Некаторыя выпускнікі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта разам з дыпломам атрымліваюць і вершаў зборнік, дзе надрукаваны іх празаічны ці паэтычны твор. Для гэтага ім неабходна прайсці праз… “Катарсіс”. Менавіта такую назву носіць літаратурны клуб, які больш за 20 гадоў дзейнічае ва ўніверсітэце.
У весь гэты час на чале літаратурнага аб’яднання стаіць старшы выкладчык кафедры рускай і беларускай моў, а зараз і намеснік дэкана медыка-псіхалагічнага факультэта па выхаваўчай рабоце Віктар Іванавіч Варанец. Перш чым пачаць аповед пра клуб, ахарактарызуем яго кіраўніка.
Віктар Іванавіч Варанец у 1985 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Філолаг. Выкладчык рускай мовы і літаратуры і беларускай мовы і літаратуры”. З 1985 па 1990 год працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Раціцкай сярэдняй школе Гродзенскага раёна, з 1990-га па 1992-і — настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школе-гімназіі
№ 30 Гродна. З 1992 года па цяперашні час працуе ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.
Аўтар больш як 80 навуковых артыкулаў, 12 вучэбных дапаможнікаў, адзін з якіх — з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і адзін — з грыфам вучэбна-метадычнага аб’яднання, 6 даведачных выданняў, 5 электронных вучэбна-метадычных комплексаў. У рэйтынгу выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта за 2018/2019 навучальны год заняў 3-е месца сярод супрацоўнікаў без навуковай ступені.
Актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю. В.І.Варанец — старшыня рэвізійнай камісіі прафкама ўніверсітэта, кіраўнік літаратурнага клуба “Катарсіс”, стваральнік і кіраўнік музея беларускай этнаграфіі ГрДМУ. Аўтар гімна Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Чалавек года Гродзеншчыны 2013 года. Узнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
У 2011 годзе выдаў першы ў гісторыі беларускай лексікаграфіі “Руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў”. У 2018 годзе — першы ў Беларусі дапаможнік “Беларуская мова. Прафесійная лексіка для медыкаў” з грыфам Міністэрства адукацыі. Аўтар дзвюх тыпавых вучэбных праграм па беларускай мове. Рэдактар і суаўтар чатырох калектыўных літаратурных зборнікаў і аўтар двух персанальных.
Для Віктара Іванавіча найбольш блізкім жанрам стаў гістарычны, а галоўнай тэмай — любімы горад Гродна, хоць складае ён і вершы. Напісаў і пра золата Напалеона, і пра “маўклівы” сойм, і пра карону князя Вітаўта. Яго апавяданні занялі 1-е і 2-е месцы ў конкурсе газеты “Звязда”, іх друкавалі многія перыядычныя выданні. Захапіўся ён і драматургіяй. На Міжнародным літаратурным фестывалі “Славянская ліра” п’есы В.І.Варанца занялі 2-е і 3-е месцы.
Вось такая творчая і актыўная асоба аб’ядноўвае творчых і актыўных студэнтаў-медыкаў. А пачыналася ўсё ў 1999 годзе. У адзін з красавіцкіх вечароў сем студэнтаў тады яшчэ Гродзенскага медыцынскага інстытута сабраліся ў невялікай аўдыторыі на пятым паверсе галоўнага корпуса.
— Акрамя жадання пагутарыць з калегамі па пяры, пачытаць свае і паслухаць чужыя творы, ставілі перад сабой больш сур’ёзныя мэты: навучыцца прафесійнай тэхніцы вершаскладання, зразумець структуру празаічнага твора, асвоіць нялёгкую пісьменніцкую справу, — успамінае Віктар Іванавіч той дзень. — Менавіта таму на пасяджэнне былі запрошаны і два выкладчыкі-філолагі. Так з’явіўся на свет літаратурны клуб Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта.
Назва “Катарсіс” таксама з’явілася ў першы дзень. Прапаноў было многа, але ніводная не атрымала агульнай падтрымкі. І калі нехта сказаў, што пасля першага пасяджэння быццам бы нейкае прасвятленне і ўзвышэнне адбылося, усе згадзіліся: літаратурны клуб — “Катарсіс”. Паняцце гэтае мае не толькі філасофскі, эстэтычны змест, але і медыцынскі, што для будучых медыкаў было вельмі зразумелым.
