Дзе нараджаецца вучнёўскі інтарэс

- 15:50Людзі адукацыі, Рознае

Вучням настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 84 Першамайскага раёна Мінска Святланы Пятроўны АНІКЕЙЧЫК можна па-добраму пазайздросціць. Урокі, якія праводзіць педагог, — яркія, эмацыянальныя, запамінальныя, чаргаванне на іх розных відаў дзейнасці дазваляе пазбегнуць стомленасці і аднастайнасці ў рабоце, стымуляваць актыўнасць і ініцыятыўнасць малодшых школьнікаў, якія не толькі ўспрымаюць інфармацыю, але і самі ўдзельнічаюць у яе стварэнні. І дасягнуць гэтага ў многім дазваляе выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Святлана Пятроўна выкарыстоўвае ў рабоце інтэрактыўную дошку, прымяняючы як гатовыя праграмныя прадукты, так і ўласныя электронныя сродкі навучання. Дарэчы, работа па стварэнні электроннага дапаможніка “Дыдактычныя гульні па прадмеце “Чалавек і свет, 1 клас” адзначана прэміяй Мінгарвыканкама.

Артыст, скульптар, урач

“Чаму я выбрала прафесію настаўніка? Гэтае пытанне я задавала сабе неаднойчы. Але, мабыць, адказу на яго не ведаю да сённяшняга дня, — гаворыць Святлана Пятроўна. — Магчыма, таму што мой бацька быў настаўнікам гісторыі, дырэктарам школы. У дзяцінстве мне падабалася глядзець, як ён вечарамі рыхтуецца да ўрокаў, перагортвае падручнік, чытае дадатковую літаратуру. Я ведала, што заўтра ён раскажа сваім вучням тое, чаго яны не ведаюць. Мне ён здаваўся крыху чараўніком, які адкрывае для сваіх вучняў невядомыя ім таямніцы. А магчыма, таму што настаўнікі, якія вучылі мяне, разбудзілі ўва мне прагу пазнання новага і жаданне падзяліцца гэтымі ведамі з іншымі. Таксама, як яны дзяліліся ведамі са мной. А магчыма, таму што гэтая прафесія была знаёма мне з дзяцінства, і мне здавалася, што я аб ёй усё ведаю. Але я памылілася. Калі пачала працаваць у сельскай малакамплектнай школе адначасова з двума класамі, зразумела, што ведаю я пра сваю прафесію вельмі мала…
Думаю, дакладна напісаў аб настаўніку С.Салавейчык: “Ён — артыст, але яго слухачы і гледачы не апладзіруюць яму. Ён — скульптар, але яго работы ніхто не бачыць. Ён — урач, але яго пацыенты рэдка дзякуюць яму за лячэнне і далёка не заўсёды хочуць вучыцца”.
Вядома, што вучыць лягчэй, радасней і больш вынікова таго, хто хоча вучыцца, хто праяўляе інтарэс да ведаў, пазнавальную актыўнасць. Таму першачарговай сваёй задачай С.П.Анікейчык лічыць абуджэнне ў дзецях інтарэсу да пазнання новага, выкарыстоўваючы пры гэтым як традыцыйныя, так і інавацыйныя тэхналогіі навучання. Перавага аддаецца праблемнаму і развіццёваму навучанню, праектнай дзейнасці, тэхналогіі калектыўнай мыслядзейнасці, навучанню ў супрацоўніцтве і г.д.
Настаўніца пераканана, што калі дзіця выхоўваецца ў цярпімасці, яно вучыцца разумець і прымаць іншых, калі яго падбадзёрваюць, яно вучыцца верыць у сябе. Калі дзіця хваляць, яно вучыцца быць удзячным. Калі пачатковец расце ў сумленнасці, ён вучыцца быць справядлівым. Калі дзіця расце ў бяспецы, яно верыць у людзей. А для гэтага настаўнік не павінен быць абыякавым да сваіх вучняў.
Абапіраючыся на характар дзіцяці, улічваючы яго індывідуальныя асаблівасці, схільнасці і здольнасці, Святлана Пятроўна і будуе вучэбны працэс. “Адно дзіця выйшла да дошкі расказаць верш і захвалявалася, забылася на некаторыя радкі. Ды не таму, што не вывучыла! Такому дзіцяці можна даць шанс яшчэ раз адказаць. А ёсць і такія дзеці, якія просяць паўтарыць верш проста таму, што яны яго не давучылі. І калі такое паўтараецца з урока ва ўрок, то магчымасці адказаць яшчэ раз у іх ужо не будзе”, — заўважае настаўніца.

