Дзе бярозы шапочуць

- 11:22Родная земля

Пра паходжанне назвы Бярозы здагадаецца нават першакласнік: канечне, ад слова “бяроза”. Але чаму тады ў сучаснай Бярозе так мала бяроз? На вуліцах і ў скверах дастаткова клёнаў, таполяў, на падворках расце шмат яблынь, груш, вішань, а вось бяроз значна меней. Хаця калісьці беластволыя прыгажуні вадзілі на берагах Ясельды вялізныя карагоды. Пра паходжанне назвы Белаазёрска (яшчэ аднаго горада ў Бярозаўскім раёне) таксама нескладана здагадацца: ён размешчаны каля возера Белага. Праўда, і Чорнае побач. Тады чаму не Чорнаазёрск? Гістарычны Здзітаў Гарадок — гэта сучасны аграгарадок Здзітава або вёска Здзітава? Паспрабуем раскрыць некаторыя таямніцы бярозаўскай зямлі.

Радасная сустрэча

Збіраешся ў камандзіроўку на Бярозаўшчыну і, канечне, чакаеш убачыць там вялізныя бярозавыя гаі, уяўляеш, як выдатна бу­дуць глядзецца дрэвы праз аб’ектыў фотаапарата ў пару залатой восені. А што ў рэальнасці? Бяроз на Бярозаўшчыне не больш, чым у суседнім Івацэвіцкім або Пружан­скім раёне, а ў самім райцэнтры дык і наогул яшчэ трэба пастарацца знайсці беластволую прыгажуню. Затое калі знойдзеш! Гэты момант будзе нагадваць доўгачаканую сустрэчу з дарагім для цябе чалавекам! Прыкладна такім атрымалася маё выпадковае спатканне з беластволай прыгажуняй каля сцен былога кляштара картузіянцаў — помніка архітэктуры XVII стагоддзя, заснаванага сынам знакамітага канцлера ВКЛ Казімірам Львом Сапегам. Дрэва ўжо не маладое і на сваім вяку яно бачыла многае. Магчыма, было сведкам трагічных падзей, якія разгортваліся каля цагляных муроў у гады Вялікай Айчын­най вайны.

Т.С.Ажажа.

Нельга прыдумаць, нельга забыць

“Акупанты праводзілі тут расстрэлы”, — пачала аповед пра месца, якое ў гэтыя дні шчодра асыпае залатой лістотай бяроза, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Бярозы Жанна Мікалаеўна Казловіч. Звесткі пра расстрэлы мірных жыхароў Жанна Мікалаеўна атрымала з успамінаў (захоўваюцца ў Бярозаўскім гісторыка-края­знаўчым музеі) былой настаўніцы рускай мовы і літаратуры Зоі Ула­дзіміраўны Міцэвіч (Мянжынскай), 1934 года нараджэння. “Ці можа чалавек прыдумаць тое, чаго не бачыў у дзяцінстве? Лічу, што не, паколькі дзіцячыя ўспаміны самыя моцныя. Зоя часта бывала з сябрамі на тэрыторыі кляштара. Аднойчы дзеці ўбачылі, як прыехала машына, крытая брэзентам. Калі яна спынілася, салдаты пачалі выштурхоўваць адтуль людзей (старых, жанчын, дзяцей), потым сартаваць. Самых маленькіх дзяцей, якія яшчэ не хадзілі, кідалі ў асобную кучу. Плач, крыкі…”, — расказвае Жанна Мікалаеўна.

А.І.Чайчыц каля “Здзітаўскага фальварка”.

