Дыялагічная патрэба ва ўдасканаленні ўласнай прафесійнай дзейнасці

- 11:57Адукацыйная прастора

У канцы мінулага года ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі быў прэзентаваны вучэбна-метадычны дапаможнік “Вопыт педагагічнай дзейнасці: выяўленне, абагульненне, апісанне і распаўсюджванне”. Аўтары — начальнік Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Іван Віктаравіч Фёдараў і старшы выкладчык Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка Аксана Валянцінаўна Сурыкава.

Трэба адзначыць, што ў АПА вядзецца сістэмная работа над вопытам педагагічнай дзейнасці. Праводзіцца вялікая колькасць мерапрыемстваў па рабоце з вопытам для розных катэгорый педагагічных работнікаў. На сайце акадэміі створаны старонкі “Аўтарскія методыкі, вопыт”, “Метадычны рэсурс”.

Выданне чаканае і вельмі актуальнае, бо многія настаўнікі ў краіне валодаюць унікальным вопытам сваёй педагагічнай дзейнасці, але не многія здольны яго правільна абагульніць, сістэматызаваць і распаўсюдзіць. Тут я, шчыра кажучы, выступаю перш за ўсё ад імя калектыву “Настаўніцкай газеты”, бо мы такі вопыт распаўсюджваем тры разы на тыдзень. Да нас штодзень прыходзіць вялікі стос пісем (электронных, папяровых), але сапраўдных газетных матэрыялаў, такіх, якія не патрабуюць правак, не так і многа. Мы пастаянна на сувязі з нашымі чытачамі, таму не стамляемся адказваць на пытанні: што і як пісаць.

Здавалася б, сто разоў пра гэта сказана і напісана, але ўсё роўна знаходзяцца ахвотныя задаць хвалюючыя пытанні, тым больш абагульненне ўласнага педвопыту — абавязковая ўмова атэстацыі педработнікаў. Зыходзячы з частаты такіх пытанняў, адрасаваных як у АПА, так і ў рэдакцыю, можна меркаваць, што выяўленне, сістэматызацыя, апісанне і распаўсюджванне ўласнага педагагічнага вопыту — задача не з простых. Таму той алгарытм, які ў сваім дапаможніку прапанавалі Іван Віктаравіч і Аксана Валянцінаўна, вельмі запатрабаваны. Прынамсі, на сённяшні дзень дапаможнік карыстаецца вялікім попытам.

Мне ж у рукі гэтая метадычная кніга трапіла нядаўна. Пагартаўшы яе, захацелася падзякаваць аўтарам, бо ёсць верагоднасць, што цяпер наша рэдакцыйная пошта папоўніцца карыснымі і чытэльнымі тэкстамі.

“Неабходнасць у такім дапаможніку існавала даўно. Яшчэ ў 2012 годзе, калі выйшла новая інструкцыя па атэстацыі педработнікаў і ў АПА заняліся распрацоўкай падыходаў да здачы кваліфікацыйнага экзамену на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, мы сутыкнуліся з праблемай. Вопыту ў нашых педагогаў багата, але як яго сістэмна падаць, каб ім маглі карыстацца калегі? Як яго выявіць на першапачатковым этапе дзейнасці настаўніка, каб потым развіць і ўдасканаліць? Гэта былі адкрытыя пытанні, якія патрабавалі змястоўнага адказу, а дакладней — алгарытму дзеянняў. 

Між тым практыка пастаяннага аналізу вынікаў сваёй прафесійнай дзейнасці, пошук прычын уласнай паспяховасці, абмеркаванне з калегамі практычных пытанняў выкладання і выхавання і шырокае далучэнне саміх педагогаў да абагульнення і распаўсюджвання эфектыўнага педагагічнага вопыту, несумненна, спрыяюць росту прафесійнага май­стэрства педагогаў і павышэнню якасці адукацыі”, — адзначыў Іван Віктаравіч.

І каб накіраваць настаўнікаў, у 2012 годзе І.В.Фёдараў разам з А.В.Сурыкавай і І.В.Багачовай стварылі дапаможнік па абагульненні і сістэматызацыі педагагічнага вопыту. Аўтары меркавалі, што перадавы настаўніцкі вопыт стане здабыткам краіны. На справе ж было па-іншаму: вопыт быў, але матэрыялы педагогаў былі разрозненыя. Успамінаючы адзін з першых семінараў у АПА па абагульненні вопыту, Іван Віктаравіч заўважыў: “На сталах перад настаўнікамі былі вялізныя папкі, але як у іх разабрацца іншаму настаўніку? Патрэбен быў такі вопыт, які можна будзе не толькі ўбачыць, пачытаць, пагар­таць, а выкарыстаць у сваёй штодзённай рабоце. Канечне, гаворка ішла не пра ўсё, бо вопыт — гэта найперш асабістае.

