішчу), зыходзячы з агульнай колькасці навучэнцаў у гэтай адзінцы і асаблівасцей кантынгенту дзяцей. Па гэтай мадэлі працавалі ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі Баранавіч. Права далейшага размеркавання сродкаў па школах дэлегавана кіраўніцтву адміністрацыйнай адзінкі. Пры гэтым прынцып нарматыўнага фінансавання захоўваецца. Такая мадэль з рознымі варыяцыямі рэалізоўваецца ў Польшчы, Эстоніі, Літве, некаторых рэгіёнах Расійскай Федэрацыі.

— Якія плюсы і мінусы выявіліся ў ходзе правядзення эксперымента?
— Безумоўна, пры ўкараненні любога новага механізма, і нарматыўнае фінансаванне не выключэнне, праяўляюцца як станоўчыя, так і асобныя праблемныя аспекты.
Асноўны эканамічны эфект рэалізацыі пілотнага праекта — рацыяналізацыя выкарыстання бюджэтных сродкаў. Кіраўнікам устаноў адукацыі спатрэбіўся нейкі час, каб зразумець асаблівасці работы ў новых умовах фінансавання, але можна сказаць, што логіка нарматыўнага фінансавання стала матывуючым фактарам для павышэння эфектыўнасці кіравання.
На сённяшні дзень ужо можна зафіксаваць вынікі працэсу аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, якія ўдзельнічаюць у пілотным праекте. Пры росце (на 1255 вучняў) колькасці навучэнцаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, якія ўдзельнічаюць у пілотным праекце, агульная колькасць класаў скарацілася на 14, напаўняльнасць класаў узрасла на 1 адзінку.
Правядзенне мерапрыемстваў па аптымізацыі дазволіла накіраваць вызваленыя сродкі на павышэнне заработнай платы работнікаў і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школ. Заработная плата педагагічных работнікаў за лістапад 2015 года павялічылася на 15% у параўнанні са студзенем 2015 года, настаўнікаў — на 13,5%. Рост расходаў на развіццё адукацыйнага асяроддзя зафіксаваны ў 33 установах агульнай сярэдняй адукацыі, якія ўдзельнічаюць у пілотным праекце.
Сярод праблемных аспектаў рэалізацыі нарматыўнага фінансавання найбольш востра стаіць пытанне падрыхтоўкі кіруючых кадраў да работы ў новых умовах, паколькі эфектыўнасць укаранення новага фінансавага механізма напрамую залежыць ад пашырэння паўнамоцтваў і адказнасці кіраўнікоў у выкарыстанні бюджэтных сродкаў. Фактычна дырэктар школы сёння павінен стаць менеджарам, які валодае асновамі заканадаўства па фарміраванні бюджэту школы, яго выкананні ў рамках дзеючага заканадаўства, якое рэгулюе фінансава-гаспадарчую дзейнасць бюджэтных устаноў. Гаворка ідзе аб развіцці фінансавай і кіраўніцкай самастойнасці ўстаноў адукацыі.

— Ці пашырыліся межы правядзення пілотнага праекта ў гэтым годзе?
— Вядома, што эксперымент па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі пачынаў рэалізоўвацца з 1 студзеня 2015 года ў 34 навучальных установах. У 2016 годзе пералік удзельнікаў праекта значна пашырыўся. Цяпер у ім прымаюць удзел 183 установы, з ахопам цэлых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, а таксама ўключэннем школ сельскай мясцовасці, як гэта адбылося ў Лідскім раёне. У гэтым годзе ў праекце будуць удзельнічаць 10 асобных устаноў па краіне і таксама ўсе ўстановы Баранавіч, Савецкага раёна Гомеля, Жодзіна, Першамайскага раёна Мінска, Магілёва, Наваполацка, Скідзеля, Лідскага раёна (Ліда, горад Бярозаўка і Лідскі раён).
Мяркуецца, што вынікамі рэалізацыі пілотнага праекта стануць павышэнне празрыстасці механізма фінансавання школ і аптымальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, развіццё фінансавай і кіраўніцкай самастойнасці ўстаноў адукацыі, рост зацікаўленасці адукацыйных устаноў у выніках дзейнасці па аптымізацыі расходаў. Сэканомленыя сродкі будуць накіраваны на павышэнне заработнай платы педагагічных работнікаў і на ўмацаванне матэрыяльнай базы школ, якія правядуць комплекс арганізацыйных мерапрыемстваў.

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.