І закіпела пісьменніцкая справа. А ўжо праз год выйшаў першы калектыўны літаратурны зборнік “Вечныя канікулы”, а колькасць членаў клуба вырасла да 20. Сталі складвацца і свае традыцыі. Так, штогод 1 верасня члены “Катарсісу” выступаюць перад першакурснікамі, расказваюць пра свой клуб і запрашаюць таленавітую моладзь у суполку творчых людзей медыцынскага ўніверсітэта
— Антон Чэхаў, Вікенцій Верасаеў, Міхаіл Булгакаў, Васілій Аксёнаў — гэта ўсё прадстаўнікі нашай прафесіі, — гаворыць стараста клуба студэнт 4 курса Мікіта Валько. — На маю думку, менавіта пісьменніцкая дзейнасць робіць урача больш чулым да чужога болю, праблем пацыентаў, спагадлівым. Медыцына — гэта мастацтва. А яшчэ я вельмі ўдзячны сваёй настаўніцы рускай мовы і літаратуры з роднай 7-й ваўкавыскай школы, якая сфарміравала культуру мовы і любоў да літаратуры.
Мікіта Валько:
“Хеніг Брант. Не ўсё тое золата, што блішчыць”
…Але, відаць, воляй лёсу ці проста па вялікай выпадковасці трэба было геру Бранту, закрануўшы рукой, сцягнуць з бутлі мешкавінны чахол.
Святло! Яркае святло! Яно заліло ўсё памяшканне сваім свячэннем і проста асляпіла Хеніга. Зваліўшыся з падстаўкі на падлогу, ён, часова пазбаўлены зроку, са шчаслівым, як у немаўляці, тварам машынальна закрыў яго рукамі.
Мігаценне, што прымроілася на дне колбы, стала найярчэйшым бляскам, бляскам шуканага металу. Мара стагоддзяў, мара незлічонага мноства алхімікаў, рамантыкаў, дзялкоў, шукальнікаў запаветнага спосабу атрымання золата з нічога…
— Для ўрача пісьменніцкая дзейнасць — гэта тая аддушына, дзякуючы якой ён не чарсцвее душой ад выгляду штодзённага болю і смерці. Гэта магчымасць духоўнай рэлаксацыі, такой неабходнай медыку. Гэта новыя тэмы для зносін, не звязаныя з асноўнай прафесіяй. Ну і вядома, любоў да літаратуры, — падкрэслівае Віктар Іванавіч.
Прыняць удзел у пасяджэннях клуба можа кожны жадаючы, незалежна ад творчых здольнасцей і пісьменніцкага вопыту. На пасяджэнні клуба прыходзяць са сваімі творамі і выкладчыкі ўніверсітэта: дэкан медыка-псіхалагічнага факультэта прафесар Таццяна Міхайлаўна Шамава, загадчык кафедры мікрабіялогіі Андрэй Ігаравіч Жмакін, загадчык кафедры педагогікі і псіхалогіі Святлана Леанідаўна Бойка і многія іншыя. У выніку адбываецца духоўнае яднанне былых і цяперашніх “катарсісаўцаў”.
Форма работы клуба вочна-завочная. Кожны аўтар адпраўляе свой твор кіраўніку клуба для дэталёвага разбору, пасля чаго атрымлівае поўную раскладку наяўных агрэ-хаў і недахопаў для наступнага выпраўлення. Таксама адзначаюцца творчыя знаходкі, станоўчыя моманты ў творах. Кожны аўтар мае права размясціць свой твор на сайце клуба, каб даведацца меркаванне калег па пяры, а таксама выказацца самому. Адзін-два разы на месяц члены клуба збіраюцца разам, каб абмеркаваць мерапрыемствы, якія ма-юць адбыцца, спланаваць работу на перспектыву, а таксама для правядзення літаратурных вечароў, квестаў і г.д. Праўленне клуба — гэта стараста клуба і чатыры кіраўнікі секцый паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі.
Тэматыка твораў членаў клуба вельмі разнастайная: класічная інтымная лірыка, фэнтэзі, гістарычныя, сацыяльна-філасофскія творы. Элементы будучай прафесіі накладваюць свой адбітак на творчасць удзельнікаў клуба. Практычна ва ўсіх творах у цэнтры ўвагі чалавек і яго маральны выбар у розных сітуацыях. Студэнты друкуюцца ў газетах і часопісах “Вячэрні Гродна”, “Эскулап”, “Маладосць”, удзельнічаюць у літаратурных конкурсах
— Паэзія — гэта эмоцыі, — гаворыць студэнтка 4 курса Яўгенія Хільмановіч. — Гэта вялікая частка майго жыцця.