Адна настаўніца геаграфіі гаварыла, што да яе на адзін урок у тыдзень вучні ідуць з задавальненнем, а другая скардзілася на адваротную сітуацыю. Калі навучанне адбываецца пад прымусам, то вынікі вучэбнай дзейнасці бу­дуць нізкія. Вось такія супярэчнасці, якія, дарэчы, і сталі кропкай адліку ў рабоце над адпаведным вучэбна-метадычным дапаможнікам”, — працягваў Іван Віктаравіч. Але перш чым ён з’явіўся, І.В.Фёдараў і І.В.Багачова распрацавалі 7 прадметных кніжак “Як прадставіць свой педагагічны вопыт на кваліфікацыйны экзамен”. У іх прыводзіўся вопыт лепшых настаўнікаў краіны. Гэтыя кнігі запатрабаваны па сённяшні дзень. 

Новы дапаможнік утрымлівае як тэорыю, так і практыку. Ён дапаможа падрыхтавацца не толькі да здачы кваліфікацыйнага экзамену, але і, напрыклад, да публічнага выступлення на педсавеце, з дакладам ці лекцыяй перад калегамі.

“Абагульніць свой уласны вопыт — значыць убачыць у прыватным агульнае і такім чынам растлумачыць з навуковага пункту гледжання, як дасягае педагог станоўчых вынікаў у адукацыйным працэсе. Для абагульнення ўласнага вопыту неабходна імкнуцца ўбачыць сваю дзейнасць як бы збоку, стаць у пазіцыю знешняга эксперта. Але пры гэтым вельмі важна, каб сутнасць, тое галоўнае, што складае аснову вопыту, прынцыпы, на якіх вы будуеце адукацыйны працэс, не закрываліся залішнімі дробнымі дэталямі”, — тлумачаць ва ўводзінах аўтары.

А затым, каб матэрыялізаваць тэарэтычныя аспекты, прапануюць адказаць на пытанні:

1) што я раблю? (прадмет дзейнасці)

2) для чаго я гэта раблю? (мэта)

3) як я гэта раблю? (алгарытмы, формы, метады)

4) які гэта дае вынік?

5) за кошт чаго гэты вынік дасягнуты?

Пагаджуся з аўтарамі вучэбна-метадычнага дапаможніка ў тым, што абагульненне вопыту — гэта аналітыка ўласнай дзейнасці, сістэмны аналіз, пры якім ідэальная сістэма суадносіцца з рэальнай. І тут вельмі важна не змяшаць ідэальнае з рэальным. “Складанасць працэсу самастойнага абагульнення вопыту заключаецца ў тым, што педагогі не заўсёды дакладна могуць вызначыць тое агульнае, з чым суадносіцца іх уласны вопыт. Абагульняючы ўласны вопыт, чалавек нярэдка выдае жаданае за сапраўднае, суадносіць сваю практыку з якой-небудзь новай моднай тэхналогіяй і знаходзіць у ёй агульныя элементы”, — гавораць аўтары. 

Каб усяго гэтага пазбегнуць, зразумець і асэнсаваць змест і значнасць уласнага вопыту, І.В.Фёдараў і А.В.Сурыкава прапануюць засяродзіцца на сутнасці вопыту педагагічнай дзейнасці, яго функцыях, падыходах да вывучэння, абавязкова звярнуцца да рэфлексіўнай практыкі, пазнаёміцца з тэхналогіяй абагульнення педагагічнага вопыту, апісаннем педагагічнага вопыту (аўтарскай методыкі). Акрамя таго, звярнуцца да форм работы з педагогамі па прадстаўленні вопыту ўласнай педагагічнай дзейнасці. Тут аўтары спыняюцца на майстар-класе, круглым стале, тэарэтычным семінары, семінары-практыкуме, вучэбнай дзелавой гульні, педагагічнай студыі.

Усе прыведзеныя формы (як, зрэшты, і ўсе этапы сістэматызацыі і фарміравання ўласнага педагагічнага вопыту) падмацаваны шматлікімі прыкладамі. Аўтары даюць гатовыя пакрокавыя алгарытмы, якія распрацаваны педагогамі розных прадметаў, на розных ступенях адукацыі і іх кірунках.

Асобна хачу спыніцца на раздзеле, дзе гаворка ідзе пра напісанне артыкула, галоўная мэта якога — пазнаёміць педагагічную грамадскасць з вынікамі сваёй прафесійнай дзейнасці, “раскрыць арыгінальныя аспекты і індывідуаль­ныя алгарытмы вы­-
рашэння педагагічных задач”.