Бацькі Зоі дапамагалі партызанам, пяклі хлеб. Нядзіўна, што аднойчы да дома пад’ехала падвода і бацьку забралі ў турму. Дзяўчынка часта хадзіла на сустрэчу з татам. Можна толькі ўявіць, што адчувала Зоя падчас гэтых сустрэч, калі бачыла яго зарослым, брудным, са слядамі пабояў. Арыштам бацькі няшчасце для Мянжынскіх не скончылася. У хуткім часе ў турму забралі ўсю сям’ю (маму Зоі, дзвюх яе малодшых сястрычак і браціка). Зоі разам з іншымі дзецьмі давялося потым яшчэ прайсці праз лагер дзяцей-донараў у Пухавіцкім раёне, прытулак для сірот (тату і маму акупанты расстралялі каля сцен былога кляштара). Пасля вайны Зоя Уладзіміраўна скончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна. Працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў школах Будапешта, Брэста і Бабруйска, узначальвала бабруйскую гарадскую арганізацыю былых вязняў фашызму “Лёс”, часта сустракалася з моладдзю.

Падчас эмацыянальнага аповеду-экскурсіі, які Жанна Мікалаеўна праводзіла каля руінаў былога кляштара, вялізная бяроза ўвесь час шапацела, вецер то ўздымаў пазалочаныя галіны, то апускаў да самай зямлі. Здавалася, што дрэва схіляецца, нібыта ўшаноўвае памяць пра лю­дзей, якія былі расстраляны на гэтым месцы. Памяць пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўшаноўваецца і калектывам сярэдняй школы № 2 Бярозы. У 2004 го­дзе ва ўстанове адукацыі па ініцыятыве былога намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Аляксандры Міхайлаўны Білібуха быў адкрыты музей “Памяці і па­дзякі”. Сёння кіраўніком музея з’яўляецца Жанна Мікалаеўна Казловіч. Музей — цэнтр грамадзянска-патрыятычнага выхавання. З яго матэрыяламі (сярод унікальных — анкеты бярозаўскіх ветэранаў) вучні знаёмяцца падчас экскурсій тэматычных цыклаў “Прывітанне, музей!”, “За старонкамі школьных падручнікаў”, “Я ў сучасным свеце”.

Экскурсіі кожнага цыкла змястоўныя, разнастайныя. Напрыклад, цыкл “Прывітанне, музей!” расказвае вучням пачатковых класаў пра арганізацыю работы музея, дае агульныя звесткі пра Вялікую Айчын­ную вайну. Другі цыкл разлічаны на вучняў сярэдняга звяна, а трэці — на старшакласнікаў. Ім прапаноўваецца не толькі азнаёміцца з экспанатамі, але і паразважаць на тэмы: “Не забываецца такое ніколі”, “Духоўная пераемнасць пакаленняў”, “Вайна. Народ. Перамога”.

Край ваенны, гераічны

Найбольш велічным напамінам пра па­дзеі Вялікай Айчыннай вайны на Бярозаўшчыне з’яўляецца мемарыяльны комплекс “Здзі­таўская абарона”, узве­дзены ў 1975 го­дзе ў цэнтры вёскі Здзітава. На пярэднім плане — фігура волата-партызана з узня­тым аўтаматам. Побач барэльеф з выявамі эпізодаў абарончых баёў, якія адбываліся ў ваколіцах возера Спораўскага вясной 1944 года. З фронту было накіравана больш за 13 тысяч нямецкіх салдат. Пачалася блакада. Красавік, разводдзе… У такіх умовах, па пояс у халоднай вадзе, з дзецьмі на руках вяскоўцы вымушаны былі хавацца ў лясах. Адразу за мостам праз раку Дарагабуж пачыналася першая лінія абароны партызан. Пад націскам варожай авіяцыі і артылерыі партызаны вымушаны былі адступіць да другой лініі абароны, да ўрочы­шча Дворы­шча. У тых баях загінула шмат байцоў, мірных жыхароў, аднак тысячы людзей былі выратаваны.

Будуюцца новыя мікрараёны Бярозы.

