Дыялог дзеля аб’яднання

- 11:28Актуально, Апошнія запісы

На мінулым тыдні ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у межах мерапрыемстваў па святкаванні 95-годдзя з дня выхаду ў свет першага нумара навукова-педагагічнага часопіса “Народная асвета” прайшоў круглы стол. У мерапрыемстве ўзяў удзел намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

“Народная асвета” — выданне з багатай гісторыяй і традыцыямі. Часопіс заўсёды ў трэндзе новых педагагічных тэндэнцый, аператыўна адгукаецца на патрэбы педагогаў, таму для многіх з іх стаў настольнай кнігай”, — адзначыў у сваім вітальным слове намеснік міністра. 

Месца і роля часопіса “Народная асвета” ў адукацыйнай прасторы Рэспублікі Беларусь даўно вызначана. Гэта рэсурс сістэмы дадатковай адукацыі дарослых і дзейнасці метадычных службаў сістэмы адукацыі, эфектыўны сродак для самаадукацыі. Разам з тым удзельнікі круглага стала сабраліся, каб абмеркаваць перспектывы развіцця выдання ў інфармацыйна-метадычным полі сістэмы адукацыі нашай краіны, інавацыйныя напрамкі дзейнасці рэдакцыйнага калектыву. Паралельна ўзнімалася пытанне  ўдасканалення зместу прафесійных педагагічных выданняў для больш шырокага выкарыстання іх патэнцыялу ў практычнай дзейнасці.

Калі звярнуцца да гісторыі, каб правесці паралелі з сучаснасцю, то становіцца відавочным: галоўныя мэты стварэння першага ў краіне навукова-педагагічнага выдання — “дапамагчы настаўніцтву працоўнай школы, кіраўнікам дзеючых устаноў, дзеячам пазашкольнай адукацыі і работнікам ВНУ Беларусі ў іх асветніцкай працы праз указанне метадаў асветы і ўзаемнае інфармаванне аб дасягненнях у галіне асветніцкай практыкі…” — застаюцца актуальнымі і сёння. З самага пачатку свайго існавання і да цяперашняга часу “Народная асвета” з’яўляецца адкрытай пляцоўкай для абмену ідэямі паміж вучонымі і практыкамі, для абагульнення і распаўсюджання эфектыўнага педагагічнага вопыту, павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў.

“Зразумела, час уносіць свае карэктывы ў прафесійнае жыццё, і каб адпавядаць патрабаванням, сёння сваёй стратэгічнай задачай калектыў часопіса бачыць усталяванне партнёрскіх адносін са сваім чытачом і аўтарам, прадастаўленне магчымасці ўступіць у жывую змястоўную камунікацыю. Гэтая камунікацыя дазваляе абодвум бакам трымаць руку на пульсе якасных змен, якія адбываюцца ў адукацыйнай прасторы Беларусі і свету, спрыяе станаўленню інавацыйнага педагагічнага мыслення. Вядома, што працэс “вырошчвання” аўтара няпросты, складаны, і мы бачым неабходнасць дапамагчы нашым педагогам у падрыхтоўцы і распаўсюджванні эфектыўнага педагагічнага вопыту.

На працягу апошніх трох гадоў рэдактарамі часопіса было праве­дзена больш за 80 майстар-класаў “Інфармацыйная культура педагога: падрыхтоўка матэрыялаў да публікацыі ў навукова-метадычным часопісе”, на якіх працавалі каля трох з паловай тысяч настаўнікаў, выкладчыкаў і метадыстаў. Арыенцірам развіцця часопіса ў апошнія гады стаў курс на стварэнне новай медыяформы падачы матэрыялаў. “Народная асвета” стала першапраходцам у выкарыстанні праект­най методыкі. Праекты “Педагагічная асамблея” (112 выпускаў), “Энцыклапедыя “Школы Беларусі” (155 выпускаў), “Бацькоўскі сход” (114 выпускаў) вельмі запатрабаваныя, бо аб’ядноўваюць навукоўцаў і педагогаў-практыкаў у адлюстраванні актуальных напрамкаў развіцця навукі і адукацыі.