Сфера інтарэсаў дзяцей

Ужо больш за дзесяць гадоў Святлана Пятроўна выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі. “Дзеці, якія прыходзяць у першы клас, часта ўзаемадзейнічаюць з камп’ютарам больш свабодна, чым многія педагогі. Яны маюць самыя сучасныя мадэлі сотавых тэлефонаў, смартфоны. Выкарыстанне сродкаў высокіх тэхналогій ляжыць у сферы інтарэсаў дзяцей. І настаўнікам як можна часцей трэба абапірацца на гэты інтарэс як натуральны рухавік дзіцячых паводзін”, — лічыць настаўніца.
Добра запомніўся С.П.Анікейчык першы вопыт работы з электроннымі сродкамі навучання. На той час яна працавала ў пачатковай школе № 198 і апрабіравала вучэбна-метадычны комплекс “Школьны настаўнік” — адзін з першых на беларускім рынку праграмны прадукт вучэбнага характару для пачатковай школы. Клас быў падзелены на 2 групы: эксперыментальную і кантрольную. З эксперыментальнай групай настаўніца займалася ў камп’ютарным класе, а з кантрольнай — у звычайным класе з крэйдай і дошкай. І ўжо тады было відавочна, што ІКТ выклікаюць у пачаткоўцаў вялікі інтарэс, увага малодшых школьнікаў не рассейваецца, а становіцца больш сканцэнтраванай, яны добра засвойваюць вучэбны матэрыял.
Сёння пры падрыхтоўцы да ўрокаў С.П.Анікейчык стварае відовішчныя прэзентацыі, слайд-шоу з элементамі графікі, гуку, відэа, мультымедыя, гіпертэксту, працуе з рэсурсамі інтэрнэту, выкарыстоўвае гатовыя вучэбныя праграмы і стварае ўласныя аўтарскія электронныя рэсурсы. ІКТ настаўніца прымяняе на розных уроках, але асабліва эфектыўна — на занятках па курсе “Чалавек і свет”, на літаратурным чытанні, працоўным навучанні і выяўленчым мастацтве. Вельмі дарэчы іх прымяненне і на ўроках пазакласнага чытання.
“Са мной пагодзяцца калегі, што падрыхтоўка да ўрокаў пазакласнага чытання займае шмат часу. Хочацца зрабіць урок больш разнастайным, непадобным на звычайны, каб у вучняў з’явілася жаданне чытаць, і калі ты загадзя не паспеў штосьці падрыхтаваць, то напярэдадні ўрока будзе вельмі складана гэта зрабіць якасна, — адзначае С.П.Анікейчык. — Ды і мне чамусьці лягчэй скласці план нетрадыцыйнага ўрока, дзе не трэба дасканала вытрымліваць структуру класічнага ўрока, дзе праяўляецца больш творчасці і фантазіі як навучэнца, так і настаўніка. Урокі-падарожжы, урокі-казкі, урокі-віктарыны мне асабліва падабаюцца. У выніку быў распрацаваны электронны метадычны дапаможнік для настаўнікаў пачатковых класаў па пазакласным чытанні для 4 класа”.
Электронны дапаможнік адпавядае вучэбнай праграме і складаецца з 9 урокаў, сярод якіх “Великие сказочники мира”, “В стране Журналии”, “Сказки — несказки”(В.Біянкі). Усе ўрокі змяшчаюць план-канспект, займальны матэрыял у выглядзе прэзентацый, слайд-шоу, гульняў і бібліятэку твораў. Так, напрыклад, у раздзеле “Великие сказочники мира” малодшым школьнікам прапануецца інтэрактыўная гульня “Дапамажыце Бабе Язе”, якая накіравана на займальную і хуткую праверку ведання дзецьмі казак А.С.Пушкіна.

