Дыстанцыйны WorldSkills

- 9:49World Skills

WorldSkills Russia стаў ініцыятарам новага праекта — Еўразійскага чэмпіянату ў рамках фіналу VIII Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Russia, у якім прымаюць удзел навучэнская моладзь, экспертная супольнасць, педагогі і майстры вытворчага навучання з краін Еўразійскай прасторы: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Узбекістана. Мерапрыемства распачалося яшчэ летам і заканчваецца ў канцы верасня. Яно праводзіцца ў новым дыстанцыйна-вочным фармаце.

У парадак дня чэмпіянату уваходзяць не толькі самі спаборніцтвы, але і прафесійнае і метадычнае навучанне, а таксама трэніроўкі ўсіх у­дзельнікаў чэмпіянату з мэтай павышэння іх прафесійнай кампетэнтнасці для ўдзелу ў наступных нацыянальных і міжнародных конкурсах. Калі гаварыць у цэлым, то еўразійскі чэмпіянат скіраваны на атрыманне краінамі новых уменняў і навыкаў для ўдасканалення сваіх нацыянальных сістэм прафесійнай падрыхтоўкі кадраў. Правядзенне чэмпіянату спрыяе сінхранізацыі стандартаў па найбольш запа­трабаваных і перспектыўных для краін еўразійскай прасторы рабочых прафесіях, а таксама фарміраванню і ўкараненню міжнацыянальнай сістэмы незалежнай ацэнкі і прызнання кампетэнцый.

WorldSkills Russia не першы год супрацоўнічае з нашай краінай у частцы абмену лепшымі практыкамі ўкаранення стандартаў WorldSkills у сістэму падрыхтоўкі кадраў. Маладыя прафесіяналы з Беларусі рэгулярна бяруць удзел у спаборніцтвах, арганізаваных WorldSkills Russia. Гісторыя супрацоўніцтва даволі багатая. Напрыклад, у 2018 годзе члены нацыянальнай зборнай WorldSkills Belarus спаборнічалі па лічбавых кампетэнцыях на чэмпіянаце DigitalSkills, а ўжо ў 2019 годзе прадстаўнікі нашай краіны далучыліся да ІІ Адкрытага еўразій­скага чэмпіянату па стандартах WorldSkills у рамках чэмпіянату WorldSkills Hi-Tech у Екацярынбургу. І такіх прыкладаў шмат. Фінал VIII Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Russia не стаў выключэннем: новы дыстанцыйна-вочны фармат дазваляе працягнуць эфектыўнае ўзаемадзеянне з Беларуссю на высокім узроўні.

Маладыя прафесіяналы з нашай краіны прымаюць удзел у чэмпіянаце як у класічных кампетэнцыях, такіх як “Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы”, ”Малярныя і дэкаратыўныя работы”, “Электрамантаж”, так і ў новых для еўразійскіх конкурсаў лічбавых спецыяльнасцях — “Інжынерны дызайн CAD”, “Сеткавае і сістэмнае адміністраванне”, “Праграмныя рашэнні для бізнесу”, “Графічны дызайн”, “Вэб-дызайн і распрацоўка”. Наша ўдзельніца чэмпіянату па спецыяльнасці “Малярныя і дэкаратыўныя работы” Вікторыя Гарбузова (выступала ў нацыянальным чэмпіянаце) расказала, што ўдзел у Еўразійскім чэмпіянаце дае бясцэнны вопыт, новыя знаёмствы, абмен ведамі і спрыяе самаразвіццю. Па словах Вячаслава Валадзько, маладога спецыяліста, удзел у міжнародным чэмпіянаце дае новы вопыт, які можна выкарыстоўваць для свайго прафесійнага ўдасканалення. Кампетэнцыя “Вэб-дызайн і распрацоўка” грунтуецца на веданні вэб-тэхналогій, якія аднолькава важныя для спецыялістаў адразу некалькіх спецыяльнасцей: дызайнера, вярстальшчыка, праграміста. Вячаслаў адзначае высокую запатрабаванасць кампетэнцыі на рынку працы, а таксама магчымасць працаваць з любога пункта свету, што асабліва актуальна ў сённяшніх умовах. Сучасныя выклікі паўплывалі на развіццё прафесійнай падрыхтоўкі кадраў і паспрыялі новаму, унікальнаму этапу ў яе развіцці. На дыстанцыйны фармат пераходзяць не толькі чэмпіянаты, але і адукацыйныя і працоўныя працэсы, спрыяючы такім чынам фарміраванню новых мадэлей працаўладкавання і працоўных месцаў на рынках працы.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.