Нельга не засяродзіць увагу на новым праекце “Ад лакальных праектаў — да масавай практыкі”, які “Народная асвета” рэалізуе разам з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі. Пляцоўка гэтага праекта змяшчае тэарэтычныя, метадалагічныя і метадычныя асновы распрацоўкі і рэалізацыі інавацыйных праектаў, перадавы педагагічны вопыт настаўнікаў Рэспублікі Беларусь, інавацыйныя адукацыйныя тэхналогіі, апрабаваныя ў школах нашай краіны. Гэты праект толькі набывае моц, і мы спадзяёмся, што ўсе ўдзельнікі інавацый уключацца ў прафесійную размову і папоўняць метадычную прастору часопіса новымі прагрэ­сіўнымі ідэямі”, — адзначыла галоўны рэдактар “Народнай асветы” Святлана Мазурына.

Час не стаіць на месцы, таму рэдакцыйны калектыў удасканальвае часопіс па форме і змесце, ператвараючы яго ў школу дыстанцыйнага навучання для настаўніка, метадыста, адміністратара. Традыцыйнае навукова-педагагічнае выданне становіцца інтэрактыўным падручнікам для сучаснага педагога. На старонках выдання разгорнуты праекты сацыяльнага партнёр­ства, кааперацыі і супрацоўніцтва з аўтарытэтнымі дзяржаўнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі (БДУ, АПА, РІВШ, БДУКіМ, БарД­У, РІПА, упраўленні па адукацыі аблвыканкамаў, інстытуты развіцця адукацыі і інш.).

У часопісе ажыццявілі пераход ад традыцыйных форм падачы матэрыялу да інтэрактыўнага характару публікацый праз каментарыі, педагагічныя эсэ, рэфлексіўна-эўрыстычныя пытанні, заданні для самакантролю. На працягу апошніх двух гадоў адкрыты 6 новых рубрык па актуальных пытаннях функцыянавання сістэмы адукацыі — “Сацыяльна-эканамічны форум”, “Інавацыйная пляцоўка”, “Ідэалагічны вектар”, “Бацькоўскі сход”, “Інклюзіўная школа”, “Бізнес-інкубатар”.

На сайце часопіса таксама адкрыты дадатковыя рубрыкі і раз­дзелы, дзе размяшчаюцца нефарматныя матэрыялы (сцэнарыі, марафоны, урокі, пазакласныя мерапрыемствы, слайд-прэзентацыі). Упершыню ў практыцы дзейнасці айчынных СМІ ў часопісе практыкуецца складанне тэматычных падборак з архіва выдання па заяўках чытачоў (на электронных носьбітах).

Пачынаючы з 2004 года часопіс штогод праводзіць фестываль школьнай прэсы “Пунсовыя ветразі”, а ў яго рамках конкурс на лепшае школьнае друкаванае выданне “Проба пяра” ў намінацыях “Лепшая школьная газета” “Лепшы школьны часопіс”, “Лепшае выданне ўстановы дадатковай адукацыі”. Удзельнікамі фестывалю за гэтыя гады сталі прадстаўнікі больш як 350 школьных рэдакцый з агульнай колькасцю навучэнцаў больш за 1500 чалавек, якія атрымалі не толькі ўзнагароды, але і інфармацыйна-метадычную падтрымку ў арганізацыі школьных СМІ.


Аб’яднанне намаганняў “Настаўніцкай газеты” і “Народнай асветы” (мы разам з 2010 года) дазволіла выйсці выданням на новы віток развіцця: створана інтэрактыўная інфармацыйная платформа, якая аператыўна і якасна інфармуе педагагічную грамадскасць аб важнейшых навінах і падзеях у сістэме адукацыі Беларусі, дапамагае настаўнікам у павышэнні іх метадычнага майстэрства. “Дзякуючы такому падыходу, педагог атрымлівае мноства арыенціраў для прафесійнага ўдасканалення і павышэння канкурэнтаздольнасці. Менавіта ў кантэксце новых прафесійных зносін, імкнення распрацоўкі эфектыўнага інструментарыю для пашырэння прафесійнай кампетэнтнасці беларускага настаўніка і развіваюцца сёння нашы рэдакцыі”, — адзначыў дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” галоўны рэдактар  “Настаўніцкай газеты” Вадзім Кнышаў.

