Дыялог на аднолькавых правах

- 10:45Абмяркоўваем змяненні Кодэкса аб адукацыі, Актуально

Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь зрабіла крок далёка наперад. 14 студзеня 2022 года Прэзідэнтам нашай краіны А.Р.Лукашэнкам быў падпісаны закон “Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”, які ўступіць у сілу з 1 верасня 2022 года.

Члены маладзёжнага парламента пры Маладзечанскім раённым Савеце дэпутатаў азнаёміліся з асноўнымі змяненнямі кодэкса. Юныя парламентарыі ініцыіравалі сустрэчу з намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці дырэктарам сярэдняй школы № 14 Маладзечна Калінай Віктараўнай Капуцкай, для таго каб яна адказала на пытанні моладзі і дала растлумачэнні.

Круглы стол “Дыялог на аднолькавых правах” адбыўся ў гімназіі № 6 Маладзечна, таму да абмеркавання важных для школьнікаў пытанняў запрасілі дырэктара Анжаліку Аляксандраўну Хандзецкую і лідараў гімназічнага самакіравання гэтай установы адукацыі.

Каліна Віктараўна пачала сустрэчу з аповеду пра тое, што сабой уяўляе Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, якія функцыі ў дэпутатаў ніжняй і верхняй палаты, а таксама пра работу дэпутатаў на мясцовым узроўні.

Дзеці з вялікай цікавасцю ўключыліся ў дыялог. Удзельнікаў сустрэчы цікавіла, як бу­дзе праходзіць цэнтралізаваны экзамен, ці бу­дзе ён дыферэнцыравацца для навучэнцаў профільных і няпрофільных класаў, як зменяцца экзамены для дзевяцікласнікаў, чаму вярта­юць экзамен па прадмеце “Гісторыя Беларусі”, як будзе працаваць дыстанцыйнае навучанне, і многія іншыя пытанні.

Такая форма абмеркавання тэмы, як круглы стол, дазваляе моладзі весці дыялог на роўных з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, а такія сустрэчы даюць магчымасць маладым людзям не толькі задаць пытанні, якія іх хвалююць, але і трансліраваць сваё меркаванне па пытанні, якое абмяркоўваецца.

Паспяховая будучыня ў руках кожнага — да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі круглага стала.

Настасся АГУРЦОВА, 
метадыст Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”.