Добрай традыцыяй для многіх устаноў адукацыі нашай краіны стала штогадовае святкаванне Міжнароднага дня міру, які мы адзначаем 21 верасня. Як прынята ў многіх іншых школах, наша Маларыцкая сярэдняя школа № 1 Брэсцкай вобласці праводзіць тэматычны тыдзень міру.
У гэтым навучальным годзе тыдзень стаў асабліва яркім і запамінальным як для дзяцей, так і для дарослых. На ўрачыстай лінейцы, прысвечанай адкрыццю тыдня, навучэнцы і педагогі далучыліся да сусветных акцый. Па ўсёй школе пракаціўся звон званочка, якія заклікае ўсіх задумацца пра тое, якім далікатным можа апынуцца мір, і таму трэба прыкласці ўсе намаганні, каб зберагчы яго.
У сапраўдную казку ператварыўся школьны двор пасля конкурсу малюнкаў на асфальце, дзе кожны з дапамогай малюнка хацеў падзяліцца з усімі сваім маленькім светам. Да мерапрыемства далучыліся не толькі дзеці, але і педагогі з бацькамі.
Як вядома, голуб з’яўляецца сімвалам міру. Таму нашы старэйшыя навучэнцы вырашылі падрыхтаваць сюрпрыз для малодшых, падарыўшы ім папяровых галубоў і прапанаваўшы ўпрыгожыць імі свае класы і школу. Навучэнцы школы хацелі падкрэсліць, што ўсім дзецям патрэбен мір, бо на нашай планеце, на жаль, ёсць яшчэ месцы, дзе грымяць залпы гармат, гінуць людзі – не толькі дарослыя, але і дзеці …
Мірны час – гэта дабро, якое дае нам магчымасць жыць шчасліва: вучыцца, працаваць, ствараць сем’і, рэалізоўваць свае рэлігійныя і грамадскія правы, расці маральна і духоўна. Менавіта таму так важна не забываць пра гэта, у падзяку за тое, што над намі мірнае неба.
Наталля ЯКІМЧУК,
педагог-арганізатар Маларыцкай сярэдняй школы № 1.