Актуалізаваць змест часопіса дапамаглі прэс-туры, якія “Нас­таўніцкая газета” рэгулярна ла­дзіць апошнія гады. Падчас такіх выездаў супрацоўнікі выданняў і педагогі пачынаюць лепш адно аднаго разумець. Як адзначылі прадстаўнікі Рэчыцкага раённага ліцэя, такія сустрэчы даюць магчымасць зразумець, што рэдакцыі імкнуцца стаць бліжэй да кожнага педагога. 


 “Часопіс “Народная асвета” — вельмі эфектыўны, шматфункцыянальны і цікавы. У нашым ліцэі ён самы чытальны. А каб ён стаў больш мабільным, можна право­дзіць анлайн-канферэнцыі ці су­стрэчы. Цяпер гэта магчыма”, — заўважыла дырэктар Рэчыцкага раённага ліцэя Ірына Пяткун.

“Вывучаючы вопыт работы педагагічных калектываў у рубрыцы “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”, заўсёды параўноўваеш са сваёй установай адукацыі і імкнешся пераняць вопыт, зрабіць лепш, па-свойму разгледзець асобныя пытанні, як кіраўніцкай дзейнасці, так і ў практыцы педагогаў, выхавальнікаў, бацькоў”, — адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 1 Лепеля Аксана Харлёнак.

“Змест часопіса можа стаць трывалай асновай для стварэння сістэмы метадычнай работы на ўсіх узроўнях: узроўні самаадукацыі педагога, работы творчых і праблемных груп, работы школьных вучэбна-метадычных аб’яднанняў, сістэмы метадычнай работы ў цэлым. Шматаспектнае даследаванне праблемы ў тэматычных рубрыках “Мадэльны ўрок”, “Педагагічная асамблея” і метадычныя распрацоўкі педагогаў з розных рэгіёнаў краіны, якія дэманструюць прымяненне тэорыі на практыцы, дапамагаюць нават пачынаючаму педагогу зразумець тэарэтычныя, метадычныя і псіхолага-педагагічныя асновы праблемы і пазнаёміцца з варыятыўнасцю выкарыстання тэорыі ў практыцы работы.

Структура і рубрыкі часопіса дазваляюць пачынаючаму намесніку дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце арганізаваць вывучэнне педагагічных тэхналогій, а дасведчаны адміністратар можа абагульніць і сістэматызаваць свой вопыт у артыкуле для рубрыкі “Адміністрацыйны партфель”, — падключылася дырэктар полацкай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Святлана Валюшкіна.


“Супрацоўнікі часопіса збіра­юць інфармацыю аб новым вопыце, настаўнікі-практыкі прадстаўляюць багаты практычны матэрыял пра гэты вопыт, навукоўцы-педагогі тэарэтычна асэнсоўваюць, аналізуюць вопыт, фармулююць выразныя высновы і рэкамендацыі. У выніку “Народная асвета” аб’яднала намаганні тэарэтыкаў і практыкаў у стварэнні і распаўсюджванні прагрэсіўнага педагагічнага вопыту”, — адзначыла дацэнт кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка кандыдат педагагічных навук Лі­дзія Казінец.

“Сёння важна фарміраваць крэатыўнага, успрымальнага да інавацый настаўніка, педагога, які здольны выяўляць, раскрываць патэнцыял кожнага вучня, даць яму магчы­масць стварыць свой адукацыйны прадукт. Часопіс факусіруе зацікаўленых, матываваных, арыентаваных на наватарства педагогаў.

Сучасная “Народная асвета”, дзякуючы шырокаму дыяпазону тэм, комплекснаму адлюстраванню інавацыйных напрамкаў у адукацыі, з’яўляецца каштоўным выданнем для сістэмы вышэйшай адукацыі. Трансліраваныя педагагічныя тэхналогіі, адукацыйныя мадэлі, прафесійнае майстэрства прымяняюцца і ў студэнцкіх аўдыторыях. Многія мае калегі з’яўляюцца пастаяннымі чытачамі і аўтарамі часопіса. Гэтае выданне адначасова з’яўляецца дыялогавай пляцоўкай і аб’яднальным кампанентам для ўсіх узроўняў адукацыі, пачынаючы з дашкольнага этапу і заканчваючы ўніверсітэцкім”, — падкрэсліў аўтар “Народнай асветы” рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль.

Работа круглага стала завяршылася ўрачыстай нотай. З нагоды юбілею супрацоўнікі “Народнай асветы” атрымалі граматы Міністэрства адукацыі і выдавецкага дома “Педагагічная прэса”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.