“Наш край ваенны, гераічны. // Спакутаваны і святы. // І гэты досвед гістарычны // Шануем усе мы праз гады. // Мемарыял шыкоўны маем. // Як сведка подзвігу стаіць, // Бо партызаны затрымалі // Тут ворага, каб вольна жыць”, — расказалі пра падзеі таго часу вучні-экскурсаводы Здзі­таўскай сярэдняй школы. Іх родны край неаднаразова станавіўся цэнтрам баявых дзеянняў, яшчэ са старадаўніх часоў, калі Здзітава было горадам. Вядома, што падчас змагання кіеўскіх князёў з яцвягамі тагачасны Здзітаў быў разбураны, а жыхары перасяліліся за некалькі кіламетраў на тэрыторыю сучаснага Здзітава. У складзе ВКЛ населены пункт вядомы як Здзітаў Гарадок або Здзітаў Дварэц. Пазней Здзітаў згубіў свой статус горада і стаў уладаннем прыватных асоб, быў мястэчкам, а сёння гэта вёска ў скла­дзе Спораўскага сельсавета.

Ад Здзітаў Гарадка да вёскі Здзітава

Калі з паходжаннем назвы Бярозы ўсё даволі проста, то са Здзі­тава сітуацыя іншая. Версій шмат, розных, прыгожых. Адна звязана з назвай ракі Дзітва (працякае на тэрыторыі Воранаўскага і Лідскага раёнаў). Маўляў, калі тутэйшых жыхароў пыталі, адкуль яны прыйшлі, тыя адказвалі, што з Дзітвы. Даўно тое было, задоўга да 1252 года — першай згадкі пра Здзі­тава ў Іпацьеўскім летапісе. Сёння населеных пунктаў з назвай Здзітава на Бярозаўшчыне два. Мы ж адправімся не ў аграгарадок, які побач з райцэнтрам, а ў вёску Здзітава, што недалёка ад Спораўскага возера. Нягледзячы на статус вёскі, сучаснае Здзітава развіваецца не менш актыўна, чым аграгарадок. І ўсё дзякуючы неабыякавасці і намаганням мясцовых настаўнікаў і вучняў. Нездарма Здзі­таўская сярэдняя школа з’яўляецца апорнай у раёне па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, на яе базе створаны рэсурсны цэнтр. Пра асаблівасці працы калектыву ўстановы адукацыі паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Здзітаў­скай сярэдняй школы Таццяна Сяргееўна Ажажа:

Вучні 10 класа з Чучундрыкамздзітаўскім брэндам.

“Для нас Год малой радзімы пачаўся не ў гэтым і не ў мінулым го­дзе. Да разумення значнасці малой радзімы, рэалізацыі праектаў на яе карысць мы падышлі з навуковага пункту погляду яшчэ ў 2008 годзе, калі ездзілі ў Германію для вывучэння міжнароднага вопыту і складання стратэгіі ўстойлівага развіцця. Пасля той паездкі мы з калегамі пачалі актыўна прасоўваць ідэю развіцця малой ра­дзімы. Ведаючы нашы магчымасці, склалі план дзейнасці. Мы лічым, што паспяхова Мэты ўстойлівага развіцця бу­дуць дасягацца тады, калі дзіця зразумее, што яно робіць і дзеля чаго, які будзе вынік працы. Яно павінна ўмець прасунуць ідэю, рэалізаваць яе, знайсці партнёраў, ажыццявіць задуманае. На аснове гэтага настаўнікамі Спораўскага сельсавета была скла­дзена стратэгія ўстойлівага развіцця “школа + вёска”. У нашым разуменні цэнтр Зямлі для кожнага чалавека там, дзе ён жыве, таму ўсе сацыяльна значныя ініцыятывы прысвячаюцца малой радзіме”.

