Дзень пісьменства — 2017 павінен стаць знакавай падзеяй

- 9:52Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым заявіла намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Качанава на пасяджэнні нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў Полацку.

Паводле слоў Наталлі Качанавай, Дзень беларускага пісьменства будучага года асаблівы, паколькі гэта год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і год 1155-годдзя Полацка. Гэтыя дзве падзеі павінны быць асноўнымі ў канцэпцыі Дня беларускага пісьменства, сказала віцэ-прэм’ер.

Полацк прымае Дзень беларускага пісьменства ўжо трэці раз. Знакавыя падзеі сталі вызначальнымі ў выбары месца правядзення мерапрыемства. На пасяджэнні арганізацыйнага камітэта былі вызначаны задачы для ведамстваў па падрыхтоўцы маштабнага свята, якое прапаноўваецца адкрыць у суботу, 2 верасня. “Не зусім правільна, калі, адкрыўшы раніцай у нядзелю свята, ужо вечарам мы яго закрываем. Гэта павінна быць працяглае мерапрыемства”, — лічыць Наталля Качанава.

На свяце, якое будзе доўжыцца два дні, будуць прысутнічаць не толькі мясцовыя жыхары, але і жыхары Наваполацка, мноства гасцей. Ключавая канцэпцыя свята павінна быць падрыхтавана ў студзені будучага года, сказала віцэ-прэм’ер. Свята павінна стаць знакавым і запамінальным як для гараджан, так і для гасцей.
Актыўная работа па падрыхтоўцы святочных мерапрыемстваў чакаецца з боку беларускіх пісьменнікаў. Пройдуць іх сустрэчы з чытачамі, у працоўных калектывах, з моладдзю, каб расказаць аб гісторыі краіны, беларускай мовы, змяненнях у сферы культуры.

Наталля Качанава таксама адзначыла, што ў гэтым годзе Дзень беларускага пісьменства ў Рагачове прайшоў на высокім узроўні: арганізаваны новыя праекты, праведзены шэраг цікавых мерапрыемстваў, шмат зроблена па добраўпарадкаванні горада, які прымаў свята.