Інфарматыўная інтэрактыўная

Сапраўднай знаходкай для настаўніцы стала інтэрактыўная дошка, устаноўленая ў класе два гады назад. Яна ў адрозненне ад звычайнага мультымедыйнага праектара дазваляе не толькі дэманстраваць слайды і відэа, але і маляваць, чарціць, наносіць на выяву, якая праецыруецца, занатоўкі, уносіць любыя змяненні і захоўваць іх у выглядзе камп’ютарных файлаў. На дошцы можна размяшчаць розную колькасць разнапланавай інфармацыі (схемы, табліцы, тэксты, анімацыі і г.д.). Зробленыя змяненні можна захоўваць і выкарыстоўваць шматразова. Усё гэта робіць працэс навучання яркім, наглядным і дынамічным.
Выкарыстоўваць інтэрактыўную дошку Святлана Пятроўна пачала менавіта на ўроках па прадмеце “Чалавек і свет” у першым класе. Шасцігодкі вельмі эмацыянальна адгукнуліся на прысутнасць інтэрактыўнай дошкі на ўроку. Выйсці і папрацаваць каля яе хацеў кожны вучань без выключэння. Работа на дошцы ўносіла гульнявы момант, а для першакласнікаў гэта вельмі важна.
Як вядома, вядучымі метадамі работы на ўроку “Чалавек і свет” з’яўляюцца назіранне ў прыродзе, у класе, экскурсіі, мэтавыя прагулкі, практычныя работы. Аднак ва ўмовах класных заняткаў не заўсёды магчыма непасрэдна назіраць, бачыць прадметы і з’явы ў натуральным стане. А інтэрактыўная дошка адкрывае для настаўніка новыя магчымасці. У працэсе навучання С.П.Анікейчык выкарыстоўвае інтэрактыўную дошку як звычайную для работы ў класе (толькі крэйда заменена маркерам), як дэманстрацыйны экран (паказ слайдаў, нагляднага матэрыялу, фільмаў) для візуалізацыі вучэбнай інфармацыі, якая вывучаецца; як інтэрактыўны інструмент, які рэагуе на дзеянні рукі чалавека ці спецыяльнага маркера пры выкананні практычных заданняў.
У працэсе работы з інтэрактыўнай дошкай на вучэбных занятках па прадмеце “Чалавек і свет” назапасіўся наглядны дэманстрацыйны і дыдактычны матэрыял, які настаўніца аб’яднала і класіфікавала з дапамогай праграмы AutoPlay Media Studio. Акрамя таго, стымулам для стварэння ўласнага ЭСН паслужыла адсутнасць падобных сродкаў навучання з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі.
Праграмны прадукт складаецца з пяці раздзелаў у адпаведнасці з вучэбнай праграмай. Матэрыял кожнага раздзела падзелены на дзве часткі: “Гульні і заданні да ўрокаў” (забяспечвае наглядную і дыдактычную падтрымку) і “Метадычная скарбонка” (змяшчае дадатковы матэрыял: карткі для работы ў групах, парах, загадкі, вершы, крыжаванкі, прэзентацыі). Напрыклад, на ўроку па тэме “Жыццё дзікіх жывёл зімой” малодшым школьнікам прапануецца верш у карцінках “Хованкі ў лесе”, гульня “Засяліце зімовы лес” (выбраць прадметныя карцінкі з выявай жывёл, якія вядуць зімой актыўны лад жыцця).
