Дзелячыся цяплом…

- 10:52Нашы дзеці

Па ўсёй краіне гэтымі днямі працягвае саграваць маленькія сэрцы дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Не абысці ўвагай ні адно дзіця — місія ўсіх яе ўдзельнікаў. Дарослыя імкнуцца падарыць кожнаму імгненні радасці і веру ў тое, што цуды здараюцца!

Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” стала добрай традыцыяй і ў нашай установе дашкольнай адукацыі. 8 студзеня 2018 года педагогі дзіцячага сада наведалі дзяцей, якія навучаюцца ў дзяржаўнай установе адукацыі “Круглянскі цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі” ў рамках сацыяльнай акцыі “Рабі дабро”. Супрацоўнікі, выхаванцы і іх бацькі сабралі для навучэнцаў і выхаванцаў цэнтра падарункі: канцылярскія прылады, мяккія цацкі, развіццёвыя гульні, кнігі, размалёўкі, календары. Таксама дзецям перадалі плакат “Рабі дабро”, выкананы рукамі выхаванцаў дзіцячага садка, і павіншавалі дзяцей і педагогаў цэнтра з Калядамі і Новым годам, пажадалі моцнага здароўя, поспехаў і дабрабыту. Безумоўна, такі нечаканы сюрпрыз дзецям спадабаўся. Гэта было відаць па іх шчаслівых вачах. А мы, у сваю чаргу, вельмі ўдзячныя нашым супрацоўнікам і бацькам выхаванцаў, якія ўзялі ўдзел у такой выдатнай акцыі!

Вядома, дабрачынныя акцыі важныя для тых, дзеля каго арганізаваны. Але не меншы ўплыў аказваюць і на саміх удзельнікаў акцый. Дзеці вучацца эмацыянальнай спагадлівасці, паважліваму і добразычліваму стаўленню да наваколля, пачуццю суперажывання. У іх фарміруецца ўменне правільна ацэньваць не толькі ўласныя ўчынкі. Дарослыя зноў вучацца быць шчырымі ў праяве пачуццяў, не саромецца іх. А, самае галоўнае, мы вучым нашых дзяцей заставацца чалавечным у любой сітуацыі, вучым дабрыні і любові. Бо як гэта прыемна — рабіць дабро іншым!

Новы год — час здзяйснення жаданняў, Каляды — пара цудаў. Такія банальныя фразы даводзіцца чуць усё часцей. Але задумайцеся: хіба для таго, каб здзейсніць добрую справу, трэба зазіраць у каляндар? Падарыць радасць блізкаму, “намаляваць” на твары дзяцей усмешку вельмі проста. Няхай жа кожны з 365 дзён года будзе азораны ўсмешкамі нашых дзяцей. Бо ў нашых сілах дапамагчы паверыць у казку і здзейсніць мары!

Наталля ГОБАРАВА,
намеснік загадчыка ясляў-сада №7 г. Круглае Магілёўскай вобласці.