Каля возера Белага…

Адной з такіх ініцыятыў з’яўляецца стварэнне музея “Здзі­таўскі фальварак”. А пачыналася ўсё так: настаўнікі і вучні звярнулі ўвагу на пустуючыя ў вёсцы дамы і вырашылі выкарыстоўваць іх у якасці рэсурсу для развіцця агратурызму. На базе аднаго з закінутых дамоў і быў створаны эколага-этнаграфічны музей. На прыкладзе рэалізацыі праекта калектыў здзі­таўскай школы паказаў мясцовым жыхарам, што можна адкрыць аграсядзібу, прымаць гасцей — гэта будзе тваёй крыніцай даходу, тваёй занятасцю, тым самым твая справа будзе садзейнічаць росквіту малой радзімы. І як індыкатар было прапісана, што праз пэўны час у Здзітаве адкрыецца некалькі аграсядзіб.

Эколага-этнаграфічны музей “Здзітаўскі фальварак” быў створаны ў 2009 годзе сумесна з зацікаўленымі жыхарамі Здзітава, ААТ “Спорава”, Спораўскім лясніцтвам і пры фінансавай падтрымцы Праграмы развіцця ААН. Падчас наведвання музея госці знаёмяцца з практычнай рэалізацыяй наступных прынцыпаў устой­лівага развіцця: каштоўнасці і захавання мясцовай культуры і традыцый; каштоўнасці ўнікальнага прыроднага асяроддзя для будучых пакаленняў. “Здзітаўскі фальварак” — гэта ўжо мясцовы брэнд, пад якім і варэнне варыцца, і мёд здабываецца, і фальклорныя святы адзначаюцца. А дзякуючы загадчыцы музея настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алене Іванаўне Чайчыц, захапляючыя экскурсіі праводзяцца ў вершаванай форме.

Бярозаўская ДРЭС.

“У фальварку рады вас ві­таць. Экскурсію гатовы даць. // Навучым нават танцаваць. Рыхтуемся пачаставаць. // Мы можам шмат што расказаць. // Што ж, пачынаем вас здзіўляць”, — пасля гэтых слоў наведвальнікі з нецярпеннем чакаюць праходжання ўсіх этапаў музейнага здзіўлення. А здзіўляцца тут ёсць чаму! У музеі захоўваецца шмат цікавых экс­панатаў. Самы яркі этап здзіў­лення — канец экскурсіі: “Вось так наш Здытовэц і жыў. Было што йісты — йіў і пыў. // Дытэй ростыў і годоваў і Бога муцно поважаў”. Апошнія радкі вершаванай экскурсіі знаёмяць здзіўленых наведвальнікаў не толькі з асаблівасцямі мясцовага дыялекту, але і з характарам, ладам жыцця мясцовых жыхароў.

“Яшчэ адзін з праектаў, якім мы ганарымся, — кніга “Здзітава — радзіма мілая!”, створаная ў 2015 годзе агульнымі намаганнямі зацікаўленых жыхароў Здзітава, выпускнікоў, настаўнікаў, вучняў, бацькоў. Агульнай справай для нас з’яўляецца таксама дыялектны слоўнік вёскі, куды ўключана 900 слоў, пададзеных у кантэксце, з прыкладамі. Праца над слоўнікам вялася на працягу 10 гадоў. Уключаны ў яго матэрыял актыўна выкары­стоўваецца на факультатыўным курсе для 6 класа “Здзітавазнаў­ства”. Усе нашы праекты (і на спартыўную, і края­знаўчую, і экалагічную тэматыку) накіраваны на развіццё малой ра­дзімы. Мурашы, буслы, бабры; балоты; як бульбу вырошч­ваць, як трымаць карову — усё пры­свечана Здзі­тава і яе жыхарам”, — паведаміла Таццяна Сяргееўна.

Каля возера Чорнага.