Як адзначаюць аўтары, у артыкуле звычайна даволі выразна, канкрэтна і ў сціснутай форме выкладаецца сучасны стан пытання, якое вывучаецца, ключавыя тэндэнцыі ў даследаванні і практычны вопыт аўтара па яго вырашэнні. Можа прысутнічаць аналітычны агляд інфармацыі ў праблемнай галіне. Найважнейшым патрабаваннем да артыкула з’яўляецца адукацыйная і сацыякультурная значнасць праблемы, прадстаўленая як цэласная педагагічная з’ява. 

Па відах артыкулы дзеляцца на навуковыя, навукова-метадычныя і метадычныя. Мы на старонках сваёй газеты друкуем навукова-метадычныя і метадычныя, таму з дазволу аўтараў хачу спыніцца на адпаведных рэкамендацыях, якія яны прыводзяць у сваім дапаможніку.

“Артыкулы навукова-метадычнага характару звычайна адлюстроўваюць вынікі эксперыментальнай, інавацыйнай, даследчай, праектнай дзейнасці педагагічных работнікаў”.

“Артыкул метадычнага зместу ўяўляе сабой канкрэтызацыю да ўзроўню прыёмаў навучання і выхавання, якія выкарыстоўваюцца на практыцы, можа з’яўляцца сукупнасцю рэкамендацый па вырашэнні пэўных педагагічных задач. Метадычны артыкул можа ўключаць вучэбнае, арганізацыйнае, інфармацыйнае, дыдактычнае, змястоўнае напаўненне”.

“Метадычны артыкул закліканы дапамагчы іншым педагогам атрымаць звесткі пра тое, як можна больш ра­цыянальна і эфектыўна арганізаваць працэс навучання і выхавання. Асноўнае пытанне, адказ на якое раскрывае метадычны артыкул, — “Як вучыць?”, таму аўтару ў артыкуле неабходна не толькі намеціць праблему, але і паказаць метадычны шлях яе вырашэння. Гэта можа быць арыгінальная тэхналогія або выкарыстанне ўжо вядомых дыдактычных прыёмаў у аўтарскай інтэрпрэтацыі, алгарытм нестандартных рашэнняў або мадэль паспяховага авалодання ведамі, эфектыўнай адпрацоўкі ўменняў і навыкаў”.

“У аснову артыкула могуць быць пакладзены тэарэтычныя і метадалагічныя аспекты, аднак абавязкова павінен прысутнічаць дадатак з канкрэтным метадычным матэрыялам, арыентацыя на пэўныя спосабы навучання, апісанне персанальных педагагічных прыёмаў, мадэлей, алгарыт­маў”.

У канцы свайго матэрыялу хачу звярнуцца да пачатку вучэбна-метадычнага дапаможніка “Вопыт педагагічнай дзейнасці: выяўленне, абагульненне, апісанне і распаўсюджванне”. Там прыводзяцца погляды навукоўцаў на паняцце сутнасці педагагічнага вопыту і робіцца пэўная выснова: “…Вопыт прафесійнай дзейнасці вызначаецца як культура педагога, уяўляе сабой меру асваення ім прафесійных каштоўнасцей і прафесійнай дзейнасці, якія праяўляюцца ў індывідуальнай практыцы. Гэта сукупнасць асабістых узораў прафесійных паводзін, зносін, метадаў камунікацыі і дзейнасці, прадуктаў гэтай дзейнасці, ідэй і думак; узровень развіцця і рэалізацыі творчага патэнцыялу настаўніка”.

“Сучасныя даследчыкі прыходзяць да высновы, што вопыт не з’яўляецца простым наборам фактаў і сітуацый, якія адбыліся з педагогам у яго прафесійным жыцці, ён існуе ў пэўных паняццях, тэрмінах, знакавых выразах, а значыць, быў рэфлексіўна асэнсаваны асобай для наступнай інтэр-прэтацыі. Больш за тое, педагагічны вопыт не ўзнікае сам па сабе, неўсвядомлена, адасоблена ад дзеючага суб’екта, а развіваецца як дыялагічная патрэба настаўніка ва ўдасканаленні ўласнай прафесійнай дзейнасці”, — далей прыво­дзяць факты аўтары.

Вучэбна-метадычны дапаможнік будзе карысны як маладым, так і ўжо вопытным настаўнікам. Ён можа стаць настольнай кнігай для метадыстаў усіх узроўняў. Дапаможнік не перанасычаны тэорыяй, але прыведзеныя паняцці, характарыстыкі, функцыі і падыходы яскрава сведчаць пра навуковую абгрунтаванасць і практычную значнасць тэарэтычных асноў.

Вялікае значэнне мае практычная частка дапаможніка, бо яна не проста дае ўзоры, а пашырае кругагляд педагога, матывуе да развіцця і самаўдасканалення. Гэтая метадычная кніга дапаможа асэнсаваць маштаб уласнай педагагічнай дзейнасці і зразумець, як яе можна тыражаваць у педагагічнай грамадскасці. Вы зможаце выйсці за свае межы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.