Дзмітрый Блізнюк: «Любіць зямлю, на якой працуеш»

- 14:39Моя гражданская позиция

Дырэктар Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна Дзмітрый Блізнюк за час педагагічнай дзейнасці пераканаўся, што ў сельскіх школах створаны ўсе ўмовы для развіцця дзіцяці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Са Слонімшчынай звязаны даўно, хоць нара­дзіўся ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. У 1975 годзе наша сям’я пераехала сюды, на радзіму баць­кі. Я скончыў Новадзявяткавіцкую сярэднюю школу, а затым, атрымаўшы фізкультурную адукацыю, прыйшоў працаваць сюды трэнерам. У мяне трапяткое стаўленне да гэтай мясцовас­ці, таму што ўсё тут мне роднае. Хочацца, каб вяс­ковыя школы жылі. І, вядома ж, хочацца, каб наша школа дасягала поспехаў, была на вяршынях рэйтынга, што нам і ўдаецца.

Моцныя спартыўныя традыцыі ўстановы адукацыі, прыклад педагога Леаніда Мацвеевіча Журовіча яшчэ з пачатковых класаў паўплывалі на маё захапленне бас­кетболам. Ідучы за сваёй марай, паступіў у фізкультурны інстытут, а пасля яго заканчэння стаў працаваць трэнерам, з 1996 года — у Новадзявяткавіцкай сярэдняй школе. У спорце нельга заставацца на месцы, трэба прагрэсіраваць. Гэтую сваю частку педагога-трэнера я перанёс на работу кіраўніка школы: ставіць задачы і дабівацца іх выканання.

Мая роля як дырэктара — ствараць умовы. Шмат часу прысвячаю ўдзелу ў розных праектах. У 2022 годзе ўдалося рэаліза­ваць праект па развіцці грамадскіх ініцыятыў, у выніку часткова абнавілі пляцоўкі на тэрыторыі школы, купілі пераносны баскетбольны шчыт. Гаворачы пра пос­пехі, хацелася б адзначыць, што з 2015 года мы працуем у розных інавацыйных праектах выхаваўчага характару. Займаліся гістарычнымі даследаваннямі, збіралі звесткі ў мясцовых жыхароў. Адзін з праектаў раскрываў нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў, цяперашні накіраваны на фарміраванне эмацыянальна-каштоўнасных адносін да гераічнага мінулага беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Самыя значныя поспехі ў краязнаўстве звязаны з работай школьнага народнага музея “Дыяменты даўніны”, на базе якога праходзіць уся краязнаўчая, навукова-практычная дзейнасць. Сіламі педагогаў на аснове гістарычных крыніц і ўспамінаў мясцовых старажылаў выдадзена кніга “Гісторыя аграгарадка Новадзявяткавічы са старажытных часоў да 2010 года”. Над ёй працавалі цудоўныя педагогі Васіль Ракуць і Таццяна Ракуць.

Асобная гордасць — спартыўныя поспехі нашых выхаванцаў. Школьная баскетбольная каманда тройчы ўдзельнічала ў спартакіядзе Саюзнай дзяржавы і двойчы займала прызавыя месцы: у 2019 годзе — 3-е і ў 2022 годзе — 2-е. Поспехаў шмат, мы стараемся працаваць у напрамку выніковасці нашай дзейнасці.

Стаўленне да роднай зямлі і ёсць патрыятызм. Выконваць свае працоўныя абавязкі так, як трэба. Рухацца наперад. Такія задачы стаўлю перад сабой і перад калектывам. І ўсё ў нас атрымліваецца.

У мяне педагагічная сям’я. Жонка Вольга Данілаўна — нас­таўніца беларускай мовы і літаратуры нашай школы. Старэйшы сын Аляксандр скончыў БДПУ па спецыяльнасці настаўніка фізічнай культуры і здароўя. Малодшы сын Уладзіслаў — прафесійны баскетбаліст, паводле рэйтынга з’яўляецца лепшым абаронцам Рэспублікі Беларусь, уваходзіць у нацыянальную зборную Беларусі па баскетболе.

Вельмі прыемна чуць меркаванні сыноў пра тое, што ў нашай краіне можна дасягаць вышынь у розных галінах дзейнасці, у тым ліку ў спорце. Радуе, што яны цэняць створаныя ў рэспубліцы магчымасці для моладзі.

Напэўна, я не рэалізаваў сябе ў спорце так, як хацеў, аднак мае трэнерскія намаганні паўплывалі на паспяховую кар’еру малодшага сына, трэніраваў абодвух сыноў. І я, і жонка заўсёды падтрымліваем сыноў і ганарымся іх поспехамі. Сам я да гэтага часу выступаю на спаборніцтвах у складзе ветэранскай каманды Гродзенскай вобласці па баскетболе, падтрымліваю сябе ў добрай спартыўнай форме.

Як выхаваць патрыёта? Спе­цыяльнай методыкі няма, але трэба быць шчырым самому. Я і педагогам кажу: штучна нічога не прыцягнеш. Калі ўнутры ёсць гэтае пачуццё, трэба дано­сіць яго дзецям. На кожным са сваіх урокаў геаграфіі, нават калі вывучаем тэму аб іншых дзяржавах, заўсёды праводжу паралелі з Беларуссю. Расказваю, якая ў нашай краіне прамысловасць, як развіваецца сельская гаспадарка, што нашы БелАЗы займаюць 30% сусветнага рынку, а “Беларуськалій” уваходзіць у тройку лідараў па вытворчасці калійных солей. І такіх прыкладаў вельмі шмат.

Мы з сям’ёй шмат падарожнічаем па Беларусі, любуемся маляўнічай прыродай. А калі малодшы сын з камандай быў у Мінску, расказваў, у якім захапленні легіянеры Краснадара засталіся ад Беларусі. І пра ўсё гэта расказваю школьнікам. Струнку душы дзіцяці можна закрануць менавіта такой размовай. Нядаўна праводзілі мерапрыемства, прысвечанае трагічнаму лёсу жыхароў вёскі Ала. У дзяцей слёзы на вачах, значыць, мы кранулі іх сэрцы. Было відаць, наколькі эмацыя­нальна педагог падаваў інфармацыю, як прапусціў яе праз сябе.

Наша ўстанова адукацыі з’яўляецца цэнтрам сацыякультурнага жыцця ў аграгарадку. Спартыўныя пляцоўкі, інвентар даступны кожнаму. Любое школьнае мерапрыемства праходзіць з запрашэннем бацькоў, мясцовых жыхароў. І ўсё гэта мае выхаваўчы патэнцыял. Калі мы, педагогі, бу­дзем імкнуцца зрабіць жыццё ў вёсцы больш прывабным, выступаць з рознымі ініцыятывамі, тады дарослыя застануцца ў гэтай вёсцы дзеля дзяцей, якім камфортна ў школе, бо для іх тут створаны ўсе ўмовы.

Упэўнены: пакуль ёсць школа, будзе жыць вёска.

Фота Ірыны АНІКЕВІЧ