Паміж Белым і Чорным

Чаму Белаазёрск, які разме­шчаны акурат паміж азёрамі Белае і Чорнае, назвалі ўсё ж Белаазёр­скам, а не Чорнаазёрскам? Так прыгажэй? Ці ўсё ж іншая прычына? Канечне, назва, звязаная з возерам Белым, больш мілагучная, аднак і Чорнаазёрск было б нядрэнна — таямніча, загадкава, тым больш што ніякія нячысцікі да паходжання назвы возера не маюць адносін (утварылася назва хутчэй за ўсё з-за геалагічных асаблівасцей азёрнага дна — яно тарфяні­стае, таму і вада цёмная). А вось паходжанне назвы Белага больш рамантычнае. Згодна з легендай, Белае — ад светлага і чыстага кахання простага хлопца Дзям’яна да дзяўчыны Насткі з заможнай сям’і. Магчыма, сваю назву Белае атрымала і ад таго, што аднойчы падчас паводкі ў вёсцы, якая знаходзілася на беразе возера і ў якой некалі жылі Дзям’ян і Настка, загінула шмат людзей — чыстых, нявінных душ. Але ці была тая вёска? Дакладна невядома. А вось тое, што на беразе Белага ў 1958 годзе ў сувязі з будаўніцтвам Бярозаўскай ДРЭС з’явіўся пасёлак энергетыкаў, — факт бясспрэчны. Спачатку назва пасёлка была Бярозаўскі, а потым стала Белаазёрск. Праз 10 гадоў (у 1970-м) пасёлку быў нададзены статус горада раённага падпарадкавання.

Ж.М.Казловіч каля былога кляштара.

Маляўнічыя берагі Чорнага і Белага азёр, Бярозаўская ДРЭС, якая ўжо некалькі дзесяцігоддзяў гля­дзіцца ў люстэрка возера і каналаў, што злучаюць Белае з электра­станцыяй, — тыя адметнасці, з якімі варта азнаёміцца белаазёрскаму госцю. Пералік, канечне, мінімальны. Для больш поўнага знаёмства трэба прагуляцца па вуліцах горада. У пару залатой восені тут можна заўважыць шмат цікавых кадраў. І абавязкова, у любы час года, варта завітаць у гісторыка-краязнаўчы музей гімназіі Белаазёрска.

“Ствараўся наш музей паступова. Спачатку была адкрыта толькі адна зала — гістарычная, якая расказвала пра першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, змаганне 130-га бамбардзіровачнага авіяпалка ў небе над Бярозаўшчынай. Адным з ініцыятараў і арганізатараў стварэння залы была настаўніца гісторыі Ліна Іванаўна Карпінчык. Яе пачынанні падхапіла Святлана Аляксееўна Дземідовіч. Музей папоўнілі экспанаты, што апавядалі пра гісторыю станаўлення Белаазёрска, развіццё яго прадпрыемстваў, пра вядомых землякоў. Святлана Аляксееўна ўжо на пенсіі, але актыўна дапамагае ў пошукавай справе. Сёлета, дзякуючы і яе шчыраванню, былі знойдзены месцы падзення нашых самалётаў, падняты і перапахаваны рэшткі байцоў. За сваю працу Святлана Аляксееўна была ўзнагароджана мясцовымі ўладамі юбілейным медалём “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, — паведаміла дырэктар гімназіі Святлана Ула­дзіміраўна Саўко.

Святлана Сяргееўна Ведзянеева, у мінулым настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі, а цяпер выкладчыца нядзельнай школы пры царкве Серафіма Сароўскага, калі пайшла на пенсію, пачала вывучаць гісторыю нядзельнай школы. Гэта адна са старэйшых устаноў краіны, якая сёлета адзначыла 25-гадовы юбілей. Настаўніца зафіксавала кожны год дзейнасці школы, сабрала даныя пра поспехі і дасягненні кожнага вучня, звесткі пра настаўнікаў, іх ахвярную працу. Сабраны матэрыял стаў асновай для выдання даведніка “Гісторыя нядзельнай школы пры царкве Серафіма Сароўскага”. Сваёй працай Святлана Сяргееўна па­дзялілася з музеем, матэ­рыял будзе актыўна выкары­стоўвацца падчас правядзення экскурсій. Асобных слоў вартая шматгадовая краязнаўчая дзейнасць Галіны Васільеўны Скарыны, стваральніцы залы “Лянок” і залы Ніны Мацяш.