Як адзначае настаўніца, прадстаўлены ў ЭСН матэрыял можна ўмоўна падзяліць на дзве групы: дэманстрацыйны — навучэнцы з’яўляюцца назіральнікамі (напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Змяненні ў працы людзей у розныя поры года” выкарыстоўваецца вучэбны фільм “Праца людзей восенню (зімой, вясной)”); інтэрактыўны (практычны) — малодшыя школьнікі ма юць магчымасць не толькі глядзець прэзентацыі, але і выконваць практычную работу, мяняць сцэнарый.
“Аб’екты на інтэрактыўнай дошцы лёгка змяняюцца і перамяшчаюцца, — заўважае С.П.Анікейчык. — Гэта дазваляе на этапе замацавання атрыманых ведаў змадэляваць праблемную сітуацыю, у якой неабходна сістэматызаваць інфармацыю, выправіць памылкі, знайсці адпаведнасць, перасоўваючы аб’екты. Для падтрымання інтарэсу да вучэбнага матэрыялу выкарыстоўваюцца такія прыёмы, як устанаўленне адпаведнасці; класіфікацыя і сарціроўка; групоўка; запаўненне пропускаў; выбар выявы; знайдзі лішняе; выпраў памылкі. Так, напрыклад, навучэнцам прапаноўваецца дапамагчы Нязнайку выбраць адзенне для прагулкі восенню і зімой альбо вызначыць, якім прадуктам харчавання будуць рады зубкі”.
Для больш глыбокага эмацыянальнага ўспрымання навучэнцамі таго ці іншага матэрыялу настаўніца прымяняе такія метады і прыёмы, як назіранне за прыгажосцю прыроды, выкарыстанне яркага і вобразнага слова літаратурнага твора, сродкаў музыкі і выяўленчага мастацтва. Напрыклад, слайд-шоу “Поры года ў карцінах рускіх мастакоў” дэманструецца ў суправаджэнні музыкі П.І.Чайкоўскага альбо дзецям прапануецца прэзентацыя з агучваннем верша Ф.Цютчава “Есть в осени первоначальной…”. Як заўважае педагог, выявы, выведзеныя на вялікі экран, ды яшчэ з музычным суправаджэннем, заварожваюць дзяцей, абвастраюць іх увагу, ствараюць спрыяльны эмацыянальны настрой на ўроку. У цэлым з выкарыстаннем ІКТ успрыманне вучэбнага матэрыялу адбываецца актыўна, павышаецца ўвага, інтарэс да прадмета, паляпшаецца разуменне, запамінанне становіцца больш трывалым.
У сувязі з гэтым у Святланы Пятроўны шмат задумак па далейшым выкарыстанні ІКТ у адукацыйным працэсе. Настаўніца плануе распрацаваць электронныя дапаможнікі па пазакласным чытанні для 1—3 класа, па курсе “Чалавек і свет” для 2—4 класа, інтэрактыўныя плакаты па рускай мове, якія дазволяць малодшым школьнікам сістэматызаваць вывучаны матэрыял. Прычым, як лічыць С.П.Анікейчык, патрэбна ствараць не адзінкавыя распрацоўкі, а цэлыя вучэбна-метадычныя комплексы, якія б уключалі і распрацоўкі ўрокаў, і іх камп’ютарнае суправаджэнне (дэманстрацыйны, практычны матэрыял), і рабочы сшытак для дзяцей — каб у школьнікаў быў перад вачыма раздатачны матэрыял. Акрамя таго, ёсць у педагога ідэя стварыць электронны рэсурс — своеасаблівую дошку аб’яў для бацькоў навучэнцаў, дзе можна змяшчаць усю неабходную інфармацыю. А на гэта, безумоўна, патрэбен час, якога так катастрафічна не хапае.

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.