Яўгенія — пераможца Рэспубліканскага конкурсу “Аўтограф”, 3-е месца заняла на конкурсе “Славянская ліра”.
Яўгенія Хільмановіч
Что может быть проще ромашек?
Да только весенние сны,
Когда пришиваешь кармашек
К подушке своей изнутри.
Что видишь ты там, мой чудесный?
И сможешь ли мне рассказать?
Как в полночь фонарик небесный
Расчертит молочную гладь.
Как белый кораблик беззвучно
Плывет по волнам пустоты,
Тебе обоснуют научно,
Что детство играет внутри.
Но мы сохраним в себе детство,
Ведь так, дорогой мой дружок?
Фантазии — лучшее средство,
Чтоб выйти на взрослый порог.
Члены літаратурнага клуба — людзі вельмі актыўныя. Дзявяты год праводзіцца адкрыты літаратурны конкурс “Катарсіс”, у якім удзельнічае моладзь з усіх куткоў Беларусі, а таксама з Польшчы, Расіі, Германіі. У красавіку штогод праводзіцца дзень “Катарсісу”, на якім падводзяцца вынікі конкурсу і ўсяго, што зроблена за год. Выпушчаны чатыры калектыўныя літаратурныя зборнікі: “Вечныя канікулы” — у 2000 годзе, “Гіпакратавы ваганты” — у 2008-м, “Вечар пятніцы” — у 2013-м, у мінулым годзе выйшаў зборнік “Менестрэлі Асклепія”.
Члены клуба паспяхова ўдзельнічаюць у розных конкурсах. У мінулым годзе “Катарсіс” пабываў на Дні беларускага пісьменства ў Слоніме, і яго ўдзельнікі прадставілі там свае творы.
З 2012 года “Катарсіс” прымае ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе літаратурнай творчасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі “Аўтограф” і заўсёды атрымлівае ўзнагароды. Найбольш паспяховым стаў 2018 год, калі гродзенскія студэнты заваявалі пяць дыпломаў І ступені, адзін — ІІ і два дыпломы ІІІ ступені ў розных намінацыях.
Па ініцыятыве членаў клуба ва ўніверсітэце створаны музей беларускай этнаграфіі. Адміністрацыя адвяла пад гэтыя патрэбы аўдыторыю, і сёння музей налічвае 273 экспанаты. Яго з задавальненнем наведваюць беларускія і замежныя студэнты. Штогод ва ўніверсітэце праводзіцца Дзень роднай мовы, падчас якога члены клуба выступаюць са сваімі творамі перад студэнтамі, праводзяць розныя квесты, ток-шоу.
Актыўна ўдзельнічаюць творчыя студэнты ва ўсіх універсітэцкіх мерапрыемствах: пішуць сцэнарыі для розных свят, іграюць ва ўніверсітэцкім тэатры, з’яўляюцца членамі каманд клуба інтэлектуальных гульняў. Традыцыйным стала наведванне дома-інтэрната псіханеўралагічнага профілю, дзе студэнты праводзяць літаратурныя сустрэчы. За апошні год правялі інтэрактыўную гульню “Пісьменнікі пра Гродна”, два флэш-мобы — “Літаратурны Гродна” і “Медыкі чытаюць Купалу” — і знялі два відэафільмы.
— Удзячны кіраўніцтву нашага ўніверсітэта за падтрымку, і асабліва рэктару прафесару Віктару Аляксандравічу Сняжыцкаму, — гаворыць Віктар Іванавіч. — Клубу выдзелена памяшканне для правядзення пасяджэнняў, аргтэхніка. Універсітэт заўсёды выступае спонсарам выдання ўсіх літаратурных зборнікаў “Катарсісу”.
У творчых людзей немагчыма не запытацца аб планах.
— У Гродне працуюць чытыры вышэйшыя навучальныя ўстановы, і да нас сталі звяртацца студэнты іншых універсітэтаў з просьбай прыняць іх у клуб “Катарсіс”. А можа, трэба зрабіць клуб міжуніверсітэцкім? — разважае В.І.Варанец. — А яшчэ хочацца ўсім пажадаць не губляць з часам тую паэтычную зорачку, якая сагравае душу і сэрца.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.