“Вось перад вамі букет з рознага калосся. Заўсёды пытаюся ў наведвальнікаў: “Дзе тут лён?” Ніхто з дзяцей адразу не дае правільны адказ, нават дарослыя. Наша задача паказаць гасцям усе этапы апрацоўкі лёну — гэтай важнай для нашай краіны агракультуры. У нашым жыцці ёсць цяжкасці, але мы нават не ўяўляем, як раней, гадоў 100 назад, людзям было цяжка жыць. Толькі апрацаваць лён — гэта ж колькі трэба патраціць сіл і часу! Спачатку лёну трэба было пакланіцца, бо ён, як кажуць у народзе, любіць паклон. Лён трэба было вырваць, абмалаціць, потым падняць і толькі пасля пачаць апрацоўваць”, — паведаміла Галіна Васільеўна.

Мемарыяльны комплекс “Здзітаўская абарона”.

Хоць у зале і знаходзяцца традыцыйныя прадметы побыту, аднак назваць музейную працу Галіны Васільеўны традыцыйнай нельга. Па-першае, аповед. Такую заха­пляючую экскурсію можна па­чуць хіба што ў Здзітаве. Але ж там вершы, а тут проза. Але якая проза! Словы з вуснаў педагога ліюцца лірычнай, звонкай песняй. Пра элементы адзен­ня, сімволіку ўзораў, багатую калекцыю ручнікоў, прадметы побыту і прылады працы — пра кожны прадмет, што акружае госця ў зале “Лянок”, у Галіны Васільеўны ёсць і загадкі, і прыказкі, і проста добрыя словы. Традыцыйнае — не значыць несучаснае. Многія элементы льнянога адзення, што захоўваюцца ў музеі, сучасным дзяўчатам і жанчынам не бу­дзе сорамна апра­нуць і пахваліцца імі перад сяброўкамі. А яшчэ пры­ходзіць на экскурсію ў залу “Лянок” варта з гаджэтамі, паколькі право­дзіцца экскурсія з выкарыстаннем тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. Наводзіш смарт­фон на малюнак ці фота­здымак раздатачнага матэрыялу — і на вялікім маніторы з’яўляецца відэа з этапамі апрацоўкі лёну. Традыцыі, аб’яднаныя з сучаснасцю, — усё гэта гісторыка-края­знаўчы музей гімназіі Белаазёрска, работа якога цяпер, дарэчы, вядзецца ў рамках інавацыйнага праекта “Укараненне ма­дэлі выкарыстання когнатэхналогій (тэхналогій дапоўненай рэальна­сці)з мэтай фарміравання грамадзян­ска-патрыятычнай кампетэнтнасці навучэнцаў”, кіраўніком якога з’яўляецца А.А.Мешчаракова, выкладчык Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Г.В.Скарына (справа) праводзіць экскурсію ў зале “Лянок” для С.У.Саўко і метадыста раённага вучэбна -метадычнага кабінета А.Р.Казак.

Шукай — абавязкова знойдзеш!

І няхай Бярозаўшчына не сла­віцца сваімі бярозавымі гаямі, а беластволыя прыгажуні не во­дзяць вялізныя карагоды на берагах Ясельды, завітаць у гэты маляўнічы край з багатай гісторыяй, безумоўна, варта. Ёсць дзясяткі нагод здзей­сніць падарожжа па бярозаўскай зямлі. Гэта і шматлікія помнікі гісторыі, архітэктуры, і прыродныя жамчужыны, і проста гасцінныя, працавітыя людзі. А калі вы ўсё ж пажадаеце сфата­графаваць у сонечны дзень на фоне блакітнага неба апранутыя ў залатое ўбранне бярозаўскія бярозы — удача вам абавязкова ўсміхнецца. Таму, хто шукае, яна заўсёды ўсміхаецца.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.